Нашы сябры

Ранішнік. “Беларускія краявіды”


Арганізуецца выступленне вучняў перад бацькамі. Зала ўпрыгожана карцінамі і дзіцячымі малюнкамі на тэму «Прырода Беларусі». На сцяне размешчана карта Беларусі. Дзеці прыбраны ў беларускія касцюмы.

Гучыць у запісе песня » Мой родны кут».

Вядучы.

Ой ты, зямля, мая зямля, як маці родная мая.
Я — твой сынок, я — твой сынок, нібы на полі каласок… (А. Дзеружынскі)

Вядучая. Як прыгожа наша маці-зямля! Тут і рэчка, і сцежка лясная, блакітныя азёры, на лузе пчолка залатая, у лесе звон птушак, у полі колас трапяткі.

Вучань.

Мая Радзіма — жытні колас, сінь мурагу, язміну цвет.
Яна — пілы гарачы голас, калёс цяжкіх глыбокі след.
Мая Радзіма — дзе з-за бору ўзыходзіць месяц у начы,
Дзе ў братнім ладзе, у дружным зборы жылі калісьці Крывічы… (Е. Лось)

Вядучы. Паглядзіце на карту Беларусі, і вы адразу ўбачыце, як бягуць сінія стужкі рэк, як глядзяць сваімі блакітнымі вачыма азёры. А колькі лясоў!

Вучаніца.

З маленства сэрцам я ірвуся ткаць песні з вашых паясоў,
О рэкі, рэкі Беларусі сярод лугоў, сярод лясоў! (Г. Бураўкін)

Вучань.

Наш край нарачанскі, край сініх азёраў,
Ты сёння красой веснавою цвіцеш,
Як наша Радзіма, ты сонцам азоран,
I чайкай ляціць твая песня ў бязмеж. (М. Танк)

Вучаніца.

У бары майго дзяцінства льецца птушак звонкі грай,
Дыхай водарам смалістым і душою спачывай. (А. Дзеружынскі)

Вучань.

Сонца грэбнем чароўным чэша соснам кудзяркі.
Там, духмяныя, спакойна спачуваюць вецяркі. (М. Пазнякоў)

Дзеці выконваюць беларускі танец.

Вядучая. Як саграваюць наша сэрца спевы птушак! Многія з іх адлятаюць у цёплыя краіны, але кожную вясну вяртаюцца на радзіму і радуюць нас сваімі песнямі.

Вучаніца.

На галінцы маленькая птушка.
Прыляцела з далёкіх краёў
I спявае — шчабеча пяюшка
Пад гамонку зялёных лясоў.

Вучань.

А народзяцца малыя дзеці,
Заспяваюць на сто галасоў,
Даражэй не знайсці ва ўсім свеце
Краю роднага, звонкіх лясоў. (А. Дзеружынскі)

Інсцэніроўка верша Н. Гілевіча «Птушка ў клетцы»

1 вучань.

Слухай, птушка, гэту клетку для цябе зрабілі мы,
Каб жыла ты тут і ўлетку і не ведала зімы.

Птушка.

Ах, навошта я вам, дзеці? (Птушка ціўкнула ў адказ)
Горка мне тут давядзецца: Я загіну ў клетцы ў вас,

2 вучань.

О, не бойся, мы рыхтуем для цябе найлепшы корм:
Нават цукрам пачастуем і напоім малаком.

Птушка.

Цукар я кляваць не умею, малака не стану піць.
А ў зярнятках разумею ды жучкоў люблю лавіць.

3 вучань.

Ты ж зімой адна загінеш — без цяпла і без яды.
Ці не лепей у хаціне жыць, не знаючы бяды?

Птушка.

Я па поўдні буду грэцца покуль вернецца вясна.
А загіну ў вашай клетцы, будзь хоць з золата яна.

4 вучань.

Праўду кажаш: горка, птушка, у няволі крылы мець.
Вылятай жа, шчабятушка, на свабоду песні пець!

Вядучы. Галоўнай каштоўнасцю беларускай зямлі з’яўляецца беларускі народ.

Вядучая. Ва ўсім свеце беларусы вядомы як добразычлівыя, чуткія, уважлівыя, цярплівыя людзі.

Вучаніца.

Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы,
Надзейныя сябры і дружбакі.
I госць, і падарожны ў нас, як дома.
А злым і травы колюцца ў бакі.

Вучань.

Гатовы ўсё аддаць — і тым багаты,
Мы беларусы, мы народ такі. (Р. Барадулін)

Вядучая. Сёння вы шмат пачулі аб нашым беларускім краі, аб прыгажосці навакольнага асяроддзя.

Вядучы. Кожны павінен памятаць, што прыроднае багацце неабходна нам не толькі зберагчы, але і павялічыць яго, зрабіць нашу Радзіму яшчэ прыгажэйшай.

Вучань.

I гэты край, дзе нарадзіўся, рос,
Дзе днее, вечарэе і світае,
Усё — ад зор далёкіх і да рос —
Твая Радзіма, родная, святая. (Р. Барадулін)

Гучыць у запісе песня «Мой родны кут».

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?