План-канспект. Беларускае літаратурнае чытанне. 2 клас. Малыя жанры фальклору.

Тэма: Малыя жанры фальклору.

Мэта: Пазнаёміць з новым раздзелам падручніка. Пашырыць далягляд навучэнцаў аб малых жанрах фальклору. Паказаць самабытнасць народа, якая выяўляецца ў вуснай народнай творчасці. Стварыць умовы для выхавання павагі да спадчыны свайго народа.

Абсталяванне: Падручнік, зборнікі твораў вуснай народнай творчасці.


 

Ход уроку:

1. Арганізацыйны момант.

2. Паведамленне тэмы.

— Сёння мы пачынаем вывучэнне новага раздзела падручніка. Прачытайце эпіграф да гэтага раздзела: Што ў народзе скажуць, як у вузел звяжуць… Як вы разумееце гэтыя словы? Што маецца на ўвазе? Як вы лічыце, якім творам будзе прысвечан гэты раздзел? Сёння на ўроку гутарка пойдзе аб малых жанрах фальклору. Што такое “фальклор”?

Творы вуснай народнай творчасці ствараліся ўсім народам. Але народныя песні і казкі, пацешкі і загадкі, прымаўкі і прыказкі не маглі складацца самі сабою, без аўтараў. Кожны твор у аснове сваёй ствараўся якім-небудзь адным спеваком або апавядальнікам, імя якога звычайна нікім не запаміналася. Але калі гэты твор быў ўдалым, правільна перадаваў народныя думкі і пачуцці, то ён адразу падхапляўся, запамінаўся, перадаваўся з вуснаў у вусны. Безназоўная творчасць, якая жыве ў народзе.

— Але адкуль жа тады з’явіліся гэтыя кніжкі? Паглядзіце на зборнікі фальклору. Якім чынам гэтыя творы дайшлі да нашых дзён?

Народная творчасць заўсёды прыцягвала ўвагу людзей. Працуюць нястомныя збіральнікі фальклору і ў нашы дні. Людзі, якія збіраюць фальклор і вывучаюць яго, завуцца фалькларыстамі. Цікавасць да фальклору – адно з праяў цікавасці да сваёй гісторыі, да жыцця народа ў розныя поры, да яго думак, надзей, мар, да яго мовы і паэзіі. Народ заўсёды выяўляў сябе ў працы і ў творчасці. З пакалення ў пакаленне перадаецца народная мудрасць, народнае паэтычнае слова, і гэтая пераемнасць можа знікнуць, калі толькі мы з вамі забудемся на тое, як спяваць, марыць аб будучыні, шанаваць мінулае.

3. Работа па тэме.

— Аказваецца, народная творчасць уваходзіць у наша жыццё вельмі рана, нашмат раней, чым мы авалодваем роднай мовай. Прачытайце назву твораў, першых, з якімі мы пачнем знаёміцца. Што гэта за твор – калыханка? З якой мэтай яны складаліся? Як трэба выконваць гэтыя песенькі? Паслухайце, калі ласка, адну з іх.

Чытанне калыханкі настаўнікам.

— Якімі словамі пачынаюцца калыханкі? Якія ласкавыя словы ўжываюцца ў калыханцы?

Выразнае чытанне калыханак вучнямі.

— Разам з калыханкамі ў жыццё дзіцяці ўваходзяць забаўлянкі – песенькі і вершыкі да першых гульняў дзіцяці з пальцамі, ручкамі і ножкамі. Паслухайце забаўлянку і паспрабуйце здагадацца, калі іх выконвалі, якое прызначэнне ў забаўлянак?

Настаўнік чытае забаўлянкі.

— Пра што ідзе гаворка ў забаўлянках? З якім настроем іх трэбы выконваць? У забаўлянках звяртаюцца да маленькага дзіцяці, таму ў ёй асабістыя словы – з памяншальна-ласкальным значэннем. Знайдзіце гэтыя словы.

Чытанне забаўлянак вучнямі.

Калыханкі і забаўлянкі завуцца яшчэ дзіцячымі байкамі. А сама назва баек атрымалася ад дзеяслова “баіць” — гаварыць. У гэтага слова ёсць яшчэ і больш старажытнае значэнне: “шаптаць”, “замаўляць”. Калыханкі – гэта яшчэ і старажытныя “замовы”, “абярэгі”, з дапамогай якіх маці засцерагалі сваіх дзяцей. Людзі верылі, што з дапамогай калыханак можна паклікаць нябачныя істоты, якія жывуць вакол і прыносяць дзіцяці сон.

4. Вынік уроку.

— На наступных уроках мы працягнем знаёмства з іншымі малымі жанрамі вуснай народнай творчасці. З якімі пазнаёміліся сёння? Якое прызначэнне калыханак, забаўлянак?

5. Дамашняе заданне.

Выразнае чытанне калыханак, забаўлянак. Любы твор на выбар вывучыць на памяць.

 

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Пакінуць водгук

Што шукаеш?

Нашы сябры