Нашы сябры

Займальны матэрыял. Звонкія i глухія, свісцячыя i шыпячыя.

Лінгвістычныя задачы

1. Якія словы атрымаюцца, калі ў назоўніках лог, рог, краб, муж, парад гукі вымаўляць не злева направа, а наадварот — справа налева?

2. Якія словы атрымаюцца, калі звонкія зычныя замяніць на парныя глухія ў словах бомба, гром, дата, загады?

3. Якія словы атрымаюцца, калі глухія зычныя замяніць на парныя звонкія ў словах соль, Толя, хаціна ?

4. Чым падобны паміж сабой назоўнікі плод і плот?

5. Які агульны гук можна выдзеліць у словах:

а) таран, парад, кот;

б) шар, гуж, лыжка;

в) суп, поле, рыбка;

г) рог, смех, ход;

д) казка, воз, газ;

е) збег, касьба, злюка;

ё) вось, мазь, сціпласць;

ж) абсыпаць, абцерці, рыбка ?

6. Колькі гукаў [т] знаходзіцца ў сказе Дзед Антон адчыніў вароты ?

7. Шыпячыя — гэта гукі або літары? Дакажыце.

Адказы

1. Хол, хор, парк, шум, таран.

2. Помпа, хром, тата, сахаты.

3. Золь, доля, гадзіна.

4. Яны аднолькава вымаўляюцца: [плот] і [плот].

5. а) [т]; б) [ш]; в) [п]; г) [х]; д) [с]; е) [з’]; ё) [с’]; ж) [п ]і [а].

6. Чатыры: Дзе[т] Ан[т]он а[т]чыніў варо[т]ы.

7. Шыпячыя — гэта гукі, якія вымаўляюцца са своеасаблівым шыпеннем. Літары — толькі значкі, якія абазначаюць гэтыя гукі.

Моўныя прапорцыі

1. Жыццё : шыццё = ? : сала.

2. Плод : плот = паз : ?

3. ? : жар = каса : каза.

4. Гром : хром = ? : прама.

5. Шаль : ? = хол : гол.

Адказы

1. Зала. 2. Пас. 3. Шар. 4. Брама. 5. Жаль.

Ці праўда гэта?

Сярод часткі вучняў існуе няпісанае правіла: «Пішы, як чуеш». Разгледзьце прыклады і адкажыце, ці можна пагадзіцца з гэтым правілам.

з [ ] Валікам

з [ ] Дзянісам

з [ ] Сашам

з [ ] Сярожам

з [ ] Шурам

з [ ] Жэнем

У дужках абазначце гукі, якія вымаўляюцца на месцы прыназоўніка з.

Адказы

Пагадзіцца з такім правілам нельга. Прыназоўнік “з” у пададзеных прыкладах абазначае розныя гукі: з [з] Валікам, з [з’] Дзянісам, з [с] Сашам, з [с’] Сярожам, з [ш] Шурам, з [ж] Жэ¬нем.

Рыфмаванкі

1. Дзе звонкі, дзе глухі пісаць,

галосным трэба правяраць.

Чуеш суп, змяняй — супы,

пішаш дуб, правер — дубы.

Мох і луг? — Імхі. лугі.

Кажух?

Праверым — кажухі.

2. Прышчэ…ка, ба…ка, рэ…ка, ша…ка,

галу…ка, ла…ка, ры…ка, жа…ка.

Дзе б, дзе п тут?

Вось падказка:

змяняйце словы, калі ласка.

3. Адну параду толькі дам:

дзе д, дзе т — падумай сам.

Ала…ка, ло…ка, цё…ка, пя…ка,

зярня…ка, ні…ка, бу…ка, кла…ка.

4. Ка(з, с)ка, сце(ж, ш)ка, про(з, с)ьба, кла(д, т)ка,

сырае(ж, ш)ка і зага(д, т)ка.

Слыху тут не давярай,

Як пісаць іх, правярай:

…ачка, …ачка, …іцца, …ачка,

…ачка і …ачка.

5. Жа(б,п)ка, цё(д,т)ка, рэ(б,п)ка, лы(ж, ш)ка,

бу(д,т)ка, ло(д,т)ка, голу(б,п), шы(ж, ш)ка,

вя(з, с), прышчэ(6, п)ка, гра(д, т), даро(ж, ш)ка,

про(з,с)ьба, дзя(дз,ц)ька, гра(д,т)ка, мо(ж, ш)ка.

Адказы

2. Прышчэпка, бабка, рэпка, шапка,

галубка, лапка, рыбка, жабка.

3. Аладка, лодка, цётка, пятка,

зярнятка, нітка, будка, кладка.

4. Казка, сцежка, просьба, кладка,

сыраежка і загадка.

Слыху тут не давярай,

Як пісаць іх, правярай:

казачка, сцежачка, просіцца, кладачка,

сыраежачка і загадачка.

5. Жабка, цётка, рэпка, лыжка,

будка, лодка, голуб, шышка,

вяз, прышчэпка, град, дарожка,

просьба, дзядзька, градка, мошка.

 

Аўтар А. Солахаў

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?