Нашы сябры

Раённая алімпіяда па беларускай мове: лінгвістычны конкурс. 11 клас


1. Як вядома, у 20-я гады XX ст. пры распрацоўцы навуковай тэрміналогіі Навукова-тэрміналагічная камісія імкнулася пазбегнуць іншамоўных слоў і стварыць тэрміны на аснове лексікі народнай беларускай мовы. Аднак гэтае добрае імкненне ажыццявіць было даволі цяжка, паколькі ў кожнай навуцы складваюцца пэўныя традыцыі ў адносінах паміж нацыянальнай і інтэрнацыянальнай тэрміналогіяй. Вызначце і запішыце, якімі словамі прапаноўвалася замяніць у той час інтэрнацыянальныя навуковыя батанічныя тэрміны і тэрміны рускай мовы.

А) Асіміляцыя, бутон, клетка, гербарый, гібрыд, коп’епадобны, каробачка, кручок, паразіт, хларафіл.

Б) Гаплік, дзідаваты, зельнік, каморка, лістазелень, мяшанец, прысваенне, пупышка, пушачка, чужаед.

 

2. 3 прапанаваных сказаў выберыце толькі тыя, якія патрабуюць рэдагавання. Запішыце іх у адпаведнасці з літаратурнымі нормамі. Патлумачце свой выбар.

1) Вялікая колькасць беларускіх слоў, якія адсутнічаюць у сучаснай рускай літаратурнай мове, сустракаецца ў той ці іншай форме ў паасобных рускіх гаворках. 2) На сходзе чыгуначнікаў прысутнічала 200 чалавек. 3) Часта бывае так, што ў творы прысутнічаюць відавочныя прыкметы часу, а твор гэты ніяк не назавеш сучасным. 4) Самыя патрэбныя сведкі на судзе адсутнічалі.

 

3. Выпішыце са сказаў Янкі Купалы фразеалагізмы і вызначце, якія значэнні яны рэалізуюць.

1) Кіпіць работа, як нідзе, гарыць ажно яна ў руках, што знача праца ў грамадзе, які палёт, які размах! 2) Ралля падсохла, мяккай стала воўнай, ужо час узяцца за сявалку, у зямлю зярнят насыпаць жменяй поўнай. 3) У тры пагібелі гну спіну перад тым, хто сее мой пот. 4)Не ўзяць рукамі голымі таго жывога полымя, што, нібы агняцвет, вясёлымі саколамі над горамі, над доламі разносіць іскры ў свет. 5) Сеў, як той крыж на растаі, сярод пушч і поля, злажыў рукі і чакае ўсё нейкай долі.

 

4. Для гісторыкаў беларускай мовы, паводле назіранняў даследчыкаў, адной з важных крыніц яе вывучэння з’яўляюцца кітабы — творы беларускіх татараў на беларускай мове арабскім пісьмом. Аднак нават невялікія ўрыўкі гэтай пісьменнасці сведчаць пра некаторую недасканаласць арабскай графікі для перадачы асаблівасцей беларускай мовы. Прааналізуйце транслітарацыю ўрыўка кітаба 1771 года, выпрацаваную А. К. Антановічам, і выявіце, якія графічныя асаблівасці, уласцівыя сучаснай беларускай мове, адсутнічаюць у гэтым урыўку. Запішыце.

В пекле агну немаш … кожни чловек агну из гетаго света из сабой принесе и сам себе майе палиц … агон руками узевши насеце узлажич на каго мае жалевацисе … бо сам себе палиц не будзе … тилко од люд учинку знову да свайих слов приходзиш скора…

 

5. Займеннікі ніхто і ўсе — антонімы. Уявіце сабе такую маўленчую сітуацыю, у якой яны аказаліся б сінанімічнымі. Запішыце такое выказванне.

 

6. Аформіце тэкст у адпаведнасці з арфаграфічнымі і пунктуацыйнымі нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Запішыце. Вызначце стыль тэксту.

Аварскія паслы смуглыя са смал..нымі валасамі заплец..нымі ў косы апран(ен, ут)ыя ў ву..кае адзенне аздобле(н, нн)ае футрам былі чорныя як гракі. Галоўны пасол каржакаваты крываногі з вачамі быццам прарэза(н, нн)ымі асакой жмурыўся пры святл(у, е) паходні пільна прыглядаючыся да славянскіх княз(ей, ёў). Дабрабыт зразумеў пасол блізарукі і (між) вольна падумаў што такі чалавек мусіць бачыць далека душою інакш (не, ня)здолее дасягнуць пастаўле(н, нн)ай мэты. (3. Дудзюк)

 

7. Назавіце і выпішыце з тэксту да задання 6 усе канструкцыі, якія ўскладняюць простыя сказы.

 

8. Выпішыце з тэксту да задання 6 устарэлае(ыя) слова(ы) і патлумачце іх значэнне(і).

 

9. Вызначце асноўны сродак сувязі сказаў у тэксце да задання 6.

 

10. Тэкст для водгуку

Трэска з дома Шэкспіра

Прыйшлі майстры ў былы Шэкспіра дом,
Каб адрамантаваць вуглы старыя.
І іх сякераў перастук і гром
Абрушыўся на сцены векавыя,
Пашчэрбленыя часам і дажджом.
І разбудзіў дні Страдфарда былыя,
Калі паэт тут бегаў хлапчуком
І слухаў, як норд-ост шалёна вые.
Я ля майстроў спыніўся. Прывітаў.
Здзівіліся нямала, што з-за свету
Прыехаў, каб наведаць дом паэта.
Тут нехта з трэсак вогнішча расклаў.
Я асцярожна з іх адну падняў,
Якая аказалася санетам.
(Максім Танк)

 

Адказы на заданні лінгвістычнага конкурса глядзі на другой старонке

Старонка: 1 2

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?