Нашы сябры

Інтэлектуальная гульня «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся»


Да ўрока неабходна размеркаваць вучняў на каманды. Кожная каманда па чарзе выбірае намінацыю з прапанаваных і, адпаведна, пытанне з пазначанай колькасцю балаў (ад 10 да 80). Калі каманда не здолее адказаць на пытанне, балы залічваюцца той камандзе, якая першая агучыць правільны адказ.

НамінацыяКолькасць балаў
1Дзяржава і яе сімвалы 1020304050607080
2Культурная спадчына 1020304050607080
3Песняры 1020304050607080
4У свеце народных традыцый 1020304050607080
5Крок у будучае 1020304050607080
6Зямля пад белымі крыламі 1020304050607080

Пытанні да інтэлектуальнай гульні

1. Дзяржава і яе сімвалы

10 б. Кожны год у нашай краіне ладзіцца шмат святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да розных памятных падзей. Летам мы адзначаем надзвычай важнае і любімае народнае свята. На яго заўсёды запрашаюць шмат гасцей з розных краін свету. Гэта свята сімвалізуе еднасць народа і дзяржавы, нашу самабытнасць. Адзначаецца яно ў дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскіх захопнікаў. Як называецца гэта свята і калі адзначаецца? (Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, або Дзень Рэспублікі – 3 ліпеня.)

20 б. Беларусь – незалежная дзяржава. Але наш народ паважае іншыя народы і ганарыцца братэрскімі сувязямі. У нашай краіне адзначаецца як свята Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Калі адзначаецца гэта свята? (2 красавіка.)

30 б. Кожная дэталь у гэтым дзяржаўным сімвале мае сваё значэнне. Зялёны колер тэрыторыі Беларусі ў залатых промнях узыходзячага Сонца гаворыць аб тым, што ўсе свае думкі грамадзяне скіроўваюць да Айчыны: гэта наша зямля, нам чужой не трэба. Але і сваёй не аддамо. Контур краіны знаходзіцца ў сярэдзіне сімвала, утворанага вянком з каласоў. Пра які дзяржаўны сімвал ідзе размова? (Герб.)

40 б. Наш сцяг мае тры колеры: чырвоны, зялёны, белы. Чырвоны колер служыць знакам Сонца, сімвалізуе братэрства. Зялёны колер – Прырода. Гэта палі, лясы краіны. Гэта колер дабра, росту, развіцця, дабрабыту і міру. Што сімвалізуе белы колер і арнамент? (Белы колер – колер свабоды, маральнай чысціні і мудрасці. Арнамент сімвалізуе працавітасць, народнае майстэрства.)

50 б. Гімн расказвае пра мінулае беларускага народа, у ім гучыць пажаданне славы, росквіту, вечнага жыцця Беларусі, заклік любіць і шанаваць Радзіму. Хто з’яўляецца аўтарам музыкі і тэксту Дзяржаўнага гімна? (Музыка Нестара Сакалоўскага, словы Міхася Клімковіча, Уладзіміра Карызны.)

60 б. Герб і сцяг Рэспублікі Беларусь прыняты ў выніку усенароднага галасавання 14 мая. Якога года? (1995-га.)

70 б. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – асноўны Закон краіны. У нашай краіне было прынята пяць канстытуцый.: у 1919 г., 1927 г., 1937 г., 1978 г. Калібыла прынята апошняя Канстытуцыя? (15 сакавіка 1994 года.)

80 б. Назавіце важнейшае права чалавека, якое замацавана ў Канстытуцыі. (Права на жыццё.)

2. Культурная спадчына

10 б. Назавіце нашу святую, якую здаўна шануюць як нябесную заступніцу беларускай зямлі, як асветніцу нашых продкаў. (Еўфрасіння Полацкая.)

20 б. У першага самастойнага ўладара Полацкага княства Рагвалода была дачка. Якімі трыма імёнамі называюць яе? (Рагнеда – Гарыслава – Анастасія.)

30 б. Назавіце імя друкара, год і горад, дзе пачалі друкавацца першыя кнігі на старабеларускай мове. (Ф. Скарына, 1517 г., Прага.)

40 б. Назавіце імя паэта-гуманіста эпохі Адраджэння, які паходзіў з сям’і паляўнічага. У 1518 г. у складзе польска-літоўскай дыпламатычнай місіі трапіў у Рым, дзе ў 1522 годзе стварыў свой лепшы твор – паэму-жамчужыну, прасякнутую любоўю да роднай зямлі. (Мікола Гусоўскі.)

50 б. Перанясёмся ў 1629–1680-я гг. На гэты час прыпадае дзейнасць славутага сына полацкай зямлі. Літаратурная спадчына паэта, драматурга, асветніка і філосафа даволі разнастайная: «Буквар языка славенскага…», «Рыфмалагіён», «Вертаград мнагацветны», камедыі, прытчы, казанні, рытуальныя прамовы-пропаведзі. Назавіце імя гэтага славутага дзеяча. (Сімяон Полацкі.)

60 б. Адзін з самых вядомых прадстаўнікоў свайго роду. Вялікі літоўскі гетман, адзін з прэтэндэнтаў на карону Рэчы Паспалітай. Мастак і цудоўны музыкант. Самы вядомы створаны ім паланез «Развітанне з Радзімай» носіць яго імя. (Міхаіл Клеафас Агінскі.)

70 б. Назавіце імя славутага мастака пачатку ХХ ст., які нарадзіўся ў Беларусі, жыў і ствараў палотны ў Пецярбургу, аўтара знакамітай карціны «Лютаўскі блакіт» (Февральская глазурь). (Ігар Грабар.)

80 б. Назавіце прозвішча скульптара, аўтара цудоўнага ансамбля на плошчы Якуба Коласа ў Мінску. (Заір Азгур.)

3. Песняры

10 б. Мой родны кут, як ты мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы!

Назавіце аўтара гэтых бессмяротных радкоў. (Якуб Колас.)

20 б. З творчасцю славутага песняра Янкі Купалы мы знаемыя з дзяцінства. Нас зачароўвае песня «Спадчына» на словы з аднайменнага твора. А ці памятаеце вы, дзе нарадзіўся пісьменнік? (У Вязынцы.)

30 б. Сапраўднае імя гэтага пісьменніка – Іван Фёдараў. Прыгодамі яго палескіх рабінзонаў цікавяцца падлеткі. Назавіце псеўданім – творчае імя пісьменніка. (Янка Маўр.)

40 б. Гэтага пісьменніка называюць гонарам і сумленнем беларускай літаратуры. Дыяпазон яго твораў шырокі і разнастайны: ад казкі « Нямоглы бацька» да рамана «Каласы пад сярпом тваім». У Віцебску яму пастаўлены помнік з надпісам «Быў. Есць. Буду». (Уладзімір Караткевіч.)

50 б. Паэт, які амаль усё жыццё правёў за межамі Радзімы, але лічыў сваім абавязкам пісаць творы на мове свайго народа. Лёс адвеў яму кароткі зямны век. Аўтар адзінага прыжыццёвага зборніка «Вянок». У 2007 г. адбыліся 90-я ўгодкі з дня смерці паэта. Назавіце яго імя. (Максім Багдановіч.)

60 б. Назавіце аўтара раманаў « Бацькаўшчына», «Зямля», «Пошукі будучыні». Дзяцінства яго прайшло ў весцы Цімкавічы на Капыльшчыне. (Кузьма Чорны.)

70 б. Пісьменнік, які з’яўляецца майстрам псіхалагічнага партрэта. Вайна наклала на яго творчасць глыбокі адбітак. Аповесці «Жураўліны крык», «Трэцяя ракета», «Сотнікаў», апавяданні « Сваякі», «Незагойная рана» ўражваюць глыбокім псіхалагізмам. (Васіль Быкаў.)

80 б. Назавіце пісьменніка – аўтара раманаў «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань». Дзе ён нарадзіўся? Які буйны твор гэтага пісьменніка прысвечаны вызваленню Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў? (Іван Мележ, веска Глінішчы Хойніцкага раёна. Раман «Мінскі напрамак».)

 

Глядзі працяг пытанняў да інтэлектуальнай гульні на другой старонке

 

Старонка: 1 2

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Водгукі на “Інтэлектуальная гульня «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся»”

  • Марыя:

    Добры дзень! Калі дазволіце, то хацелася б выказаць невялікае пажаданне. Усё ж такі сайт беларускамоўны і было б нядрэнна пераправяраць допісы, змешчаныя на старонках Добрага настаўніка. Толькі зайшоўшы на галоўную старонку, адразу кінулася ў вочы «… з якім ТРУДОМ даецца цяперашняму пакаленню вывучэнне роднай мовы», «Класны ЧАС «Мы — беларусы», «Глядзі працяг пытанняў да інтэлектуальнай гульні на другой СТАРОНКЕ» і гэдак далей. Пагадзіцеся, што такія памылкі не ўпрыгожваюць такі карысны і, сапраўды, добры рэсурс. Далейшых поспехаў!

    • Добры дзень, Марыя!
      Дзякуй за вашу ўвагу да нашага рэсурсу і заўвагі. Разам з вамі, нашымі неабыякавымі наведвальнікамі, і дзякуючы вам мы развіваемся, удасканальваемся, імкнёмся быць лепш.
      Усяго добрага!

Пакінуць водгук

Што шукаеш?