Нашы сябры

Гульня-конкурс па творчасці Янкі Купалы


Правілы правядзення конкурсу

Клас дзеліцца на чатыры каманды. Пераможцы першага і другога тураў прымаюць удзел у трэцяй гульні. Адначасова ў гульні ўдзельнічае дзве каманды. Кожная каманда адказвае на блок з чатырох пытанняў. Каманда мае права «рызыкаваць» — адказваць без падрыхтоўкі, тады яна атрымае 2 балы за правільны адказ. Калі каманда не жадае рызыкаваць, яна «гуляе» — мае 25 секунд на абмеркаванне адказу, у гэтым выпадку яна атрымае 1 бал за правільны адказ. Калі каманда дае няправільны адказ, на яе пытанне могуць адказаць сапернікі і атрымаць 1 бал за правільны адказ. Апрача таго, кожнай камандзе задаецца пытанне «з капелюша». Асістэнт вядучага выносіць склеены з кардону капялюш, у якім знаходзіцца кніга або часопіс, які з’яўляецца адказам на пытанне. Правілы адказу на «пытанне з капелюша» такія ж, як і на іншыя пытанні гульні. У так званых «тайм-аутах» вучні выконваюць вершы і песні на вершы Янкі Купалы, паказваюць урыўкі з яго п’ес альбо чытаюць вершы (у тым ліку і ўласныя), прысвечаныя Янку Купалу.

 

Першы блок пытанняў (у дужках прыведзены адказы)

1. У сям’і Луцэвічаў адной мовай карысталіся, калі прымалі гасцей, а другой — калі гутарылі ў сям’і і з суседзямі. Назавіце гэтыя мовы. (У сям’і захоўваліся шляхетныя традыцыі, таму і размаўлялі на польскай і на беларускай мовах.)

2. Прачытайце першы радок верша, які стаў творчым дэбютам паэта. На сёння гэты верш перакладзены на 20 моў свету. {«Мужык». Верш упершыню быў надрукаваны ў газеце «Северо-Западный край» 15 (28) мая 1905 г.)

3. Сімвалам долі беларускага народа ў творах паэта быў гэты музычны інструмент. Чаму можна сказаць, што ён стаў і сімвалам лёсу першага зборніка вершаў Янкі Купалы? («Жалейка». У Пецярбургу і ў Вільні на кнігу быў накладзены арышт.)

4. Назавіце, з якога верша гэтыя радкі:

Падымайся з нізін, сакаліна сям’я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі…

(«Маладая Беларусь».)

 

Другі блок пытанняў

1. Менавіта лета гэтага года было асабліва пленным у творчасці Янкі Купалы. Ён напісаў паэмы «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», п’есы «Прымакі», «Раскіданае гняздо». (1913 год.)

2. Шэрая папера, і тае было мала, вершы надрукаваны адзін на адным. Такі выгляд мела першая кніга Янкі Купалы, выдадзеная ў савецкі час. («Спадчына».)

3. З якім вершам А. Пушкіна часам параўноўваюць гэты верш Янкі Купалы, у якім ён падводзіць вынікі сваей 20-гадовай літаратурнай дзейнасці? (Верш «За ўсё…» даследчыкі параўноўваюць з вершам А. Пушкіна «Помнік».)

4. Назавіце, з якога верша гэтыя радкі:

Стаім мы перад будучыняй нашай
I ўсё варожым, сочым ейны ход…

(«Перад будучыняй».)

 

Пытанні «з капелюша»

1. Перпіыя вершы Янка Купала стварыў па-польску. На роднай мове ён пачаў пісаць пасля знаёмства з кніжкай «Дудка беларуская». У капелюшы знаходзіцца факсімільнае выданне гэтай кніжкі. (Кніжка Ф. Багушэвіча.)

2. У капелюшы знаходзіцца лісток з назвай твора, за які студэнты Пецярбурга падаравалі Янку Купалу гадзіннік. («Паўлінка».)

 

Тайм-аўт

Еўдакія Лось. У Вязынцы

Прыйшлі сябры ў Купалаўскі музей,

Прыйшоў балгарын, і паляк, і чэх,

I чуецца з расчыненых дзвярэй

Іх ціхі гоман, іх шчаслівы смех…

Прыйшлі паэты ў дом каля дубоў,

Равеснікі сівыя песняра, —

I вершы, дзе да роднага любоў,

Цікаўныя пачулі аж з двара.

Прыйшлі малыя ў дом яго стары —

Запахлі кветкі, Янкавы сябры…

 

Трэці блок пытанняў

1. Значэнне гэтай мясціны ў творчасці Янкі Купалы параўноўваюць са значэннем Міхайлаўскага для А. С. Пушкіна. (Акопы.)

2. Прачытаўшы гэты верш Янкі Купалы, Максім Горкі не мог устрымацца, каб не выказаць захаплення. Ён напісаў на рукапісе перакладу «Слаўна!» («Лён».)

3. У паэта ёсць этапныя творы, ад якіх вядзецца далейшы адлік яго творчасці. Такім творам для Янкі Купалы стала гэтая паэма, напісаная ў 1924 годзе. («Безназоўнае».)

4. Назавіце, з якога верша гэтыя радкі:

Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла…

(«За ўсё…».)

 

 

Глядзі працяг гульні-конкурсу па творчасці Янкі Купалы на другой старонке

Старонка: 1 2

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?