Нашы сябры

Віктарына «Выдатныя дзеячы Беларусі»

III тур. Заданні: Пра каго так сказана?

 

1. Адзін з першых шляхецкіх рэвалюцыянераў Беларусі. Працаваў пісарам, землямерам, бухгалтарам, сплаўшчыкам лесу. Аўтар маніфеста «Адозва да народа – агульных сабраццяў нашых». Выступаў супраць прыгоннага права, за роўнасць усіх саслоўяў, заклікаў народ яднацца і змагацца за вольнасць, выказваўся за дэмакратычную рэспубліку. У 1794 г. арыштаваны ў Пецярбургу. Ад смяротнай кары яго выратаваў пераход у праваслаўе. Пад імем Аляксея сасланы ў Салавецкі манастыр. (Іосіф Яленскі.)

2. Нарадзіўся на Навагрудчыне. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі, затым ва універсітэтах Кёнігсберга і Берліна. Быў дарадчыкам прускага караля Фрыдрыха ІІ. У 1760 г. напісаў трактат “Неабавязковы план хутчэйшага асваення абложных зямель Брандэнбургскай маркі”. Упершыню ўвёў у навуковы ўжытак слова “план”. Першы беларускі сацыяліст-утапіст, які апярэдзіў у сваіх поглядах сацыялістаў-утапістаў Л. Сен-Сімона, Ш. Фур’е, Р. Оўэна. (Сцяпан Міхаіл Аскерка.)

3. Нарадзілася ў Вільні. Жыла на Віцебшчыне. Збірала народныя песні. Спрабавала пісаць беларускія вершы. У 1831 г. арганізавала атрад паўстанцаў, сярод іх было шмат дзяўчат. Ёй было прысвоена званне капітана. Яе часта называюць беларускай Жаннай д’Арк. (Эмілія Плятэр.)

4. Прыродазнаўца, батанік, заолаг, адзін з першых даследчыкаў расліннасці Беларусі, доктар філасофіі (1798 г.), прафесар батанікі і заалогіі Віленскага універсітэта, заснаваў батанічны сад у Вільні. Напісаў падручнікі “Прыкладная батаніка” (1799 г.) і “Заалогія” (1807 г.). Сабраў звесткі пра шэраг лекавых раслін Беларусі, Літвы, Польшчы і іх выкарыстанне. (Станіслаў Юндзіл.)

5. Яна была неардынарным, рашучым і смелым чалавекам. Любіла падарожжы, лячыла людзей. У яе характары спалучалася: цікавасць да свету і людзей, вынаходлівасць, вера ў непазбежнасць лёсу, спачуванне да чужога гора – і жорсткасць; прага ціхага сямейнага шчасця, любоў да дзяцей – і прыроджанае імкненне да небяспечных прыгод і авантур. (Саламея Русецкая.)

6. Горад быў заснаваны ў 1643 г. і названы імем вялікага князя літоўскага. Ён праіснаваў 20 гадоў. Быў разбураны ў выніку вайны Расійскай дзяржавы і Рэчы Паспалітай (1654-1667 гг.). Цяпер недалёка ад таго месца, дзе быў горад, знаходзіцца вёска Каралёва Слабада-2 Светлагорскага раёна. Тут у 2006 г. праводзіліся археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам гісторыка Сяргея Рассадзіна. Як называўся горад? (Казімір.)

7. У пачатку XX ст. два беларускія вучоныя (адзін філолаг, а другі гісторык) незалежна адзін ад аднаго склалі “Этнаграфічную карту беларускага племені”. Назавіце іх імёны. (Акадэмік Яўхім Карскі і прафесар Мітрафан Доўнар-Запольскі.)

8. Дзеяч беларускай культуры, нарадзіўся на Полаччыне. Ініцыятар стварэння і адзін з кіраўнікоў выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца”, якая дзейнічала ў Пецярбургу. Адыграў значную ролю ў жыцці і творчасці Янкі Купалы, які ў 1909-1913 гг. жыў ў яго на кватэры ў Пецярбургу, садзейнічаў у паступленні Янкі Купалы на курсы Чарняева. Рэдактар першага зборніка Купалы “Жалейка”. У 1927-1929 гг. працаваў старшынёй камісіі Інбелкульта па складанні слоўніка жывой беларускай мовы. (Браніслаў Эпімах-Шыпіла.)

9. Вучыўся ў Дынабургскай школе прапаршчыкаў. Калі ў 1831 г. атрымаў загад выступіць супраць паўстанцаў, сам стаў змагаром супраць царызму. Калі паўстанне пацярпела паражэнне, эмігрыраваў. Жыў у Парыжы. Стаў сапраўдным членам Акадэміі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю Францыі. У 1840 г. на аснове ўласных лекцый выдаў асобнай кнігай даследаванне па фальклору “Беларусь”, дзе ўпершыню сістэматызаваў беларускі фальклор па жанрах і тэматыцы. У 1846 г. пераехаў у Лондан і там займаўся выдавецкай і творчай дзейнасцю. Працаваў прафесарам матэматыкі, малявання і мовазнаўства. Адзін з піянераў мастацкай фатаграфіі. Працаваў над гісторыяй беларускай літаратуры XIX ст., стварыў шэраг біяграфій пісьменнікаў, пісаў літаратурныя творы, стылізаваныя пад фальклор. (Аляксандр Рыпінскі.)

10. У Пішчалаўскім замку ў Мінску адбывалі пакаранне некалькі беларускіх пісьменнікаў: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Якуб Колас і іншыя. Тут сярод зняволеных у гады першай рускай рэвалюцыі знаходзіўся і аўтар “беларускай марсельезы” — рэвалюцыйнага гімна “Ад веку мы спалі…”. У 10-20-х гадах XX ст. гэты гімн быў вельмі папулярны сярод працоўных. Хто аўтар песні? (Аляксандр Міхальчык.)

11. У яго сям’і было двое дзяцей, якія памерлі ў маленстве. У памяць аб сваіх дзецях ён пабудаваў у 1908-1910 гг. у Мінску Чырвоны касцёл, які называецца касцёл св. Сымона і Алены. У яго доме ў Слуцку ў 1920 г. адбыўся з’езд дэлегатаў Случчыны. Тут абрана Рада Случчыны, якая ўзначаліла Слуцкае паўстанне. Вядомы нацыянальны дзеяч памёр у Польшчы. I толькі 11 чэрвеня 2006 г. яго астанкі перавезены ў Мінск і пахаваны ў крыпце гэтага касцёла. (Эдуард Адам Вайніловіч.)

12. Першы ў свеце рубінавы лазер стварыў у 1960 г. Томас Мейман у ЗША. А ў 1961 г. у Мінску пачаў працаваць першы беларускі лазер, яго запусціў малады супрацоўнік Інстытута фізікі Акадэміі навук БССР. Цяпер ён акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. (Уладзімір Піліповіч.)

13. Беларускі паэт-песеннік і кампазітар XX ст. Яго песні “Зорачкі” і “Слонімскі вальс” у выкананні спевака Данчыка (Багдана Андрусішына) шануюцца беларусамі ва ўсім свеце. Выдаў толькі 2 невялічкія паэтычныя зборнікі. Польскія ўлады за абарону беларускай мовы і беларускай культуры кінулі яго ў турму, пры нямецка-фашысцкай акупацыі знаходзіўся ў Калдычаўскім канцлагеры, пасля Вялікай Айчыннай вайны савецкія органы адправілі яго ў ГУЛАГ. Вызвалены ў 1950-я гг. і рэабілітаваны. (Сяргей Новік-Пяюн.)

14. Нарадзіўся ў Віцебску ў 1930 г. Вядомы ў свеце вучоны-фізік, акадэмік НАН Беларусі, РАН, НАН ЗША. Распрацаваў тэорыю паўправаднікоў і ўкараніў іх у 1960-х гг. у практыку. Яму ўручана ў 2000 г. Нобелеўская прэмія за стварэнне інжэкцыйных гетэралазераў на аснове квантавых кропак. (Жарэс Алфёраў.)

 

Старонка: 1 2 3

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?