Нашы сябры

Сцэнарый 9 мая. Вайна — боль i памяць народа


На дошцы — словы: “З агульнай колькасці 9200 беларускіх сёл і вёсак, разбураных і спаленых гітлераўцамі за гады Вялікай Айчыннай вайны, 4885 было знішчана карнікамі. Поўнасцю, з усімі жыхарамі, было знішчана 627. У Брэсцкай зобласці — 111, у Гомельскай — 70, у Гродзенскай — 24, у Віцебскай — 222, у Мінскай — 92, у Магілёўскай — 108. З часткай насельніцтва было знішчана 4258 сёл і вёсак. У Брэсцкай вобласці — 188, у Гомельскай — 879, у Гродзенскай — 74, у Віцебскай — 1902. у Мінскай — 537. у Магілёўскай — 673”

Рэквіем па кожным чацвёртым. А. Вярцінскі

Вы бачылі лес, дзе прагал скразны? Скажыце, вы бачылі бор той,
дзе кожнай другой няма сасны ці сама меней — чацвёртай?
Тое ж было з народам маім. Сякера ваеннай навалы
прайшлася бязлітасна па ім, і — прагалы, прагалы.
Яны і сёння не зараслі. Свіцяцца прасторай мёртвай…
Вы бачылі лес, дзе прагал скразны? Скажыце, вы бачылі бор той?
Зямля мая бой прымала, ад стара і да мала,
ад стогадовага Талаша да Казея-малыша.
I падаў, распасцёрты, кожны чацвёрты.
Мір асвятліў нас сваім святлом. Грымелі ўрачыста акорды.
Толькі не быў за святочным сталом кожны чацвёрты.
Доўга не трацілі ўдовы надзей, доўга чакалі маці дзяцей.
Не верылі ўсё, што мёртвы кожны чацвёрты.
Помнім болі і страты свае, памяць шуміць, як чароты.
О, як нам вас не стае — кожны чацвёрты.
Кожны чацвёрты быў мёртвы — мір і спакой ім вечны!
Кожны трэці быў змораны, скалечаны і знявечаны.
Кожны другі на целе меў раны, апёкі ці шрамы.
I ўсе мы, усе мы мелі на душы сваей раны.
Зеўралі ямы, траншэі, зеўралі ямы у друзе —
ранай адной страшэннай на целе маёй Беларусі.
Лічым: чацвёрты кожны. А можа, кожны трэці?
Голадам падкошаныя, паміралі дзеці.
Яшчэ мы не ўлічылі тых, хто лячылі раны,
раны не залячылі, рана паміралі.
Колькі прапала без вестак, без пахавання, памінак!
А колькі потым дзетак узарвалася на мінах!
Лічым: кожны чацвёрты, а той рахунак прыблізны,
а той рахунак няцвёрды, а урон яшчэ больш вялізны.

Гучыць песня «Скрыжаванні вайны» (муз. А. Чыркуна, сл. I. Скурко).

Першы вядучы зачытвае словы, запісаныя на дошцы.

Другі вядучы. Гудуць званы. Гудуць журботна і сурова. Гудуць над светлымі бярозавымі гаямі, над задуменнымі барамі Лагойшчыны, над Беларуссю, над усёй зямлёю.

Хатынь… Тут жылі мірныя людзі, шчырыя працаўнікі. Любілі свае палі і лясы. Вырошчвалі збажыну і лён, былі добрымі жывёлаводамі. Выхоўвалі дзяцей, радаваліся ўдачам і будавалі новае жыццё.

Вайна разбурыла ўсе мірныя планы, злавесным ценем навісла над кожнаю хатай. 149 чалавек, і сярод іх 76 дзяцей, навечна ляглі ў адну брацкую магілу.

Гудуць званы, звіняць званы. Звіняць журботна і сурова.

Вечны сон, вечны звон. А. Вярцінскі

Вы чулі, як у Хатыні звоняць каміны?
Кроў у жылах стыне, як слухаеш тыя званы.
Звіняць, як калісь, на ўсю сваю сінь
сініцы і жаўрукі.
Але не чуе ніхто іх.
Ніхто не глядзіць з-пад рукі.
Узялі у Хатыні слых, зрабілі глухімі ўсіх.
Узялі у Хатыні зрок, далі Хатыні змрок…
Стаяць, як калісь, усцяж каміны,
там, дзе былі двары.
Але не дымяць, а звіняць яны,
Звіняць ад зары да зары…

Гучыць песня «Хатынь» (муз. I. Лучанка, сл. Г. Пятрэнка) або «Салаўі Хатыні» (муз. I. Лучанка, сл. Н. Тулупавай).

Першы вядучы. Цяжка далася Перамога нашаму народу. Але вера ў свае сілы, вера ў непераможнасць Радзімы дапамагла выстаяць у нялёгкай барацьбе. Дапамагла выстаяць і вера ў непераможнасць нашай арміі, вера ў мужнасць, адвагу воіна-вызваліцеля.

Другі вядучы. Гэта ён, да пляча прытуліўшы прыклад,
Трапным стрэлам фашыстаў здымаў,
Гэта ён ваяваў за спакой нашых хат
I грудзямі навалу стрымаў…

Гучыць песня «Балада пра салдата» (муз. У. Салаўёва-Сядога, сл. М. Матусоўскага) або «За бацькамі — сыны» (муз. Я. Глебава, сл. П. Макаля).

Два полі. А. Вярцінскі

Было ў салдата два полі: поле, дзе кветкі ірваў,
бегаў з сябрамі на волі, і поле, дзе ён ваяваў.
Ціха было і чыста ў полі яго дзяцінства,
былі агонь і дым на полі ратным тым.
Два полі было ў салдата. Адно зелянела травой,
другое было ўзарата вайной і паліта крывёй.
Было ў салдата два полі, поле, дзе кветкі збіраў,
бегаў з сябрамі на волі, і поле, дзе ён паміраў.

Першы вядучы. Беларускі народ узняўся на барацьбу супраць гітлераўскіх захопнікаў за свабоду і незалежнасць Радзімы. Жорсткасць акупацыйнага рэжыму толькі ўзмацняла нянавісць да фашыстаў, рабіла супраціўленне ім асабліва ўпартым і непрымірымым.

Ужо на пяты дзень вайны ў Пінскім раёне быў сфарміраваны партызанскі атрад, які ўступіў у бой з захопнікамі. Гэта быў адзін з самых першых партызанскіх атрадаў у Беларусі. Яго ўзначальваў Васіль Захаравіч Корж.

Другі вядучы. Масавы партызанскі рух дапамагаў набліжаць Перамогу. У выніку барацьбы з ворагам у канцы 1943 года партызаны вызвалілі значную частку Беларусі — каля 60 %. Многія з удзельнікаў і арганізатараў партызанскага руху дажылі да Перамогі, але шмат хто загінуў.

Гучыць «Лясная песня» (муз. У. Алоўнікава, сл. А. Русака).

Першы вядучы. Супраць захопнікаў вялі барацьбу як партызаны, так і насельніцтва акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Мірныя жыхары, нароўні з шырокім супраціўленнем ваенным, эканамічным і палітычным мерапрыемствам акупацыйных уладаў, дапамагалі партызанам, рэгулярным часцям Чырвонай Арміі.

Вялікае значэнне ў барацьбе з ворагам мела дружба паміж народамі.

Ноч. Халодная зямлянка. П. Глебка

Ноч. Халодная зямлянка. Перастрэлка. Цішыня.
Неба чыстае, як шклянка. Тупат быстрага каня.
Мы пазналі без памылкі, што пад сховай цемнаты
Нам даставілі пасылкі, Тэлеграмы і лісты.
Хто ад маці, хто ад жонкі — кожны вестку атрымаў.
Толькі мне з маёй старонкі ні пасылкі, ні пісьма.
Раптам бачу — мне са скрынкі паштавік дастаў кісет,
Дзве квадратныя хусцінкі і малюсенькі пакет.
Вышываны там, дзе горы, на святой зямлі грузін,
Каб ты ведаў, што і ў горы ты на свеце не адзін.
Я прыняў дарунак мілы перад боем, уначы.
I да самае магілы буду шчыра берагчы.
Не пасылка дарагая, а братэрская любоў.
Наша дружба векавая. Дружба верная сяброў.

Другі вядучы. Нялёгка далася Перамога нашаму народу. Але, нягледзячы на складаны час, народ жыў, не падаў духам, умеў весяліцца. Магчыма, такая рыса характару беларусаў, як аптымізм, дапамагла выстаяць у нялёгкай барацьбе.

Прагляд урыўка з трагікамедыі А. Макаёнка «Трыбунал».

Першы вядучы. За доблесць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, звыш 300 000 салдат і афіцэраў — ураджэнцаў Беларусі — былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а каля 400 воінаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Многія нашы землякі не вярнуліся з вайны, аддалі свае жыццё за наша светлае будучае, за мірнае неба над намі. Многія прапалі без вестак.

Бацьку. Р. Барадулін

Не выйшаў ты і ў гэты раз мяне спаткаць, паднесці рэчы…
Ля весніц толькі зноў твой вяз крануў галінамі за плечы.
Ты мне не падасі рукі, глядзіш удаль з-пад шкла партрэта…
Ці бачыш, вырас сын які? Скажы хоць слова для прывета.
А я… чакаў з усіх дарог цябе ў сорак чацвёртым… летам.
Калоны ні адной не мог я прапусціць з ахапкам кветак.
Хацелася пачуць: «Сынок…» і крыкнуць радаснае: «Тата!»
Бацькоўскім быў мне кожны крок… Усё ішлі, ішлі салдаты.
I зараз — еду я здалёк, чакаю ўсё — зайду, а маці
Мне скажа: «Пазнаеш, сынок? Вось наша ўся сямейка ў хаце…»
Паверыць цяжка мне таму, што больш не прыйдзеш ты дадому.
А шапку я заўжды здыму перад магілай невядомай…

Другі вядучы. 1944 год. Вызваленне Беларусі. Думкі тых, хто яшчэ ваяваў, і тых, хто выжыў на акупіраванай і зруйнаванай тэрыторыі, былі звязаны з мірнай працай, з марамі пра шчасце.

Першы вядучы. Вялікая Айчынная вайна з’явілася гіганцкім паядынкам дзвюх непрымірымых варожых сіл, дзвюх процілеглых філасофій — гуманізму і чалавеканенавісніцтва. Так, гэта быў гіганцкі паядынак чалавечнасці з нялюдскасцю, у якім павінна была перамагчы і перамагла чалавечнасць. Але для Перамогі патрэбна была мабілізацыя ўсіх фізічных і маральных сіл народа. I перш за ўсё — патрэбна была вера ў Перамогу.

Гучыць песня «Нам нужна одна Победа» (муз. і сл. Б. Акуджавы).

Другі вядучы. Веру цвёрда: сканае бязлітасны вораг,
I штандар перамогі над краем запаліць зару.
Пакуль сэрца не згасне, пакуль свецяцца зоры,
Беларусь не загіне! Будзе жыць Беларусь!

Гучыць песня «Роднае неба» (муз. I. Байдакова, сл. В. Жуковіча).

 

Аўтар В. М. Цупік

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Водгукі на “Сцэнарый 9 мая. Вайна — боль i памяць народа”

Пакінуць водгук

Што шукаеш?