Нашы сябры

Мая зямля, мая Радзіма – Беларусь! Распрацоўка першага ўрока. 5 клас


Гучыць песня А. Агурбаш “Белая Русь”.

1-ы вядучы:

На карце вялікага свету яна як кляновы лісток,
Песня гарачага лета, крынічнай вады глыток.

2-ы вядучы:

Мяжуе з Польшчай, Украінай, Расіяй, Латвіяй, Літвой.
Твой родны край, твая Айчына, жыццё тваё і гонар твой.

1-ы вядучы:

I ты яе запомні імя, як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма названа светла: Беларусь!

2-ы вядучы: У кожнага чалавека ёсць Радзіма, і кожны любіць яе. Любіць месца, дзе нарадзіўся і жыве. Любіць родную прыроду, свой народ. Любіць сваю родную мову і песні свайго народа, казкі, танцы, кнігі … Без бацькаўшчыны і без свайго народа чалавек не можа жыць.

1-ы вядучы: Як прыемна кожны дзень адкрываць для сябе таленавітасць нашага народа, бачыць прыгажосць роднага куточка, слухаць пявучую беларускую мову і адчуваць ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму. Таму першы ўрок мы з вамі прысвячаем нашай Радзіме.

2-ы вядучы:

Яна мне дадзена адзіная на ўсё жыццё, на цэлы век.
Мая адзіная, радзімая ў вянках лясоў і стужак рэк.
Заўсёды самая прыветная, як сонца, свеціцца сама,
Жыве, як мара запаветная, і роўных ёй — нідзе няма. (М.Шаўчонак)

1-ы вядучы: Напэўна, вы ўжо здагадаліся пра які “куток” ідзе размова? Так, пра наш родны край, пра нашу Радзіму. Што ж абазначае слова “Радзіма”? Што такое Радзіма? (адказы вучняў)

1-ы вучань:

Радзіма – гэта шчасце, Радзіма – гэта рай,
Радзіма – гэта песні, што льюцца з краю ў край.
Радзіма – гэта сонца, зямля ў зіхценні рос.
І любім мы Радзіму, яна – наш светлы лёс.

2-і вучань:

Радзіма – не проста слова, а родныя людзі і родная мова,
Лясы, сенажаці ў кветках, камбайны на жытніх палетках.
Не раз прыйдзецца расставацца, ды буду заўсёды вяртацца
У родную вёску, як з выраю, вяртацца з душою шчыраю.

3-і вучань:

Мая Радзіма – наша вёска, і лесу вузкая палоска,
І сенажаць, і поле тое, дзе спее збожжа залатое,
І хата, у якой жыву. Усё Радзімай я заву.

4-ы вучань: Радзіма – гэта тая зямля, на якой я нарадзіўся, дзе нарадзіліся і мой дзед, і мой бацька, і ўсе мы.

5-ы вучань: Радзіма – гэта мая вёска, вуліца, дзе стаіць мая хата. Гэта мая школа і мой клас.

6-ы вучань: Радзіма — гэта і песня, і зялёная трава, па якой можна бегаць і спяваць, на якой можна ляжаць і глядзець у неба, дзе плывуць белыя воблакі.

2-і вядучы: А ці заўважалі вы калі-небудзь, на якой прыгожай зямлі мы з вамі жывём? Якая багатая яна на звычаі і традыцыі, якую слаўную гісторыю мае, колькі знакамітых людзей нарадзіла! А якая яна, наша родная зямля?

7-ы вучань: Гэта залатыя палi збажыны з сінімі вочкамі васiлькоў.

8-ы вучань: Гэта светлыя ад бяроз гаi, што аглухлі ад птушынага звону.

9-ы вучань: Гэта пушчы, дзе горда нясуць свае кроны алені.

10-ы вучань: Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыбы на захадзе сонца.

11-ы вучань: Гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.

1-ы вядучы: Беларусь — еўрапейская дзяржава — зялёны лiсток на карце: лясы, пералескi, лугi, пушчы, ураджайныя палеткi. Вакол нас — карагод краiн: Расiя, Украiна, Лiтва, Польшча. Беларусы здаўна жывуць мудрымi запаветамi прашчураў: «Сонца — на ўсiх адно, Зямля — адна, трымайся сваёй хаты, беражы свой гонар, не бяры чужое».

2-і вядучы: Кожны чалавек павінен ганарыцца той мясцінай, дзе нарадзіўся і жыве, любіць свой родны куточак (малую радзіму) як часцінку нашай Бацькаўшчыны.

1-ы вядучы: Што вы можаце расказаць пра наш родны горад? (паведамленні вучняў)

2-і вядучы: На экране размешчаны гербы нашых гарадоў. Вам неабходна знайсці герб нашага горада.

1-ы вядучы: Наша Рэспубліка Беларусь – незалежная дзяржава і мае свае сімвалы. Дзяржаўны герб, дзяржаўны сцяг і дзяржаўны гімн. Мы павінны ведаць свае сімвалы і адносіцца да іх з павагай і гонарам, як сапраўдныя грамадзяне сваёй краіны.

2-і вядучы: Кожны ведае, што бусел — таксама сімвал роднай Беларусі. Над зялёнымі палямі, над векавымі пушчамі, над зялёнымі лугамі, над блакітнымі стужкамі рэк, над люстэркамі незлічоных азёр лунаюць белакрылыя буслы. Таму нашу краіну называюць зямлёй пад белымі крыламі.

14-ы вучань:

Над прасторай сінявокай Беларусі пралятаў з калыскай у дзюбе бусел.
Аглядаў лясы ён і палеткі, у калысцы нёс матулям дзетак.
Нас таксама ён прынёс на Беларусь, кожны з нас – патомны беларус.
Ведайце ўсе, я ганаруся тым, што нарадзіўся ў Беларусі!

1-ы вядучы: Мая Беларусь… Па нашых землях тапталiся прышэльцы, ворагi. Прыходзiлi да нас з мячамi, з ружжамi i гарматамi, на танках i самалётах. Нiшчылi людзей, палiлi хаты, гарады, адбiралi скарбы. Нiколi i нiкому не ўдавалася зняволiць вольналюбiвы народ. Званы Хатынi, мемарыял у Брэсцкай крэпасцi-героi нагадваюць жывым: «Людзi! Помнiце! Не дапусцiце новай бойнi!»

2-і вядучы: Вялікую цану заплаціў беларускі народ за сваю свабоду. Загінуў кожны трэці беларус у гады Вялікай Айчыннай вайны. У памяць аб загінуўшых у час вайны ўзведзены мемарыялы славы, помнікі, на брацкіх могілках ніколі не вянуць кветкі.

1-ы вядучы:

Шануйце родны край — Айчыну, тых, хто яе абараняў,
Хто ў бітвах з ворагам загінуў, хто перамогу атрымаў.

2-і вядучы: Памяць аб тых, хто аддаў сваё жыццё ў барацьбе з ворагам, будзе заўсёды жыць у нашых сэрцах. Сёння сваімі справамі, думкамі, паводзінамі мы павінны быць дастойнымі сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Светлая памяць усім воінам, якія абаранялі нашу Радзіму і далі магчымасць роднай краіне стаць самай прыгожай у свеце.

1-ы вядучы: Галоўны скарб нашай краіны — ЛЮДЗI! Яны ўслаўляюць сваю зямлю, нясуць у свет добрае iмя беларусаў. Нельга сёння не ўспомніць нашых продкаў, якія ўслаўлялі родную краіну. Полацк даў Беларусі і ўсяму свету шмат выдатных людзей. Наш народ заўсёды будзе памятаць імёны асветніцы Еўфрасінні, першадрукара Францыска Скарыны і славутага паэта Сімяона Полацкага… (вучні расказваюць пра Ф.Скарыну, Е.Полацкую, іншых вядомых беларусаў)

2-і вядучы: Зямля для народа неабходна, як глеба для дрэва. А мова, літаратура кожнай краіны, яе культура — плён гістарычнага развіцця нацыі. Толькі на роднай зямлі чалавек дыхае свабодна, адчувае падтрымку сваіх блізкіх і родных, можа карыстацца спадчынай продкаў.

1-ы вядучы: Менавіта тэме роднай зямлі народ прысвяціў шмат прыказак і прамавак. А ці ведаеце вы іх? Вашай увазе прапануецца гульня «Знайдзіце пару». (Пасля таго як складзена прыказка (прымаўка), вучням неабходна растлумачыць яе сэнс).

Прыказкі і прымаўкі

Няма смачнейшае вадзіцы, як з роднай крыніцы.
Усякай птушцы сваё гняздо міла.
Радзіма — матка, чужына — мачыха.
Роднаму зямелька, як зморанаму — пасцелька.
У сваім краі, як у раі.
На чужыне і камар загіне.
Кожнаму свой куток мілы.
Усюды добра, а дома лепей.
Кожная сасна свайму бору песню пяе.
Родная зямля мякчэй чужой пярыны.
На чужой старане не сагрэе і сонца.
Той Бацькаўшчыну любіць, хто ёй сумленна служыць.
Для сваёй Айчыны не шкадуюць сілы.
Той перамагае, хто ў бядзе са сваёй зямелькі не ўцякае.
Бацькоў не цурайся, а ад Радзімы не адракайся.
З роднага боку і варона мілая.
Хто бацьку шануе, той сабе неба гатуе.
Шануй людзей, то і цябе пашануюць.
Бацькоўскае слова дарэмна не гаворыцца.

2-і вядучы: Кожны з нас, хто жыве ў Беларусі, павiнен задаць сабе пытанне: што я зраблю сёння, цяпер для сваёй адзiнай Айчыны, як пражыву год, каб не было сорамна нi мне самому, нi маёй сям’i. (Думкі дзяцей.)

1-ы вядучы: Давайце, сябры, адкрыем для сябе нашу Беларусь, заганарымся ёй i зробiм усё-усё, каб нашу краiну ведаў i паважаў увесь свет. Вельмі хочацца, каб і вы ў сваіх сэрцах назаўсёды захавалі гордасць, павагу і любоў да роднай зямлі, якая вас гадуе, стварае ўсе ўмовы для вашай шчаслівай будучыні.

2-і вядучы:

Высока ў небе вырай кружыць, ляціць за сiнi небакрай.
Не забывай нiколi, дружа, сваю зямлю, свой родны край!

На дошцы размешчана карта Беларусі. Кожнаму вучню прапануецца закончыць сказ: «Я люблю Беларусь таму, што…» Адказы запісваюцца на картках, якія маюць форму лістка бярозы, васілька, зубраня, бусліка і г.д. Свае адказы школьнікі агучваюць і прымацоўваюць на карце.

 

Аўтар Васілеўская І. Б., Піпір Г. Ф.

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?