Дыктанты. 3 клас. Правапіс слоў з ў. Раздзяляльныя знакі. Вялікая літара.

Напісанне слоў з ў.

 

Надыход вясны

На ўскраінах лясоў распускаўся малады бярэзнік. Жоўтыя каткі звісалі на вербалозінах, склікаючы пчолак і чмелікаў. Зялёная траўка прабівалася ўжо на свет скрозь сухое лісце. Прынадныя пахі разлівала чаромха. Адны толькі паважныя дубы не спяшаліся расчыняць свае покаўкі. Дуб – мудрае дрэва. Ён не паддаецца на зман няпэўнай у пачатку вясны. (51)

Паводле Я. Коласа


 

Летняя раніца

На золку ў полі слаўся ў нізінах туман. Ад расы пасівела зялёнае жыта. Малінавы небасхіл наліваўся золатам і чырванню. Загарэліся верхавіны елак і хвой. Над лесам выплыла вялікае зіхатлівае сонца і заліло святлом і цяплом прастор. З травы выпырхнулі жаўрукі. Зазвінелі над полем сотні тоненькіх званочкаў. Колькі радасці і прыгажосці было разліта ў прасторы! (56)

Паводле С. Грахоўскага

 

Вечар

Дзень канчаўся. Сонца стаяла за Дняпром, над лесам. Высока ў небе таялі шматкі белых воблакаў. Кірык павярнуў да вёскі. Рашуча запыліў босымі нагамі па дарозе. За ім ішлі дзве яго сяброўкі. Жаваранкі апускаліся з неба і садзіліся ў жыта. Ад прыдарожных дрэў і кустоў ляжалі доўгія цені. З боку Дняпра раптам дыхнула вячэрнім халадком. Сонца павольна садзілася. (58)

Паводле М. Лупсякова

 

Напісанне слоў з раздзяляльнымі знакамі.

 

Верабей

Маладому вераб’ю спадабалася начаваць у ластаўчыным гняздзе. Ластаўкі былі ў выраі, і верабей адчуваў сябе поўным гаспадаром. Хутка ён зусім прывык да новага месца. Ён вырашыў зрабіць невялічкі рамонт свайго жылля і застацца ў ім на ўсё лета.

Верабей ачысціў гняздо ад бруду, смецця, назапасіў свежаха пуху, наладзіў пасцель. Яму вельмі спадабалася новая кватэра. Ён даў сабе слова не ўступаць яе нікому. (63)

Паводле А. Пальчэўскага

 

Пачатак вясны

Як вясёлы і прыветны ў пачатку вясны ўскраіны лесу! Кожная пядзя зямлі жыве радасным абуджаным жыццём. З’яўляюцца першыя парасткі маладога зяленіва. Заварушыліся мурашкі, разнастайныя жучкі, кузуркі. А паветра звініць птушыным гоманам.

Аднаўляецца зямля. Ажывае прырода. Радасны шолах жыцця ходзіць па галінках кустоў і старога лесу. (47)

Паводле Я. Коласа

 

Правапіс вялікай літары

 

Над Прыпяццю

Над Прыпяццю сінее лес.Трапечуць лісцем маладыя асінкі. Хваляцца сваімі чырвонымі гронкамі стройныя рабіны. Чародкі маслякоў і падасінавікаў выбягаюць з кустоў на самую дарогу. Адтуль пахне церпкім водарам хвоі, прэлай зямлі, грыбоў. Свежы вецер нясе з Прыпяці вострыя пахі водарасцей, рыбы. На полі дрэмле пачарнелы бульбоўнік. (48)

Паводле І. Навуменкі

 

Дружба

Міша і Коля не маглі дня пражыць адзін без аднаго. Аднойчы Міша захварэў. Сумна яму ляжаць у ложку, піць горкія таблеткі і нікога не бачыць. Хутка Міша крыху ачуняў. Колю не цярпелася хутчэй расказаць сябру пра школьныя навіны. Коля часта прыбягаў да Мішы. Яны разам рашалі задачы, чыталі кнігі. (50)

Паводле В. Зуба

 

Першы дзень вясны

Сяброўкі Іра і Ліда вяртаюцца са школы. Першы веснавы дзень такі ціхі і цёплы. Хочацца ісці павольна і прыглядацца да ўсяго навакольнага хараства. Дзяўчынкі не спяшаюцца. Яны размахваюць партфелямі, азіраюцца і часта спыняюцца. Дзяўчынкі любаваліся першым веснавым днём. (41)

Паводле В. Гарбука

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Пакінуць водгук

Што шукаеш?

Нашы сябры