Нашы сябры

План-канспект урока. Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Лірычныя творы. 9 клас


Мэта: Напомніць вучням асноўныя этапы жыцця і творчасці Янкі Купалы; пазнаёміць з асаблівасцямі эпохі, умоў, у якіх фарміравалася яго творчая індывідуальнасць; развіваць уменні слухаць і ўспрымаць пачутае, актыўна ўключацца ў абмеркаванне пачутага; выхоўваць пачуццё любві і павагі да творчасці паэта.

Форма правядзення: урок тлумачэння новага матэрыялу.

Абсталяванне: партрэт Янкі Купалы, карта-ліст з асноўнымі датамі жыццёвага і творчага шляху, мультымедыйная ўстаноўка, слайды з экскурсіі ў Купалаускі мемарыяльны запаведнік “Ляўкі”, песні на словы Янкі Купалы ў выкананні ансамбля “Песняры”

…У народ і край свой толькі веру

І веру ў самаго сябе.

Я. Купала

Ход урока

І. Арганізацыйны момант.

ІІ. Пастаноўка мэты і актуалізацыя ведаў.

Гучыць песня “Спадчына” на музыку І. Лучанка ў выкананні ансамбля “Песняры”

Вы, несумненна, пазналі гэты твор і ўспомнілі яго аўтара. У сваім вершы Янка Купала расказвае нам, якая спадчына засталася нам “ад прадзедаў спакон вякоў”. Сёння на ўроку мы з вамі ўспомнім, якая ж спадчына засталася нам з вамі ад народнага песняра Беларусі, класіка беларускай літаратуры.

ІІІ. Тлумачэнне новага матэрыялу.

Па ходу паведамлення на тэму “Асноўныя этапы жыцця і творчага шляху Янкі Купалы” вучні складаюць храналагічную табліцу па біяграфіі паэта.

Паведамленне настаўніка

Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) нарадзіўся ў сям’і малазямельнага арандатара ў ноч на 7 ліпеня 1882 г., недалёка ад Мінска, у фальварку Вязынка. Нараджэнне яго супадала са старажытным народным святам Купалле, назву якога паэт узяў у якасці псеўданіма. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў вандроўках.

Пасля смерці бацькі (1902 г.) Янка Купала працаваў вандроўным настаўнікам, пісарам у судовага следчага, малодшым прыказчыкам на Сенненшчыне, практыкантам і памочнікам вінакура на броварах у маёнтку.

У 1908 г. паэт прыехаў у Вільню, дзе працаваў бібліятэкарам у прыватнай бібліятэцы “Веды” Б. Даніловіча і супрацоўнічаў у газеце “Наша ніва”.

З 1909 г. на працягу чатырох гадоў, вучыўся на агульнаадукацыйных курсах

А. Чарняева ў Пецярбургу. Пасля заканчэння вучобы вярнуўся ў Вільню, дзе працаваў сакратаром у “Беларускім выдавецкім таварыстве”, а пазней – адказным рэдактарам “Нашай нівы”.

Літаратурная творчасць Я. Купалы пачалася ў пачатку ХХ ст. Першыя вершы напісаў на польскай мове. У 1905 г. у мінскай газеце “Северо-западный край” быў надрукаваны верш “Мужык”. Гэта маналог селяніна-працаўніка, яго слова, яго голас.

Вучаніца чытае верш “Мужык”.

Пытанне да класа. Чым адрозніваецца мужык з вершаў Ф. Багушэвіча ад мужыка Янкі Купалы?

Паведамленне настаўніка

Як бачыце, у гэтым вершы не толькі крык набалелай душы, боль і скарга на жыццё, але і пратэст супраць бяспраўнага становішча і вера ў свае сілы, свайго чалавечага “Я” (зачытаць апошнія дзве страфы)

Першы зборнік вершаў “Жалейка” выйшаў у 1908 г., а затым – кнігі “Гусляр” (1910) і “Шляхам жыцця” (1913).

Лета 1913 г. было надзвычай плённым для паэта: з’явіліся новыя вершы, паэмы, артыкулы. У Акопах ён напісаў паэмы “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Яна і я”, п’есы “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”.

У студзені 1916 г. Янка Купала быў прызваны ў армію. Служыў у Мінску, Полацку, Смаленску. З гэтага часу і да 1918 г. паэт практычна не пісаў. Дзве рэвалюцыі, грамадзянская вайна. У той галодны і халодны час было не да вершаў.

Другое паэтычнае дыханне прыйшло толькі восенню 1918 г. Паэт, які звыш трох гадоў маўчаў, за нейкія два месяцы напісаў каля 30 вершаў. Тут і славутая “Спадчына” і санеты “Для Бацькаўшчыны”, і зварот “Свайму народу”, і вершы-заклікі “На сход!”, “Час!”

Вучаніца чытае верш “На сход!”

Пытанне класу: На які сход заклікае паэт беларускі народ і аб чым павінны яны там расказаць? Што дала беларускаму народу “апека” з боку царскага ўрада?

Паведамленне настаўніка

У 1925 г. урачыста адзначалася 20-годдзе літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы. Да юбілею яму першаму ў гісторыі беларускай літаратуры было прысвоена ганаровае званне Народнага паэта Беларусі.

1939г. Янка Купала ўзнагароджаны ордэнам Леніна.

З чэрвеня 1935 г. па чэрвень 1941г. паэт перыядычна адпачываў у Ляўках, дзе таксама было напісана шмат урачыстых, радасных, святочных вершаў,

так званы ляўкоўскі цыкл. Сярод іх “Хлопчык і лётчык”

У чэрвені 1941 г. паэт пакінуў родную краіну і больш сюды не вярнуўся.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Янка Купала жыў і працаваў недалёка ад Казані. Паэзія таго часу вызначаецца моцным антыфашысцкім пафасам, заклікам да змагання. Асаблівай папулярнасцю ў народзе карыстаўся верш “Беларускім партызанам”

18 чэрвеня 1942 г. Янка Купала прыехаў у Маскву, а 28 чэрвеня ў гасцініцы “Масква” ён трагічна загінуў. Гэта была заўчасная і загадкавая смерць. Усяго 10 дзён заставалася да яго 60-годдзя. 1 ліпеня 1942 г. паэт быў пахаваны ў Маскве. У 1962 г. урна з прахам была перавезена ў Мінск і перазахавана на Вайсковых могілках.

ІV. Фізккультпаўза

Многія вершы Янкі Купалы пакладзены на музыку і выконваюцца як песні. Прыкладам гэтага з’яўляецца верш “Явар і каліна”, музыку да якога напісаў

Ю. Семяняка. У творы адлюстраваны ідэі вечнасці жыцця, кахання, гармоніі чалавека і прыроды.

Гучыць песня “Явар і каліна” ў выкананні ансамбля “Песняры”

Пытанне класу. Якое пачуццё выклікае ў вас твор? Любоўю да каго або да чаго прасякнуты твор?

А зараз разам з вамі ўспомнім нашу экскурсію і пройдзем па тэрыторыі Ляўкоў (слайды з экскурсіі)

Помнік “Восень паэта”. Гэта даніна памяці паэту ад трох брацкіх народаў, створаны да 100-годдзя з дня нараджэння. Аўтар помніка беларус А. Анікейчык, адліта скульптура ў Расіі і ўстаноўлена на гранітным маналіце, прывезеным з Украіны.

V. Замацаванне новага матэрыялу.

1. Выразна прачытайце эпіграф да ўрока і раскрыйце яго сэнс.

2. Успомніце асноўныя даты жыццёвага і творчага шляху Янкі Купалы.

VІ. Дамашняе заданне.

1. Выканайце тэставае заданне.

2. Прачытайце паэму “Бандароўна”

 

Аўтар Чуракова В.М.

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?