Нашы сябры

Утварэнне і правапіс прыслоўяў. Тэст. Варыянт I


1. Асноўныя спосабы ўтварэння прыслоўяў — гэта…

а) словаскладанне; б) абрэвіяцыя; в) прыставачны; г) канчаткавы; д) прыставачна-суфіксальны; е) суфіксальны; ж) прыставачна-постфіксальны.

2. Вызначце прыслоўі, утвораныя прыставачна-суфіксальным спосабам.

а) спераду, няцяжка, наверсе, бягом;

б) вечарам, падоўгу, знізу, наводдаль;

в) уперамешку, даверху, дзе-небудзь, тройчы;

г) рашуча, апоўдні, нідзе, надоўга;

д) наглуха, крадком, учатырох, абы-дзе.

3. Вызначце прыслоўі, утвораныя ад назоўнікаў суфіксальным спосабам.

а) дабром; б) крадком; в) вожыкам; г) залпам; д) бягом; е) вечарам; ж) цягам; з) касяком.

4. Ад якіх слоў утвораны прыслоўі? Выберыце ў дужках правільны адказ.

а) недалёка (далёкі — далека);

б) пазалетась (летась — лета);

в) наводдаль (даль — воддаль);

г) па-вясноваму (вясна — вясновы);

д) па-гаспадарску (гаспадар — гаспадарскі);

е) увесну (вясна — вясенні)

ж) даверху (верх — верхні);

з) здаўна (даўно — даўні).

5. Якія прыслоўі утвораны шляхам складання слоў?

а) паўсюдна; б) пасрэдна; в) паўжартам; г) паслязаўтра; д) паслядоўна; е) паўтлуста; ж) паўторна; з) напаўголаса.

6. Якім спосабам утвораны наступныя прыслоўі? Выберыце правільны адказ.

Дадолу, здалёку, наколькі, падоўгу, патроху, утраіх.

а) прыставачным; б) суфіксальным; в) прыставачна-суфіксальным; г) словаскладаннем.

7. Якія прыслоўі утвораны ад прыметнікаў?

а) злева; б) упрыкуску; в) па-нашаму; г) дабяла; д) па-святочнаму; е) весела; ж) дабром; з) начыста.

8. Калі не (ня) з прыслоўямі на -а, -е пішацца разам?

а) калі ў сказе ёсць або падразумяваецца слова з супрацьлеглым значэннем;

б) калі слова без не (ня) не ўжываецца;

в) калі прыслоўе з не (ня) можна замяніць сінонімам без не (ня);

г) з формамі вышэйшай ступені параўнання прыслоўяў.

9. Які адказ будзе правільным?

Чаму прыслоўі недзе, некалі, нельга, неадкуль, нечага, неяк з часцінай не пішуцца разам?

а) таму што гэтыя словы без не не ўжываюцца;

б) таму што гэта неазначальныя прыслоўі.

10. Назавіце сказы, у якіх не з прыслоўямі пішацца разам.

1) Закладзі спадчыну ў мову — перш за ўсё. Бо выдзьмуць вятры гісторыі і напамінак пра тых, хто (не) дбала адмахваецца ад яе, як ад нечага брыдкога і аджытага…

2) Слова! Адно яно будзе жыць, бо ў мове закладзена вялікая жыццетрываласць, і (не) здарма дайшло ад старажытных: «Упачатку было Слова, і Слова было ад Бога, і Бог быў Слова».

3) 3 базару людзі валяць валам, хто мёд нясе, а хто — касу … А я — (не) многа і (не) мала — сто новых прыказак нясу.

4) Я спыніўся і моўчкі стаў слухаць мелодыю слоў (не) звычайна прываблівай, напаўзабытай гаворкі.

5) У мовы інтанацыі свае, дасведчаны адразу іх пазнае; так (не) таропка ручаёк пяе, так мякка шэпча цішыня лясная.

 

Адказы

1. а, в, д, е; 2. а) спераду, наверсе, б) падоўгу, знізу, в) уперамешку, даверху, г) апоўдні, надоўга, д) наглуха, учатырох; 3. а) дабром, в) вожыкам, г) залпам, е) вечарам; з) касяком; 4. а) далека, б) летась, в) воддаль, г) вясновы, д) гаспадарскі, е) вясна, ж) верх, з) даўні; 5. в) паўжартам, е) паўтлуста, з) напаўголаса; 6. в) прыставачна-суфіксальным; 7. а, г, д, е, з; 8. б, в; 9. б; 10. 1, 2, 4, 5.

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?