Нашы сябры

План-канспект урока Вымаўленне [д]-[дз’], [т]-[ц’] і правапіс д-дз, т-ц. 4 клас


ХОД УРОКА

I. Арганізацыйны момант.

II. Матывацыйны этап.

Ва ўступным слове настаўнік паведамляе пра вандроўку па краіне Арфаграфіі і прапануе кожнаму на сваім караблі праз 45 хвілін прыплысці да аднаго з астравоў, намаляваных на карце (рэфлексія «Астравы», рознакаляровыя караблікі школьнікі падрыхтавалі на уроках выяўленчага мастацтва).

 Пытанні і заданні вучням:

…Я — важная навука,
Бо вывучаю я змяненні гука,
I як патрэбна словы вымаўляць,
Заўсёды рада вам паведамляць.

Што гэта за навука? (Фанетыка.)

Якая навука вучыць правільнаму напісанню слоў? (Арфаграфія.)

Якое слова складаецца з сямі гукаў, а паказвае на 32 літары? (Алфавіт.)

Колькі ў беларускай мове галосных гукаў? (Шэсць.) Выма-віце іх ([о], [а], [у], [ы], [э], [і]).

Дзве дзяўчынкі інсцэнізуюць дыялог «У кабінеце доктара».
— Марына, скажы: «А-а-а!»
— Чаму «А»? Я і іншыя літары ведаю!
Якія два важныя пытанні блытае дзяўчынка? (Мы вымаўляем гукі, а не літары.)

Чаму звычайна, каб паглядзець хвораму горла, прапануюць вымавіць галосны гук [а]? (Пры ўтварэнні галосных гукаў паветра свабодна праходзіць праз ротавую поласць, не сустракаючы перашкод.)

Якая літара ў нашай мове сустракаецца ў 10 разоў часцей за іншыя? (Літара а.)

А якая літара вельмі рэдка сустракаецца ў беларускай мове? (Літара ф.)

Рашыць моўныя ўраўненні.

Б : П = Д : ?

А : Я = У : ? = ? : Е

Г : ? = Ж : Ш = ? : Ч

Паводле якога прынцыпу аб’яднаны зычныя гукі?

[дж ч ш ж]; [з з’ с с’ дз’ ц ц’]; [л л’ м м’ н н’ в в’ ў р й]; [к к’ ф ф’]; [ж ш дж ч р ц]

Як цудоўна гэта, дзеці, што ёсць літары на свеце –
Зычныя, галосныя!
Да адной адну дадаць — можна словы з іх складаць,
Смешныя, сур’ёзныя!

Змяніць словы так, каб замест літары т пісалася ц, а замест д — дз (на дошцы загадзя запісаны словы левага слупка):

сад – (у садзе); самалёт — (на самалёце); блакіт — (у блакіце); росквіт — (у росквіце); буду – (будзе); два – (дзве).

Работа з табліцай «Правапіс [дз’] і [ц’]».

Запоўніць пропускі.

[ ] : [ ] = [ ] : [ ] парныя па цвёрдасці і мяккасці

[ ] : [ ] парныя па звонкасці і глухасці

[ ] зацвярдзелы

[ ] мяккі

Адказ

[д] : [дз’] = [т] : [ц’] парныя па цвёрдасці і мяккасці

[дз’] : [ц] парныя па звонкасці і глухасці

[ц] зацвярдзелы

[ц’] мяккі

III. Трэніровачна-карэкцыйны этап урока.

Запісаць словы з зацвярдзелым ц у адзін слупок, з мяккім — у другі.

Цагліна, цягнуць, цётка, цэлы, цукар, цыбуля, цюлень, ціха, касец, цацка, сцяна, цэмент, касцюм, цэнтр.

Чытанне рубрыкі «Паслухаем мовазнаўцаў»

У якіх словах вымаўляецца і чуецца адзін гук [дз’], а ў якіх — гукі [д] і [з] (словы запісаны на дошцы)?

Дзяліць, дзюба, падзвоньваць, падземны.

Зрабіць выснову, калі вымаўляюцца два гукі [д] і [3] (калі прыстаўка канчаецца на гук [д], а корань слова пачынаецца з гука [з]).

Перакласці словы на беларускую мову, растлумачыць іх напісанне:

девиз, диспут, артист, театр, тема, тираж, депутат.

Ці змякчаецца д, т у запазычаных словах?

Расшыфраваць затранскрыбаваныя словы:

[радас’ц’], [сустрэц’], [шчодрас’ц’], [м’ак‾ас’ц’], [й’аснас’ц’], [падз’ака], [з’м’эс’ц’і], [дз’м’э], [м’адз’в’эц’).

Пісьмо па памяці.

Пра шчасце ў дзяўчынкі спыталі. Дзе шчасце, спыталі ў яе.
А шчасце — блакітная далеч. А шчасце — што птушка пяе.
А шчасце — пабегчы сцяжынкай, дзе сінню цвітуць васількі,
Лічыць на далонях дажджынкі і плесці над рэчкай вянкі… (Ю. Свірка).

Якую назву вы далі б вершу? Зачытаць радкі, у якіх дзяўчынка адказвае на пытанне пра шчасце.

А для вас што такое шчасце? Ці лічыце вы сябе шчаслівымі, калі атрымліваеце добрую адзнаку?

Па памяці запісаць словы, дзе сустракаюцца з’явы дзекання і цекання.

Разгадаць рэбусы
Рэбусы

Адказы

У словах-адказах сустракаюцца дз і т: дзьмухавец, акацыя, мядзведзь, перац, гваздзік, заяц, цыбуля.

Выкананне тэставага задання (па варыянтах).

Варыянт 1.

1. Параўнайце пары слоў і вызначце, у якіх неабходна ўставіць літару д, а ў якіх — дз:

два — …ве; сад — са…ік; погляд — пагля…ець; гвардыя — гвар…еец.

2. Вызначце словы, дзе трэба ўставіць літару ц:

батва — ба…вінне; актрыса — ак…ёр; аўтарытэт — аўтары…этны; брытва — бры…венны.

3. Устаўце прапушчаныя літары.

У (т/ц)ішыні чуваць было, як стукае ў лесе (д/дз)я(т/ц)ел.

Варыянт 2.

1. Параўнайце пары слоў і вызначце, у якіх неабходна ўставіць літару т, а ў якіх — ц:

выток — вы…якаць; бітвы — у бі…ве; білет — біле…ёр; спорт — спар…ыўны.

2. Вызначце, дзе трэба ўставіць літару д, а дзе — дз:

агарод — у агаро…е; адводзіць — а…весці; двойчы — …весце; брыгада — брыга…ір.

3. Устаўце прапушчаныя літары.

Угары доўгім ланцугом ля(т/ц)я(т/ц)ь (д/дз)ікія гусі, спяшаюцца ў (т/ц)ёплы край.

IV. Кантрольна-рэфлексійны этап.

Як называюцца фанетычныя з’явы, калі цвёрдыя [д] і [т] змяняюцца на мяккія [дз’] і [ц’]?

Утварыце склады з гукам [дз’].

Вучні павінны растлумачыць, чаму з пэўнымі літарамі гук [дз’] утварае склад, а з іншымі — не.

Настаўнік паведамляе, што падарожжа заканчваецца, кожны вучань прышвартоўвае свой карабель да вострава з пэўнай назвай (у залежнасці ад душэўнага і эмацыйнага стану «капітана»).

Рэфлексія «Астравы» (на вялікім аркушы паперы малюецца карта з выявамі эмацыйных «астравоў» Радасці, Суму, Непаразумення, Чакання, Прасвятлення, Задавальнення, Трывогі і інш.).

Аўтар Былінская Л.С.

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?