Нашы сябры

Тэст. Групы прыслоўяў па значэнні. 7 клас. Варыянт 2


1. Пазначце групы па значэнні, якія адносяцца да прыслоўяў.

а) абстрактныя; б) меры і ступені; в) часу; г) мэты; д) адносныя; е) спосабу дзеяння.

2. Падкрэсліце прыслоўі прычыны.

а) спрадвеку, дастаткова, чамусьці, чароўна;

б) спрасоння, прыблізна, наўмысна, штогод;

в) надзвычайна, нязручна, згарача, загадзя;

г) выключна, начыста, нездарма, сёлета;

д) прыблізна, штосілы, раніцай, спрасонку.

3. Адзначце сказы, у якіх ужыты прыслоўі спосабу дзеяння, а таксама прыслоўі меры і ступені.

1) Пасярод стаяла невысокая купчастая елачка.

2) Над купчастай імшарынай пацешна ўзнімаецца бусел, паважна ляціць над полем, выцягнуўшы ўперад сваю задуменную дзюбу.

3) Раз-пораз нейкая птушка падавала прыцішаны голас.

4) Юлька азіраецца і бачыць: напрасткі праз выган бяжыць да іх «козлік».

5) Чамусьці здавалася, што нехта з гэтай гушчыні назірае, цікуе, і ў галаву мімаволі лезлі страшныя гісторыі з казак, якія расказваў дзед Ігнат.

6) Дзе яшчэ так наўзахапкі могуць спяваць салаўі і задзірыста цокаць вавёркі!

4. Якое прыслоўе з прапанаваных вы выберыце? Падкрэсліце свой варыянт.

1) «Тук-тук-тук» — грыміць наўкола, аж з кары паузе дымок. Так грукоча (выпадкова — старанна — адмыслова) той дзюбаты малаток.

2) На чыгунцы Мікалай пахадзіў, прыгнуўшыся, (вакол — туды-сюды — сям-там), паслухаў — нікога нідзе не заўважыў, нічога падазронага не пачуў.

3) (Выключна — настолькі — надзвычайна) бедная была хата, што і печкі няма.

4) Выйдзеш за вёску — жытнёвыя хвалі коцяцца, цёплыя, плыняць (уверх — некуды — наўсцяж).

5) Прабіцца ў космас чалавек спрадвеку меў імкненне. I вось (знянацку — нарэшце — аднойчы) перасёк зямное прыцягненне.

6) Вольга Пятроўна распытала, дзе і калі гэта было, (страшна — трошкі — вельмі) захвалявалася і падзякавала вучню за прынесенае добрае слова.

5. Выберыце правільнае азначэнне асобай групы прыслоўяў — слоў стану, або прэдыкатыўных прыслоўяў.

Асобая група прыслоўяў (прэдыкатыўныя прыслоўі) — гэта…

а) словы, якія спалучаюцца з дзеясловамі і выконваюць у сказе ролю акалічнасці;

б) словы, якія абазначаюць прымету дзеяння, іншай прыметы або прадмета і выконваюць у сказе ролю акалічнасці ці азначэння;

в) словы, якія абазначаюць стан прыроды або чалавека і ў сказе з’яўляюцца выказнікам.

6. Якое сцверджанне правільнае?

Можа быць, яны б і разышліся, затаіўшы лёд у сэрцы, але вакол было так цёпла, мірна і ў саміх на душы было так бесклапотна, што лёд гэты не трымаўся.

а) у гэтым сказе чатыры прэдыкатыўныя прыслоўі — вакол, цёпла, мірна, бесклапотна;

б) у гэтым сказе два прэдыкатыўныя прыслоўі — цёпла, мірна;

в) у гэтым сказе тры прэдыкатыўныя прыслоўі — цёпла, мірна, бесклапотна.

7. Што абазначаюць словы стану (прэдыкатыўныя прыслоўі) ў наступным сказе? Выберыце правільны адказ.

Каб развіць у сабе пачуццё такту, трэба часцей ставіць сябе на месца іншага.

а) стан прыроды; б) стан чалавека; в) магчымасць выканання дзеяння; г) неабходнасць выканання дзеяння.

8. Колькі слоў стану (прэдыкатыўных прыслоўяў) у наступным сказе? Назавіце правільны адказ.

Валодзьку таксама было страшнавата, але ён і знаку гэтага не падаваў Федзьку.

а) няма; б) адно; в) два.

9. Адзначце нумары фразеалагізмаў, якія ў сказе могуць выконваць такую самую сінтаксічную ролю, як і прыслоўі.

а) збіцца з панталыку; б) насіць на руках; в) гады ў рады; г) лёгкі на язык; д) за дзедам шведам.

10. Адзначце нумары сказаў, у якіх ёсць фразеалагізмы, што выконваюць такую самую сінтаксічную ролю, як і прыслоўі.

1) Ляжыць Міколка ні жывы ні мёртвы і толькі чуе, як моцна б’ецца і вырываецца з грудзей яго маленькае сэрца.

2) Стаміліся ўсе і ішлі нага за нагу.

3) Адно зернетка падхапіў вецер і панёс у белы свет.

4) — Я адчуваю себя не ў сваёй талерцы, — сказаў госць.

 

Адказы

1. б, в, г, е; 2. а) чамусьці, б)спрасоння, в) згарача, г) нездарма, д) спрасонку; 3. — 2, 4, 5, 6; 4. 1) адмыслова, 2) туды-сюды, 3) настолькі, 4) наўсцяж, 5) нарэшце, 6) трошкі; 5. в; 6. в; 7. г; 8. б; 9. в, д; 10. — 2, 3, 4.

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?