Алімпіяда 10 клас. Лінгвістычныя заданні
Алімпіядныя заданні
1. Што вы прапанавалі б апрануць беларускай жанчыне, беларускаму мужчыну, а што падышло б і жанчыне, і мужчыну? Адказ патлумачце.
Андарак, бекеша, бравэрка, бурнос, вэлюм, магерка, намітка, паддзёўка, паланцін.
2. Абазначце ў словах корань і ўкажыце колькасць гукаў, з якіх ён складаецца.
Дагульваць, праяўленне, залеплены, краіна, сталічны, расплаўляць, патроены, уваскрашэнне, распазнаваць.
3. Вызначце тып даданай часткі ў наступных сказах.
- Я не заўважыў, калі мая сталасць настала.
- Добра, калі ў хаце чысціня і парадак.
- Не аслабяцца рукі на полі, калі поўна надзеі душа.
- Калі ўжо сонейка прыгрэла, Антось на полі кончыў дзела і выпраг коніка сівога, свайго памочніка старога.
4. Дакажыце, што кожная з прыведзеных прыказак і прымавак адзінкамі свайго лексіка-семантычнага складу адлюстроўвае нацыянальную культуру Беларусі.
- Ад жыгучкі трымай далей ручкі.
- Не заўсягды, як на Дзяды, а працы, як у нядзелю.
- Пазнаюць нашу дачку і па андарачку.
- Хіцер Зміцер, але і Саўка не дурны.
- Каму па каму, а каму два камы.
5. Выпішыце са сказаў перыфразы. Растлумачце іх значэнне. Вызначце сінтаксічную ролю.
- Скажы мне, варажбітка баравая, / Мо чула дзе, ці, можа, знаеш ты: / Калі да нас свабода завітае, / Калі з астрогаў вернуцца браты? (М. Танк).
- Хай раніца жыцця майго ўскрэсне, / Хай вечар мне жыцця ноч дапяе. (Я. Купала).
- Шумна прайшлі каля ўзлесся / Жніўныя тры караблі. (А. Астрэйка).
- Уся неабдымная імперыя дранцвела і дубела ад жахлівага палітычнага марозу. (У. Караткевіч).
Адказ аформіце ў выглядзе табліцы:
Перыфраза / Значэнне / Сінтаксічная роля
6. Пісьмова адкажыце на пытанні.
1) Якое слова ва ўсходнеславянскай (старажытнарускай) мове абазначала 10 000?
2) Якая моўная з’ява назіраецца ў наступным сказе?
Нязнайка на печы ляжыць, а знайка па дарожцы бяжыць.
3) Якую памылку не заўважылі рэдактары «Збору твораў» Уладзіміра Караткевіча ў наступным сказе?
На бярвеннях дзяўчаты запелі пра вячэрнюю стому сваю.
***
Глядзі адказы на алімпіядныя заданні на другой старонцы.
***
Старонка: 1 2
Падзяліцца з сябрамі
Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!


