Нашы сябры

Урок пазакласнага чытання. Падарожжа у краіну Янкі Маўра


Падрыхтоўка да урока пачынаецца за некалькі тыдняў. Вучні дзеляцца на чатыры групы — каманды. Узначальваюць іх капітаны — найбольш дасведчаныя і падрыхтаваныя вучні, якія дапамагаюць сваім камандам рыхтавацца да ўрока. Кожнай групе прапануецца адна аповесць Янкі Маўра: «Чалавек ідзе«, «Сын вады«, «У краіне райскай птушкі«, «Палескія рабінзоны«. Капітаны атрымліваюць папярэднюю інфармацыю аб характары заданняў і кіруюць падарожжам сваіх каманд па старонках твора.

Урок праводзіцца ў форме спаборніцтва паміж камандамі. Заданні падзелены на 10 раздзелаў-конкурсаў. Настаўнік знаёміць вучняў з парадкам правядзення ўрока і сістэмай ацэнак адказаў (за кожнае заданне прадугледжана пэўная колькасць балаў).

Конкурс “Рэкламны”

Трэба парэкамендаваць кнігу сваім сябрам так, каб ім захацелася яе прачытаць.

Конкурс “Пазнай героя па апісанні”

Зачытваюцца ўрыўкі з аповесці, але твор не называецца. Каманда пазнае, каму прысвечана характарыстыка.

 

Па аповесці Палескія рабінзоны

1. «Худы, цыбаты дзяцюк з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Разважлівы, спакойны.» (Мірон.)

2. «Прысадзісты, карчасты хлопец, чарнявы, з круглым пляскатым тварам. Жвавы, імклівы.» (Віктар)

3. «Высокі, дужы, гадоў пад пяцьдзесят чалавек з чорнай стрыжанай барадой і густымі чорнымі вусамі, якія апускаліся ўніз, як у маржа. Пад густымі бровамі глыбока сядзелі вузкія вочкі, якія надавалі яму люты выгляд.» (Бандыт — хутаранін Станоўскі.)

 

Па аповесці Чалавек ідзе

1. «Галава доўгая, выцягнутая спераду назад, а зверху нібы прыплюснутая. Ілба, бадай, зусім няма, а які ёсць, дык не разбярэш, дзе ён пачынаецца. Нос таксама пляскаты, пераноссе ледзь прыкмегнае. Вочы сядзяць надта глыбока, а косць над імі выступае наперад, як страха.» (Чалавек.)

2. «У цемры замільгалі постаці нейкіх жывёл, трохі падобных да сабак, але больш прыткіх, з тоўстай шыяй, са спадзістай спінай. Уздоўж усёй спіны тырчала нібыта грыва, а папярод бакоў відаць былі рудыя палосы.» (Пены.)

3. «Жывёлы гэтыя, хоць і падобны былі да нашых сланоў, але ростам пераўзыходзілі іх прынамсі ў два разы. Даўжыня іх цела дасягала 8—10 метраў. Галава была даўжэйшай, як у сланоў, а хобат значна карацейшы. Галоўнай жа адзнакай былі біўні.» (Мастодонты.)

 

Па аповесці У краіне райскай птушкі

1. Высокі мужчына, гадоў пад сорак. Чысты, голены твар яго выказваў гордасць і самаўпэўненасць. Ён заўсёды быў спакойны. Спакойна выслухваў непрыемнасці, спакойна загадваў біць… Быў спакойны і ў вясёлы час.» (Містэр Скот.)

2. «Немалады ужо, але юркі, хітры, дасціпны чалавек з бегаючымі вочкамі і казлінай барадой.» (Грэк Кандаракі.)

3.»Нізкі, тоўсты, зласлівы. Меў 45 год і за свой век змяніў шмат прафесій. I нідзе не меў удачы праз свой характар.» (Містэр Брук.)

 

Па аповесці Сын вады

1. «Колер скуры бледна-жоўты, твар шырокі, вочы вузкія, а нос роўны, прамы, нават прыгожы. Валасы чорныя, доўгія, спускаюцца ўніз, як кара. І каб іх не вырывалі спераду, то чалавек і свету не бачыў бы » (Фуіджы.)

2. «Высокая, дужая, суровая. На бронзавае цела накінута бронзавая накідка, пашытая са шкур гуанака, лісіцы і пацукоў.» (Она.)

3. «На іх глядзела страшэнная галава, такая агідная і жудасная, што той чорт… Страшней за ўсе былі вочы, велічэзныя, пукатыя, нібы шкляныя. Яны свяціліся ў вадзе зеленаватым колерам і глядзелі ўпарта, не міргаючы, з нейкім жудасным выразам… А вакол галавы замест валасоў варушыліся ціхенька змеі.» (Спрут.)

Конкурс перакладчыкаў

З дапамогай беларуска-рускага слоўніка перакласці на рускую мову невялічкія ўрыўкі з аповесцей. (Па адным чалавеку ад каманды.)

Конкурс “Хто хутчэй?”

Пакуль перакладчыкі працуюць, іх таварышы адказваюць на пытанні.

 

Палескія рабінзоны

1. «Здабудзем агонь, як гэта робяць дзікуны, — і ўся табе музыка.» Як здабывалі агонь дзікуны? (3 дапамогай сухога дрэва.)

2. «Мірон недзе чытаў, што ёсць на зямлі куткі, дзе людзі ўжываюць замест солі…» Што можна выкарыстаць замест солі? (Попел.)

3. «Хоць нашы хлопцы і не думалі любавацца прыродай, але мімаволі спыніліся перад такім хараством і моўчкі пачалі азірацца. А праз некалькі хвілін пачулі, што ў кустах нехта… папярхнуўся і закашляўся. Сэрцы таварышаў моцна закалаціліся: чалавек?» Хто напалохаў хлопцаў? (Казуля.)

4. «Хутка з вады зноў высунулася тупая, круглая галава. Праз хвіліну другая, трэцяя. Двое падышлі да пачатага дрэва і ўзяліся за працу.» Пра каго ідзе размова? (Бабры.)

5. “— Што ты бачыў? — запытаўся Віктар. — Вярблюда.” Адкуль на Палессі вярблюды? (Рысь напала на лася.)

 

Чалавек ідзе

1. Чым першабытныя людзі адрозніваліся ад малпы? (Хадзілі, стаялі на двух нагах; рукі карацейшыя, чым у малпы; большы аб’ём чэрапа.)

2. «Вось яны ўжо бліжэй і бліжэй, вось ужо відаць бліскучыя вочы, чуецца скрыгат зубоў, вось засталося некалькі крокаў…» Якая небяспека пагражала гурту людзей? (Гіены.)

3. Як пазнаёміліся першабытныя людзі з агнём, як навучыліся здабываць яго? (Маланка падпаліла старое дрэва.)

4. 3 гэтага часу чалавек зрабіўся самай дужай, самай магутнай істотай на зямлі. Ён ужо мог нікога не баяцца апрача такіх, як ён сам…» Што дае падставу для такога сцвярджэння? (Перамога ворага ў бойцы са зброяй ў руках.)

5. «Людзі зараз жа кінуліся лавіць рыбу, але з крыкам адскочылі назад: вада была гарачая.» Чаму вада была гарачая? (Вулкан.)

 

У краіне райскай птушкі

1. Чаму Чунг-лі вымушаны быў уцякаць? (Сутычка з містэрам Брукам.)

2. «На другі раз усіх узварушыў крык боцмана Старка: — Глядзіце, глядзіце: на левым беразе чалавек на кані! Каб у нас закрычалі: «Глядзіце, слон на самалёце!», то здзівілі б людзей менш, чым тут словы «чалавек на кані». Чаму? (Коней там зусім не было.)

3. Хто такі Міклуха Маклай? Што ў папуасаў азначае слова «макрай»? (Добры чалавек.)

4. Чаму звычайна містэр Скот не лавіў уцекачоў з плантацыі? (Уцекачы, парушыўшы ўмову, нічога не атрымлівалі.)

5. Чаму папуасы не прынялі ідэй хрысціянства? (Лічылі, што бог Саку дапамагае толькі белым.)

 

Сын вады

1. Аб чым марыў Манг? (Мець кану, каб плысці куды хочаш.)

2. Ці збылася мара Манга і ці прынесла гэта хлопцу шчасце? (Манг паплыў, куды даўно хацеў: у краіну белых людзей, але быў там нешчаслівы.)

3. Як здабываў Манг агонь? (Стукаў каменем аб камень.)

4. «Рэч была такая рэдкая, такая прыгожая і цікавая ў іх жыцці, што задарма губляць яе было шкада.» Якую рэч баяўся згубіць Манг? (Дзяўчыну.)

5. «Аднойчы Мгу з дачкой Тандо «збіралі» плады з дрэва.» IIIго гэта былі за плады? (Чарапашкі, малюскі, ракі, мядузы.)

Конкурс “Юныя натуралісты”

Удзельнікі кожнай каманды знаёмяць з флорай і фаўнай, пра якія гаворыцца ў аповесці. Даецца азначэнне словам флора і фауна.

Конкурс “Юныя географы”

Камандзе «Палескія рабінзоны» — паказаць на карце свету Беларусь, а на карце Беларусі знайсці Палессе. «Чалавек ідзе«: паказаць на карце свету Еўропу сучасную і растлумачыць, якія змены адбыліся з першабытных часоў, як тады выглядала Еўропа. «У краіне райскай птушкі«: знайсці на карце свету Новую Гвінею. «Сын вады«: знайсці і паказаць Вогненную зямлю і Магеланаў праліў.

Конкурс капітанаў

Выправіць памылкі ў тэксце.

 

Палескія рабінзоны

Хлопцы вельмі добра ведалі прыроду, лес, вёску. Яны шмат падарожнічалі. (Далей як за 10 км ад города ім ніколі не даводзілася быць.)

Вучыліся абодва добра, чыталі шмат кніжак, асабліва прыгодніцкіх. Паступова выявілася, што Мірон цікавіўся больш заалогіяй, Віктар — батанікай. (Наадварот, Мірон захапляўся батанікай, а Віктар — заалогіяй.)

 

Чалавек ідзе

Лес парадзеў, і нашы падарожнікі выйшлі на палянку ля крыніцы. Тут зрабілі прывал. Тут толькі заўважылі, што з іх гуртка трох ужо не хапае… (Не заўважылі, бо не ўмелі лічыць.)

Адны селі адпачываць, другія пайшлі «пасвіцца», трэція падышлі да крыніцы напіцца. Там яны лажьшіся на жывот і, апусціўшы галаву, пілі проста з крыніцы. Наогул яны не баяліся вады і з вялікім задавальненнем лезлі ў раку ці возера. (Вельмі баяліся вады.)

 

У краіне райскай птушкі

Трэба адзначыць, што сярод рабочых станцыі, або факторыі, было многа тутэйшых папуасаў. (Толькі дзесятак, астатнія кітайцы, японцы, малайцы.)

На двары негр-кухар, або кок, як усюды на моры завуць кухараў, зварыў ужо вялізны казан чорнага варыва з бобу. Боб і рыс, багата прыпраўленыя мясам, былі любімай стравай рабочых. (Мяса ніколі не бачылі.)

 

Сын вады

Манг забіў Нгару за тое, што той забраў яго кану. (Нгару забіў асьміног.)

Забраўшы човен Нгары, Манг паехаў шукаць краіну белых людзей. (Белую птушку.)

Лінгвістычны конкурс

Дзеці тлумачаць лексічныя значэнні слоў.

Палескія рабінзоны

Даецца слова душагубка ў сказе: З’есці мы збіраліся гэтую душагубку, ці што? Слова ляцяга: Жывага нязграбна поркалася ў вілаваціне бярозы. Віктар прыгледзеўся: «Гэта ляцяга…» Слова дзьмухаць: Мірон пачаў дзьмухаць. Словы млын, гута: Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара на шкляной гуце.

Чалавек ідзе

Тлумачацца словы малпа, істота, вільгаць, трус, выцялі ў наступных сказах: 1. Тым часам выходзіць, што перад намі не малпы, а нешта накшталт людзей. I сапраўды: гэта былі першыя істоты, якім больш-менш можна было даць назву чалавек. 2. Холад і вільгаць зноў абхапілі людзей, але пакуль што яны іх не адчуваюць. 3. I пачалі тады хлопцы ганяцца за трусам. 4. Важак і Краг ухапілі два сукі… і выцялі па спінах таго-другога з няпрошаных гасцей.

У краіне райскай птушкі

Словы гумавы, копра, аздоблены, чарапашкі, белы ў сказах: 1. Урэшце яны абодва апынуліся на гумавай плантацыі ў Новай Гвінеі. 2. Пасля гумы галоўнае месца займала копра. 3. На руках і нагах былі бранзалеты, па-майстэрску аздобленыя чарапашкамі. 4. Вось наш брат Саку. Ён уцёк ад нас і доўга жыў з белымі.

Сын вады

Словы кану, волат, дзікун, кандор, нагавіцы ў сказах: 1. Але гэта — і не вельмі далёка — плыве такая самая кану нейкага фуіджынца. 2. Ля волата-карабля бездапаможна гойдалася муха-лодка. 3. За ўсё свае жыццё яна нікога так не чакала, нікога так не жадала бачыць, як цяпер гэтага дзікуна-«людаеда». 4. Кандор цяпер ужо думаў не толькі аб самім сабе. 5. Адзін вясёлы паніч праз хвіліну прынёс яму нагавіцы.

Конкурс мастакоў

Да урока каманды падрыхтавалі ілюстрацыі да сваіх твораў. Мастацкі конкурс прадугледжвае іх абмеркаванне і калектыўную ацэнку.

Конкурс кокаў

Кожная каманда мае свайго кока, які павінен скласці меню, карыстаючыся стравамі, якія ўжываюць героі аповесці.

Кожны адказ ацэньваецца, вынікі заносяцца ў табліцу. У канцы ўрока настаўнік падагульняе іх і называе каманду, якая найбольш паспяхова справілася з праграмай падарожжа. Каменціруюцца адказы другіх каманд, выстаўляюцца адзнакі.

Аўтар І.Г. Згрундо

 

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Водгукі на “Урок пазакласнага чытання. Падарожжа у краіну Янкі Маўра”

Пакінуць водгук

Што шукаеш?