Нашы сябры

Тэст. 7 клас. Групы прыслоўяў па значэнні. Варыянт 1


1. Пазначце групы па значэнні, якія адносяцца да прыслоўяў.

а) спосабу дзеяння; б) рэчыўныя; в) меры і ступені; г) прыналежныя; д) месца; е) зборныя.

2. Падкрэсліце прыслоўі мэты.

а) ніколі, назаўсёды, напаказ, выключна;

б) досыць, шэптам, знарок, затое;

в) уперад, удвая, спачатку, наўмысна;

г) даверху, назло, сарамліва, спрасонку;

д) нездарма, непадалёку, нячутна, надоўга.

3. Адзначце сказы, у якіх ужыты прыслоўі мэты ці прыслоўі прычыны.

1. Мы са школы выйшлі, глянулі навокал: расцвітаюць вішні каля школьных вокан.

2. Нічога не скажаш: добрая новая маці ў Лёнькі. Але мамай чамусьці ён назваць яе не можа.

3. Марта ж, яго жонка, за нечым была выйшаўшы ў двор.

4. Гэта рэха так адгукнулася — нібы знарок насміхалася з хлопчыка.

5. Новыя хаты, наадварот, — выстраіліся ў рад, як напаказ. I глядзяць на свет не задумлівымі, а цікаўнымі вокнамі.

6. У той дзень, калі здарыўся гэты яго ўчынак з трохрублёўкаю, ён назнарок прыбег праз агароды памагаць ёй складаць атаву.

4. Якое прыслоўе з прапанаваных вы выберыце? Падкрэсліце свой варыянт.

1. Сонечныя прамяні (уранні — апоўдні — апоўначы) былі падобны на раскалёныя іголкі.

2. Глядзім (навокал — туды-сюды — усюды), а дзеда не відна.

3. Здзіўленыя, убачыўшы такое, (маўкліва — ціха — моўчкі) глядзелі мы на нашага дзеда Мацвея.

4. Хлапчук, (асабіста — асабліва — надзвычай) здзівіўся, калі ўбачыў на вокнах кветкі — чырвоныя, сінія, яны цвілі, як летам!

5. — Мы цяпер (удваіх — двойчы — удвух) з Васілём даглядаць цябе будзем, — сказаў каню Лёнька. — Ты прывыкай да нас, прывыкай…

6. Час цягнуўся (імкліва — марудна — павольна), стаяла летняя гарачыня, і дарога здалася ўсім цяжкай і доўгай.

5. Выберыце правільнае азначэнне асобай групы прыслоўяў — слоў стану (прэдыкатыўных прыслоўяў).

Асобая група прыслоўяў (словы стану) — гэта…

а) словы, якія прымыкаюць да дзеясловаў і выконваюць ў сказе ролю акалічнасці;

б) словы, якія абазначаюць стан прыроды або чалавека і ў сказе з’яўляюцца выказнікамі;

в) словы, якія абазначаюць прымету дзеяння і выконваюць у сказе ролю выказніка.

6. Якое сцверджанне правільнае?

Цяпер блізка веку тут ціха і спакойна, замак вясёла пазірае у неба, мяняючы час ад часу свой выгляд пад рукамі чалавека.

а) у гэтым сказе тры прэдыкатыўныя прыслоўі — ціха, спакойна, вясёла;

б) у гэтым сказе адно прэдыкатыўнае прыслоўе — вясёла;

в) у гэтым сказе два прэдыкатыўныя прыслоўі — ціха, спакойна.

7. Што абазначаюць словы стану (прэдыкатыўныя прыслоўі) у наступным сказе? Выберыце правільны адказ.

Крыўдна было, што не адны мы прыехалі, што мы не першыя, і сорамна, што паводзіў сябе так, быццам узнагароды патрабаваў за прыезд.

а) стан прыроды; б) стан чалавека; в) магчымасць выканання дзеяння; г) неабходнасць выканання дзеяння.

8. Колькі слоў стану (прэдыкатыўных прыслоўяў) у дадзенай страфе? Назавіце правільны адказ.

Хлопчыкі, не крыўдзіце дзяўчынак,
Хлопчыкі, вы ж будучыя воіны.
Помніце: без дружбы немагчыма
Перайсці праз ростані і войны. (К. Кірэнка)

а) няма; б) адно; в) два.

9. Адзначце фразеалагізмы, якія ў сказе выконваюць такую самую сінтаксічную ролю, як і прыслоўі.

а) сядзець на карку; б) махнуць рукой; в) у свіныя галасы; г) стрэляны верабей; д) рукой падаць.

10. Адзначце сказы, у якіх ёсць фразеалагізмы, што выконваюць такую самую сінтаксічную ролю, як і прыслоўі.

1. Жалудоў урадзіла — хоць награбай лапатаю.

2. Ён не выносіў бяздзеяння, а тут вымушаны быў сядзець склаўшы рукі.

3. Спакон вякоў пяе народ, і песні б’юць жывой крыніцай.

4. Вялікага парадку ў лесе няма: сосны растуць як папала, хоць і былі некалі пасаджаны пад шнур.

 

Адказы

1. а, в, д; 2. а) напаказ, б) знарок, в) наўмысна, г) назло, д) нездарма; 3. — 2, 4, 5, 6; 4. 1) апоўдні, 2) туды-сюды, 3) моўчкі, 4) асабліва, 5) удвух, 6) марудна; 5. б; 6. в; 7. б; 8. б; 9. в, д; 10. — 1, 3, 4.

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?