Дыктанты. 3 клас. Зычныя гукі.

Звонкія і глухія зычныя гукі. Іх абазначэнне на пісьме.

 

Дуб

Дуб, які стаяў на ўзбярэжжы, быў багаты на жалуды. Але на яго не так лёгка было ўзабрацца. Галлё пачыналася высока ад зямлі. Ствол быў тоўсты, вышынёй метраў трыццаць. Кара на дубе была чорнай і цвёрдай, як камень. Здаецца, што нехта абляпіў ствол шурпатымі чыгуннымі пліткамі. (46)

Паводле М. Гамолкі


 

Прыйшло лета

Поле пакрылася зеленню. Ужо выплыў авёс, ячмень, гарох. Бялее грэчка. Наліваецца жыта і ціха шаргаціць каласкамі. Зялёнаю палоскаю раскінуўся луг. Густая трава калышацца на ветры. Мора прыгожых кветак аздабляе луг. Тут так многа кветак, птушак, мошак. Шчодраю рукою ўбрала лета ўвесь свет. (44)

Паводле Я. Коласа

 

Сланечнік

Ранняй вясной Пеця пасадзіў на градцы чатыры семечкі сланечніку. Тры чамусьці не ўзышлі. Чацвёртае семечка пайшло ў рост. Лісце вырасла на ім вялікае, круглае. Неўзабаве з круглага зялёнага бутона разгарнулася прыгожая кветка. Вялікая залацістая галава сланечніку ўвесь час паварочвалася ўслед за сонцам. (43)

Паводле С. Магілеўскай

 

Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі. Абазначэнне мяккасці зычных на пісьме.

 

Пачатак зімы

Дзень стаяў адліжны. Дзьмулі нехалодныя вятры. Мяккі пушысты снег сыпаў амаль кожную ноч. Ён доўга не залежваўся. Адразу яго пачыналі саскрабаць з асфальту. Грузілі ў аўтамашыны і вывозілі за горад. А той, што заставаўся ў горадзе, ператвараўся ў ваду. Не трымаўся снег доўга і на дрэвах.

Гарадской зіме, каб быць зімой, не хапала якога градуса холаду. (58)

Паводле В. Хомчанкі

 

Зорнае неба

Павольна ў жніўні надыходзіць ноч. Запальваецца на ўсходзе зорка, якая называецца вечарніца. Блішчыць халодны зеленаваты агеньчык. То ярчэй успыхне, то ледзь прыкметна гарыць, то зусім патухне. Вось загарэлася другая, зусім маленькая.

А хутка шмат высыпле зорак. Быццам хто з вялікага вогнішча вугельчыкі параскідае. Зіхаціць усё неба. Вакол цішыня і прыгажосць. (52)

Паводле П. Ткачова

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Пакінуць водгук

Што шукаеш?

Нашы сябры