Нашы сябры

Віктарына «Выдатныя дзеячы Беларусі»

ІІтур . Заданні і пытанні:

 

1. Назавіце князёў, якія заснавалі на тэрыторыі беларускіх зямель гарады, названыя іх імёнамі. (Яцвяжскі князь Петрык – Петрыкаў, Ізяслаў – Заслаўе, Брачыслаў – Браслаў, Барыс Усяславіч – Барысаў, князь Давыд Расціслававіч у гонар сына Мсціслава – Мсціслаў.)

2. Хто яны? Адзін з іх – сын полацкага купца Лукаша — выдаў у 1517 г. першую друкаваную кнігу на старабеларускай мове, другі — падканцлер Вялікага княства Літоўскага — выдаў Статут Вялікага княства Літоўскага ў 1588 г., а трэці — селянін з вёскі Касуты Вілейскага раёна — стаў украінскім гетманам, напісаў першую Канстытуцыю Украіны. (Францішак Скарына, Леў Сапега, Піліп Орлік.)

3. Гэты магнат далучыўся спачатку да лютэранства, а праз 2 гады перайшоў у кальвінізм і стаў лідэрам кальвіністаў у ВКЛ. Узначальваў дзяржаўную камісію па правядзенні аграрнай рэформы ў сярэдзіне XVI ст. (валочная памера). Канцлер і віленскі ваявода, адстойваў незалежнасць ВКЛ. (Мікалай Радзівіл Чорны.)

4. Беларускі скульптар, нарадзіўся ў 1811 г. у г. Сянно Віцебскай губерні. Стварыў бюсты гістарычных асоб і дзеячаў культуры Беларусі, Літвы і Польшчы: Яўстафія Тышкевіча, Тэадора Нарбута, Уладзіслава Сыракомлі, Канстанціна Ельскага, Юльяна Нямцэвіча і іншых. Яго творы зберагаюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. (Ян Астроўскі.)

5. Калі ў Варшаве на сойме разглядалася пытанне аб зацвярджэнні першага падзелу Рэчы Паспалітай, наш зямляк заклікаў дэлегатаў галасаваць супраць. 21 сакавіка 1773 г. ён лёг каля дзвярэй залы пасяджэнняў сойма і закрычаў: “Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!”. Загінуў ён трагічна. У яго дом выпадкова зайшоў рускі афіцэр, каб напіцца вады. Ён падумаў, што яго хочуць арыштаваць, і пакончыў жыццё самагубствам. Патрыёты ВКЛ прапаноўвалі аб’явіць яго нацыянальным героем. Стаў прататыпам галоўнага героя паэмы А.Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. У сярэдзіне XIX ст. у в. Грушаўка Навагрудскага павета быў устаноўлены яго бюст. Подзвігу патрыёта Ян Матэйка прысвяціў сваю карціну. Каму прысвяціў карціну Ян Матэйка і як яна называецца? (Тадэвушу Рэйтану. Карціна Матэйкі «Рэйтан — заняпад Польшчы».)

6. Назавіце аўтара трохтомнай працы “Беларусы”, якая выдадзена ў 1903—1922 гг. і з’яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства. (Яўхім Карскі.)

7. Дзе атрымаў сярэднюю адукацыю Іван Дамінікавіч Луцэвіч? (Іван Луцэвіч, вядомы ў народзе як Янка Купала, атрымаў адукацыю на курсах Чарняева для дарослых у Пецярбургу.)

8. Назавіце 10 вучоных і нацыянальных дзеячаў, якія ў першай трэці XX ст. паўплывалі на ўздым нацыянальнай свядомасці беларусаў і на станаўленне беларускай дзяржаўнасці. (Яўхім Карскі, Янка Купала, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Усевалад Ігнатоўскі, Зміцер Жылуновіч,Аркадзь Смоліч, Язэп Лёсік, Максім Багдановіч, Мітрафан Доўнар-Запольскі.)

9. Шырока вядомы раман-хроніка Аляксандра Салжаніцына «Архіпелаг ГУЛАГ», але мала хто ведае, што першы твор пра савецкія лагеры напісаў у 1937 г. на беларускай мове наш зямляк, журналіст і вядомы драматург. Яго як палітвязня савецкія ўлады абмянялі на зняволенага польскімі ўладамі Браніслава Тарашкевіча. Хто гэта? Як называецца яго твор? (Францішак Аляхновіч. “У кіпцюрох ГПУ”.)

10. Пасля стварэння кінафільма “Чапаеў” І.Сталін вырашыў, што ўкраінцы і беларусы таксама маюць права ўшанаваць сваіх герояў грамадзянскай вайны і пра іх варта расказаць у кінафільмах. “Украінскім Чапаевым” быў прызнаны Шчорс і пра яго стварылі кінафільм. У Беларусі героем грамадзянскай і савецка-польскай войнаў прызналі кіраўніка «Рудабельскай рэспублікі». Пра яго подзвігі напісалі ў 1930-я гг. кінасцэнарый, але кінафільма не стварылі, бо кіраўнік савецкай дзяржавы чамусьці ад сваёй ідэі адмовіўся. Чый подзвіг быў праслаўлены ў кінасцэнарыі? (Алеся Салаўя.)

11. Нацыянальным паэтам Расіі прызнаны Аляксандр Пушкін, кабзаром Украіны стаў Тарас Шаўчэнка. Беларусы таксама маюць нацыянальнага песняра, які нарадзіўся каля Радашковіч, што ў Маладзечанскім раёне. Назавіце яго літаратурны псеўданім і сапраўднае прозвішча і імя. (Янка Купала, Іван Луцэвіч.)

12. Беларускаму альпінізму больш за 200 гадоў. 3 ліпеня 1804 г. наш зямляк, прыродазнавец, аўтар працы “Мінералогія” выступіў на пасяджэнні французскай акадэміі ў Ліёне і паведаміў аб сваім узыходжанні на вяршыню Мон-Сені, што знаходзіцца ў французскіх Альпах. Хто з’яўляецца першым беларускім альпіністам? (Аляксандр Антоні Сапега.)

13. Гэтага чалавека, які нарадзіўся ў Капылі, у Беларусі ведаюць пад двума прозвішчамі і імёнамі. Быў рэдактарам газеты “Дзянніца”, з 1 студзеня 1919 г. — старшыня Часовага рэвалюцыйнага ўрада савецкай Беларусі. З’яўляецца пачынальнікам рабочай тэматыкі ў беларускай паэзіі і прозе. Над раманам “Сокі цаліны” працаваў 15 гадоў (1914-1929 гг.). Назавіце сапраўдныя імя і прозвішча дзяржаўнага дзеяча і яго літаратурны псеўданім. (Зміцер Жылуновіч, Цішка Гартны.)

14. У XVI Алімпійскіх гульнях у Мельбурне ў 1956 г. удзельнічалі 9 беларускіх спартсменаў. I толькі аднаму з іх удалося заваяваць сярэбраны медаль у спаборніцтвы па кіданні молата. Хто стаў першым беларускім прызёрам Алімпійскіх гульняў? (Міхаіл Крываносаў.)

 
Глядзі працяг віктарыны «Выдатныя дзеячы Беларусі» на наступнай старонке

Старонка: 1 2 3

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?