Нашы сябры

Віктарына «Выдатныя дзеячы Беларусі»


І тур. Заданні: Пра каго так сказана? (у дужках адказы)

 

1. Яе аднолькава шануюць у Беларусі і праваслаўныя, і католікі. У “Малітве за беларускі народ” ёсць і такія словы: “Цябе, Прачыстая Багародзіца і наша нябесная Маці, просім: прычыніся за намі, а Ты, святая … – патронка Беларусі – ды ўсе святыя заступнікі Беларускага Народу, апякуйцеся намі, каб мы сталі народам святым, выконваючым Волю Божую і сваё пасланство…”. (Ефрасіння Полацкая.)

2. Імя гэтага полацкага князя мала вядома, але заслугі яго перад Полацкай дзяржавай вялікія. Ён княжыў 41 год. У 1021 г. хадзіў вайной на Вялікі Ноўгарад і захапіў яго, вывеў у Полацк шмат палонных. Яго сын Усяслаў таксама быў князем і палкаводцам. (Брачыслаў Ізяславіч.)

3. Бацька яго паходзіў з Навагрудскага павета, а сам ён нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў 1910 г. За рэвалюцыйную дзейнасць у Заходняй Беларусі двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. Удзельнічаў у распрацоўцы амерыканскіх касмічных праектаў, акадэмік міжнароднай акадэміі і астранаўтыкі ў Парыжы, доктар філасофіі. Яго навуковыя дасягненні былі высока ацэнены ў ЗША і Германіі. На сваёй Бацькаўшчыне стаў вядомым пасля таго, як Беларусь атрымала незалежнасць. Гэту вялікую падзею ён адзначыў прыездам на Радзіму, што выклікала хвалю публікацый, успамінаў, сустрэч з тымі, хто быў знаёмы з ім у маладыя гады. 3 1972 г. ён жыве ў Германіі. (Барыс Кіт.)

4. Нарадзіўся ў Навагрудскім павеце. Наконт таго, вучыцца ці не вучыцца, у яго сумненняў не было. Закончыў калегіум у Шчучыне, у 1816 г. паступіў у Віленскі універсітэт. Сябраваў з Янам Чачотам і Тамашам Занам. Дзякуючы ім ён стаў членам таварыства філаматаў, узяў сабе канспіратыўнае прозвішча “Жэгота”. Удзельнічаў у паўстанні 1830—1831 гг. у Беларусі. Вымушаны быў эмігрыраваць у Францыю, атрымаў прафесію горнага інжынера, а затым паехаў працаваць у Лацінскую Амерыку. (Ігнат Дамейка.)

5. Ён адносіцца да тых беларускіх дзеячаў шляхецкага паходжання, што ў другой палове XIX – пачатку XX ст. свае сілы і веды аддавалі справе развіцця беларускай культуры і абуджэнню беларускай нацыянальнай свядомасці. Свае літаратурныя і публіцыстычныя творы пісаў на беларускай і польскай мовах. Падрыхтаваў 10 тысяч гісторыка-краязнаўчых артыкулаў і нататак пра Беларусь для «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў», «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі». Ёсць падставы лічыць яго першым беларускім энцыклапедыстам. (Аляксандр Ельскі.)

6. Нарадзіўся ў Дрысенскім павеце Віцебскай губерні. Вядомы геолаг і географ. За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. здадзены ў салдаты, потым быў палітычны ссыльны. Склаў першую геалагічную карту ўзбярэжжа Байкала. Даследаваў басейны Калымы. Яго імем названы сістэмы горных хрыбтоў у Якуціі, Магаданскай вобласці і хрыбет у Забайкаллі. (Іван Чэрскі.)

7. Скончыў Віленскі універсітэт. Стварыў у родным маёнтку Лагойску музей старажытнасцей, сабраў архіў старажытных рукапісаў, каштоўную бібліятэку, займаўся археалагічнымі раскопкамі. Напісаў кнігу “Wilija і jеі brzegi” (Drezno, 1871). Адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцей. (Канстанцін Тышкевіч.)

8. Першы, хто распрацаваў тэорыю шматступеньчатай ракеты. Напісаў кнігу “Вялікае мастацтва артылерыі”. ”… неўзабаве я прысвяціў сябе дэталёваму вывучэнню такога мастацтва, — пісаў навуковец, – да якога меў такую вялікую прагу… Дзякуючы разумным парадам сяброў і ўласным роздумам я зразумеў, што ніколі не здолею дасягнуць пастаўленай мэты, калі буду вывучаць гэтае мастацтва без сістэмы… Для гэтага я вывучаў вельмі шмат навук… арыфметыку, геаметрыю з яе часткамі, механіку, а г. зн. статыку, гідраўліку, пнеўматыку, грамадзянскую і ваенную архітэктуру (г. зн. фартыфікацыю), графіку, оптыку і тактыку. Засвоіў я таксама пэўныя звесткі з фізікі, хіміі”. (Казімір Семяновіч.)

9. Яго называюць беларускім Мічурыным. Нарадзіўся ў 1885 г. у вёсцы Малыя Алашкі на Шаркаўшчыне, дзе стварыў цудоўны сад. Вывеў каля 50 гатункаў яблыні, каля 100 – грушы, 170 – слівы і іншых раслін. Памёр у 1966 г. (Іван Сікора.)

10. Вядомы кампазітар і музыкант. Нарадзіўся ў сям’і заможнай беларускай шляхты. Прымаў удзел у паўстанні 1794 г. пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Лозунг паўстанцаў “За нашу і вашу свабоду” ўспрыняў блізка да сэрца. На пачатку паўстання ён ахвяраваў 118 тысяч злотых на вайсковыя мэты, а таксама паставіў шмат прадуктаў харчавання, сукна і прадметаў першай неабходнасці. На ўласныя сродкі сфарміраваў у Вільні атрад колькасцю ў пяцьсот чалавек і разам з ім рушыў на тэрыторыю Беларусі. (Міхал Клеафас Агінскі.)

11. Грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф і пісьменнік. Першы беларус, які напісаў на беларускай мове “Кароткую гісторыю Беларусі”, выдадзеную ў Вільні ў 1910 г. У 1924 г. у Коўне надрукаваў “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік”. (Вацлаў Ластоўскі.)

12. Нарадзіўся ў вёсцы Камароўка Брэсцкага раёна. Першы з беларусаў стаў лётчыкам-касманаўтам у 1973 г. У 1991 г. яго прызначылі начальнікам Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. (Пётр Клімук.)

13. Таленавіты навуковец, які зрабіў вялікі ўклад у развіццё эканомікі і агранаміі Беларусі. Яго праца “Геаграфія Беларусі”, выдадзеная ў 1919 г. у Вільні, застаецца цікавай кнігай пра нашу краіну. Адзін з ініцыятараў стварэння БНР. У першым беларускім урадзе займаў пасаду народнага сакратара асветы. (Аркадзь Смоліч.)

14. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда 20 лютага 1918 г. прыняў Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад БНР – Народны сакратарыят. Старшынёй яго быў абраны журналіст, член Беларускай сацыялістычнай грамады. (Язэп Варонка.)

15. Удзельнік абароны Гомеля. Адзіны ў свеце лётчык-знішчальнік, якому ў 1941-1942 гг.. удалося тараніць 4 варожыя самалёты. У 1943 г. яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Правёў 127 паветраных баёў, збіў 28 самалётаў праціўніка. (Барыс Коўзан.)

16. 7 студзеня 1936 г. у Віленскім акруговым судзе разглядалася справа над 17 рэвалюцыянерамі Заходняй Беларусі. Туды пранік камсамолец, які выстраліў у правакатара. У час перастрэлкі з паліцыяй цяжка паранены. У 1936 г. яго прыгаварылі да пакарання смерцю, але ў выніку пратэсту працоўных многіх краін смяротны прыгавор замянілі пажыццёвым зняволеннем. Пра яго рэвалюцыйную дзейнасць знята кінастужка “Чырвонае лісце”. (Сяргей Прытыцкі.)

17. Выдатны савецкі беларускі кампазітар, нарадзіўся ў вёсцы Вешкі Докшыцкага раёна. Запісаў і апрацаваў больш за 500 беларускіх народных песень і інструментальных найгрышаў. Напісаў песні на словы многіх беларускіх паэтаў. Найбольш папулярныя песні “Песня пра Нёман” на словы Анатоля Астрэйкі і Дзяржаўны гімн БССР “Мы — беларусы” на верш Міхася Клімковіча. (Несцер Сакалоўскі.)

18. У час начнога вучэбнага палёту гэты лётчык адвёў сваю палаючую машыну ад вёскі Вялікае Гацішча Баранавіцкага раёна, а сам загінуў. Ён першы Герой Беларусі. (Уладзімір Карват.)
 
Глядзі працяг віктарыны «Выдатныя дзеячы Беларусі» на другой старонке

Старонка: 1 2 3

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?