Нашы сябры

Урок-спаборніцтва па тэме «Лексіка»


— Сёння ў нас своеасаблівы урок, урок-спаборніцтва, абагульняльны урок па тэме «Лексіка». У нас тры каманды: «Васількі», «Рамонкі», «Пралескі».

Наша мова — гэта наш скарб. На наш урок з беларускіх палёў трапіла сціплая кветачка — рамонак. Яна незвычайная, на ёй напісаны пытанні па тэме «Лексіка»:

1. Што такое лексіка?
2. Што такое лексічнае значэнне слова?
3. Якія словы называюцца мнагазначнымі?
4. Амонімы. Чым яны вызначаюцца?
5. Якія словы называюцца сінонімамі? антонімамі? Прывесці прыклады. Расказаць аб прамым і пераносным значэнні слоў.
6. Што такое фразеалагізмы? Для чаго яны служаць у мове?
7. Якія словы называюцца агульнаўжывальнымі? дыялектнымі? прафесійнымі?

— Кожнае слова нашай багатай мовы захоўвае непаўторны сэнс. Але ўслухайцеся ў мелодыю яго гукаў, і тады слова раскажа вам шмат цікавага пра сябе. Перад вамі назвы месяцаў на рускай мове. Ваша задача — перакласці іх на беларускую мову і растлумачыць, чаму яны так названы ў беларускай мове.

3 балельшчыкамі праводзім эстафету. Трэба прыдумаць прыказкі і прымаўкі з кожнай парай слоў:

адклад — лад; пагонішся — не зловіш; каса — камень; адмерай — адрэж; пасееш — пажнеш; жыві — вучыся.

— А зараз я прачытаю тэкст, а вам трэба выпісаць агульнаўжывальныя словы, якія абазначаюць: назвы прадметаў (запісваюць «Васількі»), прыметы прадметаў («Рамонкі»), дзеянні («Пралескі»).

Радзіма… Якое ёмістае, глыбокае, змястоўнае слова. Як многа яно значыць для сапраўднага патрыёта, які ніколі ей не здрадзіць. Яна пачынаецца з тых сцяжынак, па якіх хадзіў калісьці басанож, з тых лясоў, пералескаў, што раскінуліся вакол тваёй вёскі або горада, з той школы, парог якой пераступіў з трапяткім сэрцам, і з тых палёў, на якіх працаваў разам з дарослымі. I потым, дзе б ні быў, куды б ні закінуў цябе лёс, мясціны гэтыя заўсёды ў тваёй памяці, заўсёды з табою. І ты вяртаешся да іх, каб хоць крышачку пабыць там, каб успомніць водгулле тых далёкіх гадоў.

— Пакуль журы працуе, мы з вамі паразважаем. Ёсць антонімы праўда і хлусня. I вось два хлопчыкі разважаюць пра гэтыя антонімы. Адзін з іх даводзіць, што ёсць хлусня у імя дабра, у імя выратавання. А вы як лічыце? Назавіце прыказку, якая сугучна гэтай спрэчцы («Лепш горкая праўда, чым салодкая мана»).

— Вы добра ведаеце, якія словы называюцца мнагазначнымі. Сярод наступных слоў знайдзіце мнагазначныя. Запішыце іх значэнне, прыдумайце два прыклады:

серп, комін, зямля, камбайн, маланка, гасціннасць, абрэз, камар, асенні, бацькаўшчына, гладыёлус, геркулес, адвага, малюнак, план, прыклад.

— Якое ж свята без паштовак. Толькі паштоўкі нашы крыху незвычайныя. Яны з загадкамі і заданнямі. Хто справіцца з заданнем, адгадае загадку, таму на памяць аб нашым уроку застанецца гэтая паштоўка. Разгледзьце малюнкі і скажыце, чаму вучань зрабіў такія ілюстрацыі.

1. Рытвінскага вельмі злавала думка, што нейкі хлапчук колькі часу вадзіў яго за нос. (Малюнак: хлопчык вядзе другого хлопчыка за нос).

2. Павіснуў на тэлефоне і вісіць. А ў мяне задачка не атрымліваецца. (Малюнак: хлопчык вісіць на тэлефоне на шнуры.)

3. Са мною было так: дзе служыў, там і кінуў якар, дадому не паехаў. (Малюнак: хлопец трымае высока над галавою якар і як бы хоча яго кінуць.)

— Растлумачце значэнне фразеалагізмаў з дапамогай сінанімічных слоў з калонкі насупраць. Растлумачце этымалогію (паходжанне) другога фразеалагізма.

1. насіць на руках                                 вельмі забруджана

2. мамаева пабоішча                          драмаць

3. вывесці на чыстую ваду              выкрыць злачынныя намеры

4. як жару ўхапіўшы                         выказваць асаблівую ўвагу

5. кляваць носам                                 вельмі хутка

6. аўгіевы канюшні                             бойкая спрэчка, непарадак

Прапануецца крыжаванка.

Па гарызанталі:

1. Моўная адзінка, якая складаецца з гукаў і мае лексічнае значэнне (слова).
2. Кніга, у якой сабраны і размешчаны ў алфавітным парадку ўсе словы (слоўнік).
3. Словы адной і той жа часціны мовы, якія па-рознаму вымаўляюцца і пішуцца, але абазначаюць адзін і той жа прадмет (сінонімы).

Па вертыкалі:

4. Словы адной і той жа часціны мовы, якія аднолькава вымаўляюцца і пішуцца, але абазначаюць розныя прадметы ці з’явы (амонімы).
5. Словы адной і той жа часціны мовы, якія маюць супрацьлеглае значэнне (антонімы).
6. Усе словы мовы (лексіка).

 

Аўтар Г.А.Рыбакова

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?