Нашы сябры

Класнае мерапрыемства. “Беларуская мова — сродак зносін”


Расказ настаўніка

— Сення да мяне прыйшло цікавае пісьмо (настаўнік паказвае і чытае вучням)

Я прыйду да вас у госці, і мы будзем весела гуляць.
Але спачатку мяне паспрабуйце вы адгадаць.

Для гэтага вам трэба адгадаць загадкі і сабраць першыя літары ў слова.

Загадкі

Я і хмарка, і туман, ручаёк і акіян,
Я лятаю і бягу, і шкляною быць магу. (Вада.)

Па кустах пакаціўся, на зубах раскусіўся. (Арэх.)

Маленькі шарык пад лаўкай шарыць,
Збірае крошкі, баіцца кошкі. (Мышка.)

Круглая літара кацілася па полі
Ды ўвалілася ў словы. (Літара О.)

Атрымалася слова — мова.

Сустрэча са спадарыняй Мовай

Заходзіць спадарыня Мова (гэта можа быць вучаніца старэйшых класаў або маці)

Спадарыня Мова. Прывітанне, дарагія сябры! Вы вельмі добра адгадалі загадкі. I сёння мы з вамі адправімся ў цікавае падарожжа па маёй краіне. Хто можа сказаць, як называецца гэта краіна? (Краіна беларускай мовы). У падарожжа мы паляцім на ракеце, а дарогу будзе паказваць карта. (Мова паказвае вучням карту падарожжа.) Падрыхтавацца да палёту!

Вучні. Ёсць падрыхтавацца!

Спадарыня Мова. Завесці маторы!

Вучні. Ёсць завесці маторы!

Спадарыня Мова. Прышпіліць рамні!

Вучні. Ёсць прышпіліць рамні!

Спадарыня Мова. Пяць, чатыры, тры, два, адзін. Пуск.

Станцыя «Чыстагаворкі і скарагаворкі»

Знайсці адрозненне у вымаўленні па рускай мове і беларускай мове.

Гром гремит, стреляет, в дубы попадает.
Гром грыміць, страляе, у дубы цаляе.

На гэтай станцыі вучні адпрацоўваюць вымаўленне гукаў, развучваюць чыстагаворкі і скарагаворкі.

Чыстагаворкі і скарагаворкі

Ра-ра-ра — над сасной нара.
Ро-ро ро — у Мінску ёсць метро.
Ру-ру-ру — заяц грыз кару.
Ры-ры-ры — гудзелі камары.

На гародзе рос гарох,
А за рэчкай — грэчка.

Ча-ча-ча — злавілі ляшча.
Чо-чо-чо — вазьмі мяне на плячо.
Чу-чу-чу — я да месяца лячу.

Бабка Еўка, дзед Талаш, го-го-го!
Паехалі на кірмаш, го-го-го!
Што павезлі прадаваць, го-го-го!
Гэта лёгка адгадаць, го-го-го!

У чаплі чапляня,
У зайкі зайчаня.

У двары горка,
Пад горкай норка.

Прыдумаць свае чыстагаворкі

Гу-гу-гу…
Га-га-га…
Гы-гы-гы…

Станцыя «Загадкі»

Загадкі

Белы, ды не цукар,
Лёгкі, ды не пух.
Нараджаецца лятучым,
Памірае бягучым. (Снег, ручаек.)

Хвост мой пушысты,
Кажух мой агністы,
Хітрай называюць
I курэй хаваюць. (Лісіца.)

Без акон, без дзвярэй
Поўна хата людзей. (Агурок.)

Крылаў не мае, а лятае,
Без рук, а вароты адчыняе.
Без голасу, а спявае,
Без пугі, а хмары ганяе, (Вецер.)

Доўгая шыя,
Чырвоныя боты.
Белы ды шэры
Ідзе ля дарогі (Бусел.)

Гульня «Прыдумай загадку»

Спадарыня Мова паказвае малюнак, а вучні пачынаюць апісваць прадмет. Настаўнік павінен здагадацца, аб чым ідзе размова.

Ручаёк (які?)… Вецер (які?)… Бусел (які?) … Снег (які?) … Агурок (які?) … Лісіца (якая?)…

Станцыя «Лічылкі і гульні»

Настаўнік просіць дзяцей пералічыць лічылкі, якія яны ведаюць, а затым прапануе яшчэ адну лічылку, якая дапамагае вызначыць вядучага ў гульні.

Саломінка, Яромінка прэла, на мора ляцела.
Касцюк, Масцюк, Радзівон, выйдзі вон.

Гульня «Маша»

Усе становяцца ў кола, пасярэдзіне знаходзіцца Маша з завязанымі вачамі. Дзеці прыгаворваюць:

Маша, ты пацеха наша!
Ручкі з золата, ножкі з долата,
Валасы кудлатыя, а вочы зыркатыя.

Маша хапае каго-небудзь з кола і спрабуе адгадаць, хто гэта. Калі яна адгадвае імя дзіцяці, той становіцца Машай, калі не — працягвае лавіць дзяцей і адгадваць.

Станцыя «Прыказкі і прымаўкі»

Прыказкі і прымаўкі даюць трапныя, часам вельмі вострыя і ўдалыя вызначэнні розных жыццёвых з’яў, чалавечых якасцей, вучаць дабру.

З прыказак, якія прынесла спадарыня Мова, згубіліся словы: бацьку, гору, працы, насмяшыць, не сумуе. Гэтыя словы трэба ўставіцьу прыказкі і іх растлумачыць.

Шануй бацьку з маткай, другіх не знойдзеш.
Слязамі гору не паможаш.
Чалавек без працы, што птушка без крылаў.
Спяшыць — людзей насмяшыць.
Хто працуе, той не сумуе.

Чытанне і аналіз верша «Міколкавы пытанні»

М. Пазнякоў. Міколкавы пытанні

Француз па-французску, па-польску – паляк
Гавораць з маленства, а я, мама, як?
Замежную мову я ў садзе вучу,
А на беларускай — не умею, маўчу.
Чаму, адкажы мне, ты, тата і дзед
Не размаўлялі на роднай нідзе?
Я рускую мову люблю і вучу.
I нашу таксама я ведаць хачу.
Буквар беларускі прашу мне купіць
I родную мову пачну я вучыць.

Абагульняючая гутарка

Ці спадабалася вам беларуская мова?

Чым беларуская мова адрозніваецца ад рускай?

Чаму неабходна вывучаць беларускую мову?

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?