Нашы сябры

Дыктанты. 3 клас. Гукі [д], [т], [дз’], [ц’]. Падоўжаныя зычныя гукі.

Гукі [д], [т], [дз’], [ц’]. Іх абазначэнне на пісьме.

 

Вуллі

Мы агледзелі вуллі. Яны якраз як хаткі. І дзверцы ёсць, але не такія, як у хатках.Толькі адна дзірачка ў сцяне, а пад ёю дошчачка.

Мне спадабаліся гэтыя хаткі, і я надумаўся зрабіць такую. Знайшоў дошчачкі, роўна абрэзаў дзедавай пілачкай і гладка выстругаў гэблікам. Пасля збіў скрыначку. У сцяне свярдзёлкам пракруціў дзірачку, а пад ёю прыбіў парожак. (58)

Паводле В. Віткі


 

Вогнішча

Вечар у гарах надыходзіць нечакана. Цямнее адразу, як сонца схаваецца.

Патрэсквае рупліва раскладзенае юнымі турыстамі вогнішча. Высока ў неба ўздымаюцца і растаюць у бяздоннай цемры сотні цёплых светлячкоў-агеньчыкаў…

Хочацца думаць, што стане хоць трошкі цяплей на Зямлі і ад гэтага цяпельца. (42)

Паводле З. Падліпскай

 

Раніца ў лесе

На ўсходзе павольна шарэе. Пачынаецца ранак. Маўклівы лес ажывае. Недзе забалбатаў цецярук. Потым змоўк. У прыдарожным гушчары заквохкала цяцерка. Пачула нечыя крокі, моцна заляпала крыламі і ўзляцела. Зацінькалі сініцы. Жоўтыя з шараватым покрывам камочкі пераскакваюць з галінкі на галінку і пяюць: цінь-цінь! Хутка пачне сваю працу стракаты дзяцел.

Настае новы дзень, поўны турбот для лясных жыхароў. (59)

Паводле П. Ткачова

 

Рыбакова мара

Пара ісці дахаты. Але што ж гэта так свішча? Няўжо маё вудзільна? Гляджу. Разоў шэсць запар маё вудзільна са свістам прыгінаецца да вады. Хоць бы не сарвалася! У вадзе ходзіць дужая рыбіна. Асцярожна вяду да берага. Лешч! Рыбакова мара! Лоўка хапаю рукой пад жабры. Цяпер толькі трэба ўмела адчапіць яго ад кручка. (54)

Паводле М. Лупсякова

 

Падоўжаныя зычныя гукі. Іх абазначэнне на пісьме.

 

Вясна

Стаялі цёплыя вільготныя дні. Нядаўна прайшоў першы дождж. Поле вызвалілася з-пад снегу. Рака выйшла з берагоў. Каламутная вада затапіла наваколле.

У такі час вельмі зручна назіраць за жыццём звяроў. Вось па вадзе плыве вуж. Цела яго выгінаецца зігзагам. Між лазняку каля затокі віднеецца бабровая хатка. Яна падобна на стажок сена. (51)

Паводле В. Вольскага

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?