План-канспект. Мая Радзіма — Беларусь. 4 клас. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны.

Тэма: Маўклівыя сведкі мінуўшчыны.

Мэта: Актуалізацыя раней засвоеных ведаў; азнаямленне вучняў з крыніцамі гістарычных ведаў, якія з’яўляюцца прыкладамі матэрыяльнай і духоўнай культуры; выхаванне пашаны да гісторыі роднага краю, памяці сваіх продкаў.

Тып урока: Камбінаваны.

Абсталяванне: Падручнік “Мая радзіма Беларусь” 4 клас.

 

Ход урока

 

Арганізацыйны момант.

— Добры дзень. Пачынаем наш урок. Сядайце.

Праверка дамашняга задання. Актуалізацыя ведаў.

— Над якой тэмай працавалі дома?

Стужка часу.

— Што такое стужка часу?

— Гістарычныя падзеі, якія размяшчаюцца ў адпаведным парадку.

— На колькі вялікіх частак падзяляецца? З чым гэта звязана? З якой падзеяй?

— Падзяляецца на дзве вялікія часткі: наша эра, да нашай эры. Падзяленне звязана з нараджэннем Ісуса Хрыста.

— Чаму менавіта з гэтай падзеяй звязана падзяленне?

— Успрынята як вялікая падзея, у сувязі з рэлігіознымі адносінамі.

— Якія вы ведаеце паняцці ізлічэння часу ў гісторыі?

— Тысячагоддзе, дзесяцігоддзе, век або стагоддзе, год, эра.

Практычная работа.

— Зараз намалюйце стужку часу. На ёй мы будзем адзначаць гістарычныя падзеі, якія прыведзены ў падручніку, старонка 156 – 157. Прачытайце дату. Што за падзея?

— 862 год – першае летапіснае ўпамінанне пра Полацк.

— Як вы разумееце “першае летапіснае ўпамінанне”?

— Калі ўпершыню запісана.

— Які гэта век? Якім чынам вызначаеце? Як вызначаць век да нашай эры?

— Гэта 9 век. Да колькасці сотен дабавіць 1: 8 + 1 = 9. У час да нашай эры трэба надварот: — 1.

— Адзначце гэту і іншыя даты на стужцы часу. Вызначце век.

Паведамленне тэмы ўрока. Уступная гутарка.

— Можам мы назваць стужку часу гісторыяй? Чаму?

— Можам. Таму што на ёй змешчаны гістарычныя падзеі.

— З якіх крыніц мы яшчэ можам даведацца аб гісторыі?

— З падручнікаў, летапісаў, старажытных кніг.

— Сапраўды, рукапісныя і друкаваныя кнігі могуць шмат расказаць нам аб гісторыі нашай краіны. Але існуе шмат маўклівых сведак мінуўшчыны, навучыўшыся разумець якія, таксама можна даведацца аб падзеях, якія адбыліся ў розныя часы. І сёння на ўроку мы будзем размаўляць аб гэтых маўклівых сведках мінуўшчыны. Аб чым жа яны могуць нам расказаць? Калі чалавек памірае, што з ім робяць? Што ставяць на могілках? Што пішуць на помніках? Помнік – гэта гісторыя? Чаму?

— Помнік з’яўляецца гісторыяй таму што на ім можна прачытаць аб тым чалавеке, які тут пахаваны.

— Слова помнік узнікла ад слова памяць. Помнікі адлюстроўваюць звесткі аб чалавеке або падзеях. Так, напрыклад, што вам можа расказаць помнік з зоркай?

— Аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Тут пахаваны салдат, які загінуў у гэты час.

— Што яшчэ ставілі на могілках акрамя помнікаў?

— Крыжы, камяні, насыпалі курганы.

— Часта мы можам убачыць вялікія камяні, на якіх напісаны нейкія знакі або звесткі аб вядомых людзях, гістарычных падзеях. Цікава, адкуль жа з’явіліся на нашай зямлі гэтыя валуны? (Меркаванні вучняў.) Дакладна адказаць на гэта пытанне нам дапаможа падручнік.

Работа з падручнікам.

— Прачытайце ў параграфе старонка 26 – 27 і адкажыце, якім чынам на нашай зямлі з’явіліся вялікія камяні.

— Іх прынес ледавік.

— Што такое ледавік? Колькі разоў ён праходзіў? Прачытайце ў слоўніку старонка 154. Як вы разумееце прынёс камяні? (Меркаванні вучняў.) Шмат вялікіх камянёў звязаны з легендамі і паданнямі тых мясцін, у якіх яны знаходзяцца. Нашы продкі не ведалі аб існаванні ледавіка і таму звязывалі валуны з нейкімі цудоўнымі падзеямі, надавалі ім чалавечыя якасці, пакланяліся ім, верылі ў іх добрую або злую сілу. Пазней камні прысвячалі знакамітым людзям, гістарычным падзеям, сталі пісаць на іх нейкія звесткі, тым самым робячы іх сваеасаблівымі помнікамі.

Вынікі ўроку. Дамашняе заданне.

— Аб якіх маўклівых сведках мінуўшчыны вы сёння даведаліся?

— Камяні, валуны, помнікі, курганы.

— Чаму камяні з’яўляюцца гістарычнымі помнікамі?

— Яны сведчаць пра ледавік, гістарычныя падзеі.

— Да наступнага ўроку падрыхтуйце да пераказу апавяданне падручніка “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны”. Па жаданню можна падрыхтаваць легенды і паданні, звязаныя з вялікімі камянямі, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны.

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Пакінуць водгук

Што шукаеш?

Нашы сябры