Нашы сябры

Да свята Перамогі. Пастаноўка па апавяданні I. Чыгрынава «Бульба».

Інсцэніроўка па апавяданні I. Чыгрынава «Бульба».

Гучыць музычны фрагмент з песні «Дороги» (муз. А. Новікава, сл. Л. Ашаніна). На сцэне ля імітаванага вогнішча тры хлапчукі.

 

Ванька. Уранні прыйшлі нашы. Спачатку па бальшаку прагрукалі танкі, пасля з-за пагорка паказалася пяхота. Калоны пехацінцаў павольна спускаліся ў нізіну і накіроўваліся далей. У вёсцы дагаралі хаты. За лесам была перадавая, адтуль даносіліся кулямётныя чэргі, гулі маторы. На папялішчы патрохі сыходзіліся людзі. Ніхто не плакаў. Не смяяліся салдаты. Яны ішлі маўклівыя. У сорак трэцім мы былі яшчэ зусім малыя, але запомнілі гэтых салдатаў. Мы — гэта Мішка Бычыхін, Санька Брылёў і я. У вёску тады мы першыя прыбеглі з лесу і ўжо паўдня сядзелі ў сасняку ля школы, запаліўшы вогнішча. Школа ўцалела. Пауз яе цяпер ішлі салдаты. А мы моўчкі ўглядаліся ў іх стомленыя твары. А пад самы вечар ля нас спыніліся артылерысты, іх было чалавек 20, з адной маленькай гарматкай. Яны былі вясёлыя людзі, не тое што змардаваныя пехацінцы.

З’яўляюцца байцы.

Артылерыст. Глядзіце, якія партызаны нас тут сустракаюць. Здароў, хлопцы. (Да Санькі.) Чаму ў цябе рыжая галава?

Санька. Выгарала.

Артылерыст. На сонцы?

Санька. Ыгы.

Мішка. У яго шапкі няма.

Артылерыст. Шапкі няма? Эй, Сідараў, топай сюды! (Той прыйшоў.) Слухай, Сідараў, вось гэтаму меднаму кацялку патрэбна шапка. Ты разумееш, у яго шапкі няма, а ў цябе дзве, пілотка і вушанка. Я ўчора бачыў вушанку ў тваім мяшку. Ты вытрас бы з яго, а? Ну, Сідараў, аддай хлопцу шапку.

Сідараў. Дык я ж гэта для свайго сына.

Артылерыст. Я так і знаў, што ты пашкадуеш, і калі ты толькі станеш чалавекам, Сідараў, а? Ну як ты аддасі сыну гэту шапку? Ты думаеш, што скора трапіш на свой Урал? Нам на той свет, братка, бліжэй, чым туды. Ах, Сідараў, Сідараў… Каб я ведаў, што ты такі скупы, то не цягнуў бы цябе за вушы з таго балота. Помніш? Аддай, Сідараў, аддай.

Старшына. Навошта яна табе? Сыну яшчэ лепшую знойдзеш. Пасля бою іх многа валяецца.

Сідараў аддае шапку артылерысту.

Артылерыст. Насі, Санька, насі і ўспамінай мяне. Чуеш? Мяне! Сідарава ўспамінаць няма за што. Гэта ж калі б не я, не было б у цябе гэтай шапкі. Сідараў не даў бы, гэта ўсё я.

Старшына (да артылерыста). Схадзі па лейтэнанта.

Артылерыст. Куды гэта?

Старшына. Ву-унь.

Артылерыст (дзецям). Тады айда, хлопцы!

Старшына. Не бяры іх.

Артылерыст. Чаму? Там прыстрэлку правялі ўжо.

Старшына. Таму і не трэба іх весці туды. Цяпер немец можа батарэю нашчупаць.

Артылерыст прыводзіць двух афіцэраў.

Малодшы лейтэнант. Мая гаспадарка.

Старшы лейтэнант. І нішто сабе гаспадарка.

Малодшы лейтэнант. Эй, старшына! Друга сустрэў. Старшага лейтэнанта. Дык, можа б, ты, старшына, даў чаго-небудзь нам… пакуль немец маўчыць. Ці ёсць там яшчэ?

Старшына. Знойдзем, таварыш камбат.

Артылерыст. Глядзіце, таварыш лейтэнант, як мы тут хлопца прыбралі.

Малодшы лейтэнант. Хто ж яму ўдружыў такую?

Артылерыст. Сідараў.

Малодшы лейтэнант. Сідараў? А я і не думаў, што ён на такое здольны. Не, мусіць, гэта ты яго прымусіў. Скажы, ты?

Артылерыст. Не, ён сам.

Малодшы лейтэнант. Ну, сам дык сам.

Старшы лейтэнант. Ведаеш, Аляксей Фаміч, усё хацеў я бульбы печанай наесціся. Думаў, прыйдзем на беларускую зямлю, накапаю дзе-небудзь бульбы і напяку на такім вогнішчы. Ажно не. Усё не збяруся. Ужо другі дзень на гэтай зямлі, а бульбы не паспытаў.

Малодшы лейтэнант. Ну і жаданне ў цябе, скажу… дзіўнае.

Старшы лейтэнант. Дзіўнае? Але ж аднойчы як накармілі мяне печанай бульбай, дык і дагэтуль смаку той бульбы не забыў. Недзе пад Гомелем было гэта. У сорак першым. Астаткі нашага палка — усяго некалькі чалавек — выходзілі тады з акружэння, ішлі мы ўсю дарогу галодныя. У вёсках немцы. Туды нам нельга заходзіць… Схопяць адразу. Так і бадзяліся галодныя, пакуль не натрапілі на хлапчукоў, такіх вось. Пасвілі яны цялят за вёскаю і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно тыя пячы не паспявалі. І вось з таго часу жыву надзеяй пакаштаваць калі-небудзь яшчэ печанай бульбы, кажуць, беларуская нейкая асаблівая. Не ведаю, цяжка меркаваць мне, чалавеку, які нарадзіўся і жыў у пшанічным стэпе. Але, можа, і сапраўды за яе смачней нідзе не бывае.

Малодшы лейтэнант. У цябе гэта псіхалагічны фактар.

Старшы лейтэнант. Можа. Але ў такіх, як я, ці мала гэтых псіхалагічных фактараў ад сорак першага засталося. Паверыш ці не, урэшце, як хочаш, справа твая, толькі нават раны ад сорак першага ныюць па начах мацней, чым тыя, што пасля былі.

Малодшы лейтэнант. Ну, так. Дык тады за чым затрымка, дарагі мой таварыш! Папросім, і гэтыя вось хлопцы зараз жа навалакуць сюды бульбы, колькі душа твая жадае. Хочаш, нават салдата магу паслаць. Тут жа зусім недалёка.

Старшы лейтэнант. Не, сёння ўжо позна. Я заутра лепш прыйду. Як, хлопцы, будзе бульба?

Дзеці. Будзе.

Малодшы лейтэнант. Ладна, старшына, ідзі. Далей я ўжо і сам здагадаюся, што да чаго. У вас там скора каша?

Старшына. Зараз будзем пачынаць.

Малодшы лейтэнант. Не забудзь хлопцаў гэтых пакарміць.

Ванька. Па зямлі плыў добры вечар, калі была з’едзена салдацкая каша — прасяная, на сале. Мінула яшчэ гадзіна — артылерысты пастроіліся на дарозе і рушылі ўслед за сваей адзінай саракапяткай. Начавалі мы ў школе. 3 лесу вярнуліся сем’і, і ўсе класы былі заняты пагарэльцамі. Спаць давялося на падлозе. Уначы пачаўся на перадавой бой. Немцы пратрымаліся ажно тры дні. Пакуль ішлі баі, мы — Мішка Бычыхін, Санька Брылёў і я — не адыходзілі ад вогнішча, якое ўсё палілі на адным месцы. Па-ранейшаму праз школу рухаліся войскі, а адтуль, пачынаючы з самае раніцы, везлі на машынах параненых. Мы цярпліва сядзелі каля вогнішча і чакалі старшага лейтэнанта. У нас была напагатове для яго печаная бульба. Але старшы лейтэнант не прыйшоў…

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?