Нашы сябры

Літаратурная віктарына. Васіль Быкаў. Жураўліны крык

Чый гэта партрэт?

1. «…Мужны, прысадзісты, шыракатвары, з рашучымі вачыма і цяжкімі сківіцамі».

2. «…Белабрысы, расшпілены на ўсе кручкі і гузікі, жулікаваты з выгляду хлопец».

3. «Худы, з запалымі грудзьмі, у кароткім, падпяразаным пад хлясцік шынялі, з забінтаванай шыяй і зашчаціненым тварам, баец меў вельмі ніякаваты выгляд. Адны толькі чорныя вочы пад тоўстымі шкельцамі акуляраў цяпер неяк ажылі і свяціліся адбіткам далёкай стрыманай думкі».

4. «Ён трошкі пабялеў, зябка ўздрыгваў і, каб суняць тую дрыготкую самоту, тужэй прыціскаўся да зямлі і мацней сціскаў ложа».

5. «…Зморшчыўся, нібы ад зубнога болю, і здзічэлым позіркам лыпаў па абшарах, шукаючы, пэўна, ратунку».

6. «Твар яго неяк раптоўна схуднеў, шчокі запалі, збялелі пад натапыраным шчаціннем, якое цяпер адразу пабольшала. Ён ляжаў на баку, адкінуўшы голаў у набрынялай крывёю павязцы, ўздрыгваў курчыўся ад болю і ціха варушыў вуснамі».

Хто з персанажаў аповесці…

1. «…не апраўдваўся і не пярэчыў але, бянтэжачыся ад непрывычнай вымовы, толькі няўклюдна горбіўся і без патрэбы папраўляў акуляры ў чорнай металёвай аправе»?

2. «…адстаў далека і ледзьве плёўся, зноў чытаючы на хаду сваю кніжку»?

3. «…не думаў тады, што яго могуць расстраляць раней, чым паспее стрэліць ён сам, ён не дужа хаваўся ў акопе і ўсё вёў, вёў ствалом за тым блізкім пярэднім ворагам, пакуль ён не параўняўся з бярозамі, і тады стрэліў»?

4. «…рушыў далей — моцны, эканомны і ўпэўнены ў рухах, з такім выглядам, быццам быў не камандзірам узвода, а па меншай меры камандзірам палка»?

5. «…прыпаў да прыклада свайго «дзегцяра», па-драпежнаму самкнуў над пераноссем шырокія густыя бровы і напружана сцяўся»?

6. «…размахнуўся з усяе свае немалое сілы і так ляпнуў гадзіннікам аб пашчэрбленую сцяну старожкі, што аж пасыпалася тынкоўка і з тонкім звонам разляцеліся ў бакі, пэўна, усе пятнаццаць каменьчыкаў»?

7. «…даўно ўжо прагаладаўся і хацеў есці, але на людзях усё не наважваўся рабіць гэта, бо тады трэба было б падзяліцца»?

8. «…зусім спалохаўся — ён адчуў упершыню, што сталася нешта непапраўна благое»?

9. «…мудрагеліста вылаяўся, пастаяў аддыхаўся і, заўзята папляваўшы на далоні, зноў пачаў працу»?

10. «…слаба размахнуўшыся, адну за адной шпурнуў пад гусеніцы абедзве свае цяжкія гранаты, але сам ні схавацца, ні адбегчы ўжо не паспеў»?

11. «…проста не бачыў паблізу нікога вартага, усё здавалася яму, што ён куды разумнейшы, вышэйшы густам, пачуццем, чым усе тыя, хто ў гэтым армейскім жыцці быў побач з ім»?

12. «…на бягу азірнуўся і яшчэ хутчэй замільгаў нагамі, відаць было, не затым ён пабег, каб спыняцца»?

13. «…амаль фізічна адчуў, як пакутна сутыкнуліся ў яго душы два варожыя неўразумелыя пачуцці — прагнасць паратунку, пакуль была на тое магчымасць, і свежая яшчэ, толькі што пазнаная і гордая рашучасць стрываць»?

14. «…схапіў адзіную сваю гранату, прыціснуўся спіной да дрыготкай сцяны траншэі і чакаў»?

 

Адказы

Чый гэта партрэт?

1. Карпенкі. 2. Свіста. 3. Фішара. 4. Глечыка. 5. Аўсеева. 6. Карпенкі.

Хто з персанажаў аповесці…

1 — 3. Фішар. 4 — 6. Карпенка. 7 — 8. Пшанічны. 9 — 10. Свіст. 11 — 12. Аўсееў. 13 — 14. Глечык.

 

Аўтар А. В. Солахаў

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?