Нашы сябры

Іван Мележ. Людзі на балоце. Віктарына.


Пытанні для віктарыны (у дужках адказы)

1. Назавіце членаў сям’і Чарнушкаў (Ганна, яе бацька Цімох, мачыха Куліна, брат Федзька), Дзятлаў (Васіль, яго дзед Дзяніс, маці, брат Валодзька), Глушакоў (Халімон Глушак, сыны Яўхім і Сцяпан, жонка).

2. Чый гэта партрэт:

а) «… хлопец з хмурымі заспанымі вачыма, з калматай не то русявай, не то цёмнай чупрынай, з упартымі губамі»? (Васіля)

б) «Абедзве нізкарослыя, з кароткімі спрытнымі рукамі, абедзве як бы гладкія, мяккія. «Як булка», — успомнілася раптам, што сказаў… Яўхім. У абедзвюх на тварах, таксама мяккіх і светлабровых, быў добры лаігодны выраз, толькі у… ён быў больш ясны, чысцейшы. I давер’я было больш у вачах, і каса была гусцейшая, цудоўная, русявая, з водблескам золата каса»? (Хадоські і яе маці)

3. Якія мянушкі мелі Хадоська Нібыто-Ігната (Канапляначка), Дубадзел (Крывароты), Глушак (Корч), Хоня (Бацько і матка)?

4. Пра каго сказана так:

а) «Задзіра, ганарліўка, бацькава дачка», «кплівая і нядобрая», «крамяная дзяўчына», «пругкая ў хадзе, спрытная ў рухах», «з вільготна-цёмнымі, як спелыя вішні, вачыма, з шаўкавіста-чорнымі смелымі брывамі»? (Пра Ганну)

б) «Мужчына, гаспадар, старшы ў сям’і», «з выгляду быў падлетак, худы, даўгарукі, з тонкай шыяй, па хадзе, па прыгорбленай постаці — мужчына»? (Пра Васіля)

в) «…відны хлопец, з норавам, паважалі і пабойваліся яго — мала хто адважваўся пярэчыць»? (Пра Яўхіма)

г) «…быў выдатны, амаль легендарны чалавек, … меў тут такі аўтарытэт, якога, мабыць, не было ні ў аднаго не толькі валаснога, але і павятовага начальніка. Ен здзіўляў людзей многіх вёсак адвагай, адданасцю справе»? (Пра Шыбету)

д) «Пляцецца, як бы ледзьве кеўляе. Дзьмухне вецер — і, здаецца, паляціць, як пясчынка тая, рассыплецца, бы трухля… Яна глядзела ўслед, хоць не першы раз бачыла, дзівілася: ведала, пэўна, ветру такога ў свеце няма, які мог бы не тое, што сарваць з зямлі яго, хоць бы з ног збіць!..»? (Пра Халімона Глушака)

е) «Зялёны гэты хлопец ужо з найпершага маленства адчуў, што жыццё — не вясёлае, бесклапотнае свята, а найболып доўгі і клопатны будзень, што трэба цярпець. 3 усіх мудрасцей жыцця, ён, як адну з найпершых, уведаў — трывай, цярпі! Усім цяжка бывае, усе церпяць, цярпі і ты!»? (Пра Васіля ў час касьбы)

5. Да каго і хто звярнуўся чэрвеньскай раніцай у Куранях так: «Дзе ты, нячыстая сіла?!»? (Мачыха да Ганны, калі тая на хвілінку затрымалася з вядром вады ля калодзежа.)

6. Хто, каго і чаму так частаваў: «Маці падала аладку і кавалачак рудога сала, зірнуўшы на якое, …не ўтрываў. Маці падала яшчэ кавалачак, дадала некалькі ласкавых слоў, і сэрца малога палагаднела ад гэтай дабраты»? (Дзятліха сына Валодзьку, каб не рваўся на сенажаць.)

7. Хто, каму, пры якіх абставінах сказаў:

а) «Ён… супоню дома забыў»? (Ганна Васілю, калі той хацеў сцвердзіць сваю перавагу перад Ганнаю, абагнаў воз Чарнушкаў, едучы на сенажаць, і раптам парвалася супоня.)

б) «Я і сам — як жарабец неаб’езджаны! Мне кеб — хто пярэчыў?! Ды яшчэ дзеўка!.. Ну і — акрамя таго: не магу ж я на людзях паказваць, што я перад дзеўкай… разумееш?.. Ну, ніц, значыць, перад дзеўкай! Нішто, нуль! Уцяміла?.. Смяяцца з мяне будуць усе! Сабакі па завуголлі і тыя!.. Дайшло?»? (Яўхім Ганне, калі праводзіў яе пасля сутычкі ў гурце моладзі каля Грыбковай хаты.)

в) «Ты не бандыт, ты трус»? (Апейка Васілю, выслухаўшы расказ апошняга пра маслакоўцаў.)

г) «Але што мы за такая савецкая ўлада, калі нас свае баяцца павінны»? (Апейка Харчаву, калі той беспадстаўна трымаў Васіля пад арыштам, каб застрашыць вяскоўцаў.)

8. Пра які вечар у жыцці якіх герояў пісьменнік сказаў так: «Нічога асаблівага не было ў тэты вечар, але памяць пра яго грэла і трывожыла іх доўгія гады»? (Пра чэрвеньскі вечар на лузе, калі бацькі падаліся ў вёску на ноч і калі паміж Ганнай і Васілём успыхнула каханне, і яны гэта выразна ўсвядомілі.)

9. Хто з герояў і пры якіх абставінах спаслаўся на аўтарытэт газеты «Бедната»? (Яўхім, калі Васіль прыйшоў папрасіць вугольчык, каб распаліць вогнішча на лузе.)

10. Хто і чаму адно з летаў у сваім жыцці лічыў святам і песняй? (Ганна з Васілём, калі яны, моцна кахаўшы адзін аднаго, пасля цяжкай утомы ляцелі на спатканні і прастойвалі да раніцы, каб цалюткі дзень, працуючы, прагнуць новай сустрэчы.)

11. Хто, каму і чаму адмовіў у лыжцы мёду для хворага дзіцяці? (Васіль для Грыбка, ашчаджаючы кожную капейку, каб сэканоміць на гаспадарчыя справы.)

12. Хто, пры якіх абставінах, на каго «як бясстрашны коршак, грозна рынуўся на яго»? (Васіль, баронячы Ганну ад маслакоўца.)

13. Хто так думае, разважае, ацэньвае, каго:

а) «Калі ён падкажа, ён усё роўна як стане заадно з імі! Памагаты іх! …ён пасобіць, можа загубіць чалавека! Злачынец будзе! Не-не! Ён гэтага не зробіць! Не павінен зрабіць! Не стане іх хаўруснікам, хай і не з ахвоты!» (Ганна, калі Васіль павёў маслакоўцаў да селішча Ахрэма Грыбка, яе дзядзькі.)

б) «I вось… яму выдалася няшчасце весці сабой згубу. I ён вядзе. Бо што ж рабіць, няўжо ж самому на згубу аддацца? Хіба ж няпраўда, што свая сарочка бліжэй да цела? Хіба ж…, каб яму давялося, не зрабіў бы таго ж, што…, хіба ж палез бы на ражон, на смерць…»? (Васіль, калі ідзе пад дуламі абрэзаў маслакоўцаў да сядзібы Грыбка.)

в) «Рабіць — гэта: пот плыве на вочы, шыю, спіна чыгунее, рукі млеюць ад натугі, а ты не зважай ні на што, падчэплівай сноп пад перавясла, кідай на масток»? (Ганна ў час малацьбы ў Глушакоў.)

г) «Прынцэса! Каралева зрэбная! Галадранка!..»? (Яўхім пра Ганну, калі не дамогся свайго.)

д) Разважаў пра справядлівасць і прыйшоў да высновы, што яе няма. (Васіль пад арыштам у юравіцкай баковачцы.)

14. Якую песню заспявала Хадоська ў гурце моладзі на бярвеннях недалёка ад хаты Грыбка? (Любімую песню Івана Мележа «У канцы грэблі шумяць вербы…».)

15. Каго з герояў пісьменнік параўноўвае з маладзенькай рабінай, а каго з будылём ад сланечніка, які адзінокі астаўся зімаваць на агародзе? (Ганну; Васіля, калі той знаходзіўся пад арыштам.)

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?