Нашы сябры

План-канспект урока. Іван Пташнікаў «Алені». 6 клас

Узаемаадносіны чалавека i прыроды.

Урок па апавяданню Івана Пташнікава “Алені”.

Ход урока

Слова настаўніка.

Сустрэча з кнігай — заўсёды цуд. Яна — лепшы сябар і дарадца.

Зварот да выставы кніг.

Што мы ведаем пра творчасць Івана Пташнікава?

Узгадаць вядомы твор вучням дапамогуць наступныя пытанні:

1. Якое апавяданне I. Пташнікава вам знаёма? (Львы.)

2. Як можна вызначыць яго тэму? (Тэма Чарнобыля.)

3. У чым асаблівасць твора? (Паказ катастрофы праз успрыманне сабакі Джукі.)

Ізноў «у госці» да герояў I. Пташнікава. «Завітаць» да новых знаёмых з апавядання «Алені» прапануе віктарына «Пазнай героя».

Пытанні віктарыны Пазнай героя

1. «Мала, што яна такая тонкая, рослая, падцягнулася за вайну. I крычаць яна, мусіць, добра не ўмее — неяк ціхенька і дзярката, і заўсёды тады папярхаецца, бо дзярэ ў горле». (Ірка.)

2. «Але за вату яна крычала: збіралася яшчэ на зіму пацягнуць фуфайку кортам, якога тата прывёз з раёна за воўчую скуру». (Маці.)

3. «Ён быў ляснік, і жылі яны ў лесе. Яшчэ ён вартаваў і карміў зімою ласёў і аленяў у запаведніку, які быў недалёка ад Бярэзаўца». (Бацька.)

4. «Ён, панюхаўшы відэльцы, сказаў: «Лясное лесам і пахне…» (Язэп.)

5. «Яна ўся сціснулася, прыпала аж да зямлі і пабегла, нічога не бачачы. Ёй раптам успомнілася, як яны ў блакаду беглі так з вёскі ўзлессем па пасецы, дзе былі бульбяныя ямы, а ўсюды рваліся міны». (Ірка.)

6. «Ну, запеў. Хто іх лічыў пасля вайны? Бегаюць па лесе, і ўсё. А скуру ты — пад лёд». (Язэп.)

7. «Дзе ўзялі? Не буду есці! Не зачаплю… Яна ўскочыла, адсунула лаўку і выбегла з-за стала». (Ірка.)

8. «Які з яго паляўнічы? У яго нават сабакі няма. Хацеў прывезці раз з раёна, дык жа трэба было аддаць увесь шажок сена». (Бацька.)

9. «Кінь хныкаць, нябітая!.. — крычала на яе з-за стала…» (Мама.)

Павобразны аналіз апавядання. Заданні і пытанні:

1. Раскажыце пра галоўнага героя апавядання (хто ён, яго ўзрост, знешнасць, інтарэсы).

2. Пры якіх умовах і калі ўпершыню Ірка сустрэлася з аленямі?

Выразнае чытанне вучнем апісання лясных прыгажуноў. Ад слоў: «Іх было чацвёра…» да слоў: «… і хутка схаваліся у бярэзніку». «Пярэдні быў з рагамі… збіўшыся ў кучку».

Пасля чытання тэксту адзначыць майстэрства пісьменніка ў стварэнні вобраза аленяў і звярнуць увагу класа на мастацкую выяву аленяў, каб вучні змаглі параўнаць майстэрства пісьменніка і майстэрства мастака.

3. Чаму пры першай сустрэчы дзяўчынка назвала аленяў «сваімі»?

4. Прыгадайце наступныя сустрэчы гераіні з аленямі. Як паводзілі сябе жывёлы?

5. Перакажыце, што адбылося, калі адзін раз Ірку не пусцілі да стажка.

6. Пра што можна здагадацца, калі зыходзіць з такой характарыстыкі чалавека: «Язэп з вёскі — рыжы і злосны мужчына».

7. Чым абумоўлены незайздросны лёс аленяў? Прыгадайце эпізоды з апавядання, дзе згадваецца вайна. Назавіце творы на тэму вайны, з якімі вы знаёміліся.

8. У якіх эпізодах ярчэй за ўсё раскрываецца характар гераіні? Якімі рысамі характару надзяліў яе аўтар?

9. Зварот да апісання восені ў творы. Выразнае чытанне вучнем апісання восені: ад слоў «Ірка любіла восень…» да слоў «… асабліва ўвосень». Зварот да карцін з выявамі восені, што вывешаны на дошцы. За што Ірка любіла восень?

Праверка уважлівасці вучняў да зместу апавядання і ведання імі расліннага і жывёльнага свету.

Гульня «Юныя знаўцы прыроды».

1. Падбярыце сінонімы да словазлучэнняў раслінны свет і жывёльны свет. (Флора і фауна.)

2. Назавіце ўсіх прадстаўнікоў лесу, якія сустракаюцца ў творы: звяроў, птушак, насякомых, а таксама дрэвы і расліны. (Які рад назаве больш, той і пераможца.)

Работа над мастацкімі сродкамі мовы.

Прыклады вобразнасці з апавядання «Алені» (запісаныя на дошцы)

Якімі сродкамі карыстаўся I. Пташнікаў?

1. «Лес стаяў заінелы, пусты і холодны, як порожняя пуня». (Эпітэты, параўнанне.)

2. «Ірка чула, як вецер стагнаў у коміне, стукаў у вокны, шастаў па шыбах, як хто вадзіў калючай саломай». (Увасабленне, параўнанне, эпітэт.)

3. «Ірка ўгледзела толькі цяпер каля сябе ямы, як ад мін, і велізарныя, чырвоныя, пашчапаныя карчы, што ляжалі на пасецы, як замораныя ў плузе быкі». (Эпітэты, параўнанні.)

Якімі мастацкімі прыёмамі карыстаўся аўтар пры стварэнні пейзажных замалёвак? Абгрунтуйце сваю думку.

Падвядзенне вынікаў урока.

Пытанні:

1. Хто з герояў вінаваты ў смерці аленя?

2. Ці ў роўнай меры вынаватыя бацька і Язэп?

3. Чаму нельга паставіць знак роўнасці паміж гэтымі героямі?

4. Як павінен адносіцца чалавек да прыроды?

5. Чаму трэба ахоўваць прыроду?

6. Як растлумачыць назву твора?

7. Якія старонкі хацелася б перачытаць?

8. Ці задавальняе вас канцоўка твора?

9. 3 творамі якіх пісьменнікаў на тэму прыроды вы знаёміліся?

Дамашняе заданне.

Напісаць свой варыянт заканчэння твора: «Калі б я быў пісьменнікам…»
 
Аўтар: Вера Макарчук

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?