Чалавек і свет. “Браты нашы меншыя”
Адгадванне загадак
У клас заходзяць вучні ў масках мядзведзя, лісы, зайца, сабакі, ката, каровы. Яны загадваюць загадкі.
Спаць кладзецца, скіне тапак —
I паціху смокча лапу,
А вясна дыхне ледзь-ледзь —
Прачынаецца… (мядзведзь).
Ён па лесе скок ды скок,
Косіць вокам з боку ў бок.
У дупле вавёрка — шчоўк!
А яму здаецца — воўк. (Заяц.)
Маленькія лапкі,
На лапках царапкі.
Ціхенька ступае,
Мышак выглядае. (Кот.)
У рыжай разбойніцы
Хвост, як мятла.
Ад кары ўцякла —
Сляды замяла. (Ліса.)
3 людзьмі сябруе,
Хату вартуе,
Жыве пад ганкам,
Хвост абаранкам. (Сабака.)
Гульня «Рассялі жывёл»
Настаўнік паказвае карцінкі свойскіх і дзікіх жывёл, а вучні «засяляюць іх у домік ці ў лес».
Фанетычная хвілінка
Каток коўзацца хадзіў,
Сабе лапкі застудзіў.
Як агенчык, мітусіцца
У пушчы рыжая лісіца
Ішоў казёл мастком,
Ківаючы хвастом.
Гульня-імітацыя
Вучні імітуюць рухі і гукі жывёл:
— Кошка выгінае спіну;
— конь б’е капытам;
— певень стаіць на адной назе;
— карову доіць бабуля;
— зайчык уцякае ад лісы;
— мядзведзь ідзе па лесе;
— вожык згарнуўся ў клубок.
Чытанне і аналіз верша
Запрасіла ліска курку да сябе ў госці:
— Выйді, цыпка, за рэчаньку,
За кляновы мосцік.
За рэчкай і пшаніцай,
За гарою з крынічанькі
Напаю вадзіцай.
Падмяла я сцяжыначкі,
Падмяла дарожкі.
Ідзі, курка, ступай смела,
Не пакалечы ножкі.
Разаслана на ўзгорачку
Мяккая салома,
Ты ж у мяне заначуеш
Куды лепш, чым дома.
Пайшла курка да лісічкі
За кляновы мосцік.
Засталіся ад курачкі
Кіпцюры ды хвосцік.
Рухомая гульня «Воўк і авечкі»
Выбіраюцца «воўк» і «гаспадыня». Астатнія дзеці — «авечкі» — пасвяцца, “скубуць траўку». «Гаспадыня» спявае:
Пасу, пасу авечачкі
Каля быстрай рэчачкі.
Воўк прыйдзе,
Усіх задзярэ
Да костачкі,
Да малостачкі,
Да сівай барады,
Да калматай галавы.
Воўк ідзе!
«Авечкі» уцякаюць і хаваюцца ў «хатку», «воўк» іх ловіць. Той, каго злавілі, становіцца «ваўком».
Чытанне і развучванне верша «Цялушка»
Я кармлю
Сваю цялушку,
Маладзенькую пястушку,
Ёй прыношу траўку,
Росную мураўку. (А. Дзеружынскі)
Творчае заданне
Прынесці фотаздымак сваей свойскай жывёлы і прыдумаць пра яе апавяданне па плану:
1. Як выглядае?
2. Чым любіць ласавацца?
3. Якія цікавыя выпадкі з ёй здараліся?
Падзяліцца з сябрамі
Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!