Нашы сябры

Алімпіяда 10 клас. Лінгвістычныя заданні

Адказы на алімпіядныя заданні

1. Адно правільна ўказанае слова з тлумачэннем значэння — 1 бал, максімальная колькасць балаў — 10.

Жаночае адзенне.

Андарак. Паясное адзенне беларускіх жанчын — спадніца з шарсцяной ці паўшарсцяной саматканкі ў клетку або ў падоўжныя ці папярочныя палосы.

Вэлюм. Жаночы галаўны убор, лёгкае пакрывала з шоўку, цюлю, карункаў, якое спускаецца да плячэй, пояса, часам да ног. Вясельны вэлюм — частка шлюбнага убору. Мацуецца да вянка або іншага галаўнога убору.

Намітка. Даўні галаўны убор замужніх жанчын.

Паланцін. Жаночая накідка прамавугольнай формы, шылася з футра ці аздаблялася футрам, яе даўжыня роўная памерам вельмі вялікай шалі. У сярэдзіне XVII ст. графіня Палацінская паказала ўменне элегантна, не хутаючыся, ахавацца ад холаду з дапамогай невялікага покрыва з сабалёвых шкурак. Ад прозвішча і пайшла назва паланцін (палацін). Паланціны шылі з самага рознага футра.

Мужчынскае адзенне.

Бекеша. 1) Бекеш. Мужчынскае паліто старадаўняга крою са зборкамі ў таліі. 2) Шуба, пакрытая чым-небудзь.

Бравэрка. 1) Старадаўні мужчынскі доўгі аднабортны пінжак з даматканага сукна. Пярэднія полкі рабілі цэльнымі з дзвюма праразнымі і дзвюма накладнымі кішэнямі, спінку — з падразной шырокай гесткай, са швом пад гесткай і хлясцікам. Каўнер і барты адкладныя, рукаў завужаны ўнізе. У XIX — пачатку XX ст. была пашырана сярод заможных сялян, засцянковай шляхты. Пазней падобнае адзенне пад назвай марынарка бытавала ў сялян Заходняй Беларусі. 2) Верхняя кароткая мужчынская вопратка звычайна з аўчын, абцягнутых даматканым сукном.

Магерка. Старадаўні мужчынскі галаўны убор. Вядомы ў XVI — XIX стст. па ўсёй Беларусі. Магерка мела выгляд каўпака або ўсечанага конуса, да якога прышываўся з таго ж матэрыялу аколыш белага, шэрага, карычневага ці чорнага колераў. Насілі круглы год. Хадзіў нават такі выраз: «Беларус здымаў шапку толькі перад панам або перад сном».

Мужчынскае і жаночае адзенне.

Бурнос. Верхняе адзенне, вопратка беларускіх жанчын. Апраналі ў халоднае надвор’е. Насілі і мужчыны. Бурнос выконваў ролю дэмісезоннага паліто.

Паддзёўка. Кароткі каптан, адразны і прысабраны ў таліі, зашпільваецца на гаплікі, часам без рукавоў. Нешта падобнае да целагрэйкі ці ватоўкі, пададзяванае пад верхні кафтан ці паліто, каб цяплей было. Адсюль і назва: пададзець — паддзёўка. У горадзе насілі рабочыя, мяшчане, крамнікі, а таксама паны як найбольш зручную вопратку на паляванні. На мяжы XIX — XX стст. увайшла ў моду сярод творчай інтэлігенцыі — мастакоў, пісьменнікаў, журналістаў, асабліва ў пару народніцтва. Насілі жанчыны і мужчыны.

2. Адно слова — 0,5 бала, максімальная колькасць балаў — 4,5.

да-гуль-ваць (3), пра-jаўл-енне (4), за-лепл-ены (4), краj-іна (4), сталіч-ны (6), рас-плаўл-яць (5), па-тр-оены (5), у-васкраш-энне (7), распа-зна-ваць (3).

3. Адзін сказ — 0,5 бала, максімальная колькасць балаў — 2.

1) Дапаўняльная. 2) Дзейнікавая. 3) Умовы. 4) Часу.

4. Адна прыказка — 1 бал, максімальная колькасць балаў — 5.

Нацыянальная культура Беларусі адлюстроўваецца перш за ўсё ў назвах рэалій матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, жывёльнага і расліннага свету Беларусі, імёнах людзей, геаграфічных назвах, што згадваюцца ў моўных афарызмах, і г. д.

1) У прымаўцы ёсць слова жыгучка (разм.) — крапіва з дробным бледна-зялёным глыбока надрэзаным зубчастым лісцем, больш пякучая ў параўнанні са звычайнай крапівой, расце каля жылля, дарог паўсюдна на Беларусі.

2) Тут прыгадваецца слова Дзяды — дні ўшанавання нябожчыкаў у беларусаў, а таксама рытуальны абед або вячэра, якія наладжваюцца ў гэтыя дні.

3) Згадваецца андарак — народнае паясное адзенне беларускіх жанчын (спадніца, якая шылася з даматканай шарсцяной ці паўшарсцяной тканіны ў клетку або ў падоўжныя ці папярочныя палосы, малюнак утвараўся на вішнёвым, сінім, зялёным, а таксама чорным фоне тканіны).

4) Ужыты беларускія народна-гутарковыя формы мужчынскіх імёнаў: Зміцер — Цзмітрый, Саўка — Савелій.

5) Выкарыстана слова камы — дыялектная назва традыцыйнай стравы беларусаў — галушак з тоўчанай бульбы і мукі, якія начыняюцца грыбамі, кавалачкамі сала.

5. Адзін правільна запоўнены радок — 1 бал, максімальная колькасць балаў – 4.

Перыфраза / Значэнне / Сінтаксічная роля

варажбітка баравая / зязюля / зваротак

раніца жыцця і вечар жыцця / дзяцінства і старасць / дзейнікі

жніўныя караблі / камбайны / дзейнік

палітычнага марозу / рэпрэсій / дапаўненне (акалічнасць)

6. Адзін адказ — 1 бал, максімальная колькасць балаў — 3.

1) Цьма.

2) Антытэза.

3) У сказе няправільна ўжыты назоўнік бярвеннях. Згодна з нормамі, зборныя назоўнікі не маюць формаў множнага ліку, паколькі абазначаюць сукупнасць прадметаў: каменне, лісце, бярвенне. Правільна пабудаваны сказ можа мець наступны выгляд: На бярвенні дзяўчаты запелі пра вячэрнюю стому сваю або На бярвёнах дзяўчаты запелі пра вячэрнюю стому сваю.
 

Падрыхтаваў Уладзімір Куліковіч

 

Старонка: 1 2

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?