Нашы сябры

Сцэнарый да Свята Перамогі. На скрыжаваннях вайны


Іграе баян. Гучыць музычны фрагмент з песні «В лесу прифронтовом» (муз. М. Блантэра, сл. М. Ісакоўскага).

Першы вучань.

М. Стральцоў На сорак швоў зямныя раны

На сорак швоў зямныя раны сшывае майская трава.
Не спіцца ўночы ветэрану — баліць яму з зямнога шва.
У сонцы чэрвеньскім — Карпаты, каньёны з рэчкамі на дне.
Ляжаць пад Бродамі салдаты, ляжаць яны на той вайне…
I не ўва сне байцам — наяве баляць і ныюць гор рубцы,
гарыць, палае пераправа, на ёй — апошнія байцы…
Полк штурмавы ідзе ў бяссмерце — над мёртвым сходзіцца зямля,
і сцяг ягоны на дасвецці палае ранаю здаля.

Другі вучань.

А. Пысін Пяць патронаў

Пяць патронаў у абойме, пяць патронаў.
Падымаемся у бой мы ў полі роўным.
У патроне кожным — куля, дзевяць грамаў.
Не чакай, мая матуля, тэлеграмы.
Ні з санбата палявога, ні з пагоста.
Ходзіць ціха (бо дарога!..) Наша пошта.
Цэлы месяц будзеш верыць, што жыву я,
Скажаш яблыням і вербам: ён ваюе…

Трэці вучань.

І. Скурко Мы рана надзелі шынелі

Мы рана надзелі шынелі, — гулі над зямлёй перуны.
I гінулі, і мужнелі на скрыжаваннях вайны.
Расстанні былі і спатканні пад спеў салаўінай вясны.
Світала у сэрцах каханне на скрыжаваннях вайны.
I ноччу, і раніцай ветлай нам памяці звоняць званы
Па тых, хто застаўся навечна на скрыжаваннях вайны…

 
Інсцэніроўка. 3 успамінаў Ганны Шамаль, былой радавой партызанскага атрада № 277.

Дзяўчына (расказвае ад імя партызанкі). У вайну мы нейкімі іншымі былі. Калі смерць хадзіла амаль побач, усё ўспрымалася выключна абвострана: і сонечны дзень, і водар кветак, і песні… Памятаю, прыйшла да мяне партызанка Вольга і гаворыць:

— Пойдзем у трэці ўзвод, там сёння Гурскі будзе спяваць украінскія песні.

Сапраўды, так хацелася далучыцца да нечага мірнага. Я вінтоўку на плячо — і пайшлі.

Вольга. Зямлянка была поўная народу, мы ўладкаваліся ў куточку.

Пачынае гучаць украінская народная песня «Чому ж не прийшов». Дзяўчаты бяруць паузу, потым працягваюць.

Ганна. Гадзіны дзве ішоў канцэрт, вяртацца не хацелася.

Вольга. Ды трэба.

Гучыць лірычная мелодыя без слоў, якая суправаджае ўвесь нумар. Чатыры вучаніцы чытаюць верш А. Куляшова «Ліст з палону».

Музыка спыняецца.

Ганна. Прыйшлі ў сваю зямлянку. Камандзір узвода Дарыенка адразу паставіў нас па стойцы «смірна».

Вольга (ад імя камандзіра). За самовольную отлучку — наряд вне очереди!

Дзяўчаты (разам). Ёсць!

Вольга. Адказалі мы ў адзін голас, і не былі ў крыўдзе на камандзіра.

Ганна. Што значыць там нейкі «наряд вне очереди» ў параўнанні з канцэртам, на якім мы пабывалі! І канцэрт запомнілі на ўсё жыццё.

Вольга. І чыстку бульбы «вне очереди» таксама.

 

Гучыць мелодыя песні «Журавли» (муз. Я. Фрэнкеля, сл. Р. Гамзатава).

Вучань (чытае ліст). 3 пісьмаў французскага лётчыка і пісьменніка Антуана дэ Сент-Экзюперы.

З пісьмаў Антуана дэ Сент-Экзюперы.

«Я буду адчуваць сябе маральна хворым, пакуль не траплю на фронт. Мне ёсць што сказаць людзям пра тое, што зараз адбываецца. Але гаварыць я магу толькі як баец, а не як турыст. Гэта адзіная магчымасць атрымаць права голасу… Я павінен прыняць удзел у гэтай вайне. Пад пагрозай усё, што я люблю… Я хачу ваяваць у імя любві і сваей веры. Я не магу быць убаку.

Я ведаю, чаму я ненавіджу нацызм. Перш за ўсё таму, што ён знішчае сэнс чалавечых сувязей… Я адмаўляюся прызнаваць стадны пачатак у душы… адмаўляюся выдумваць вінаватых без віны… адмаўляюся прызнаваць пустаслоўе, з-за якога патокамі льецца чалавечая кроў.

Я мала цаню фізічную мужнасць. Жыццё навучыла мяне, што сапраўдная мужнасць — супрацьдзейнічаць, калі свет варожы. Я ведаю, што меў мужнасць не сысці са шляху, падказанага мне маім сумленнем.

Сёння выбар не вельмі вялікі: ці згаджацца быць рабом Гітлера, ці не згаджацца і зразумець, чым табе гэта пагражае. I зрабіць гэта моўчкі. Я ведаю, чым пагражае мне гэта адмаўленне. Толькі мне трэба пераадолець гэты бар’ер, каб усвядоміць, ад чаго адмовіліся людзі, пазбавіўшы сябе спакою. Ад чаго адмаўляюся я.

Ёсць нешта, што я адкрываю зноў. I, можа быць, гэта самае дзівоснае… для тых, каго я люблю, і яшчэ больш дзівоснае для ўсіх людзей. Старая гісторыя: калі ты сам у небяспецы, то становішся адказным за ўсіх. Хочацца сказаць: «Мір вашаму сэрцу».

 

Выходзяць тры чытальнікі.

З кнігі ўспамінаў Івана Кружко «Праз усю вайну». Раздзел «Сталінградскі салют перамогі».

Першы чытальнік.

Урывак з кнігі ўспамінаў Івана Кружко

31 студзеня 1943 года ў 10 гадзін раніцы па ўсім участку фронту пачалася моцная артпадрыхтоўка, падтрыманая бамбардзіроўкай і штурмавой авіяцыяй, пасля якой у бой пайшлі танкі і пяхота. Пачалася масавая здача немцаў у палон. Іх ставілі ў калону па тры, і хутка яна пацягнулася доўгакіламетровай змяёй у тыл, адыходзячы ад Сталінграда. Стоячы ля штабнога бліндажа, мы ўпершыню назіралі дзіўную карціну. 3 калоны насупраць выйшаў худы высокі немец, падышоў да нас, працягваючы фотаапарат «Лейку» са словамі: «Брот. Хлэб». Я адказаў яму па-нямецку: «Фотаапарат не трэба, а хлеб я табе дам». Спусціўшыся ў бліндаж, узяў бохан хлеба, вынес палоннаму. Прыціснуўшы хлеб да грудзей, немец спытаў: «Што з намі будзе?» — «Нічога. Вось Сталінград, бачыш? Вы яго разбілі, вы яго і адбудуеце». — «Вы яго таксама бамбілі», — агрызнуўся немец, даганяючы сваіх.

 
Другі чытальнік.

Урывак з кнігі ўспамінаў Івана Кружко

У ноч на першага лютага наш полк заняў раён завода «Барыкады». Я і капітан Сінкін увайшлі ў вялікую пустую галерэю цэха. У пошуках начлегу мы падышлі да цаглянай сцяны цэха, уздоўж якой цягнуліся драўляныя кладоўкі. Падсвечваючы ліхтарыкам, зазірнулі ў адну, у другую — нікога. У трэцяй стаяла жалезная печка, стол, на ім — некалькі стэарынавых свечак. Запалілі іх. Раптам за сцяной пачулі прыцішаную нямецкуго размову. Крадучыся, падышлі да сцяны, асцярожна прачынілі дзверы. Гарэла святло. Некалькі немцаў грэліся ля печкі. На стале «шмайсеры». Немцы, заўважыўшы нас і нашы аўтаматы, знямелі. «Усім адпачываць да раніцы», — ціха сказаў я, зачыняючы дзверы. Канешне, у гэту ноч ні мы, ні немцы за сцяной не спалі, каравулячы адзін аднаго. Ледзь пачало днець — мы падышлі да дзвярэй суседзяў, і я спакойным голасам сказаў: «Выходзьце без зброі! — і чамусьці ляпнуў: — Час снедаць». Выйшлі пяць чалавек, баязліва азіраючыся па баках. Я пайшоў уперад, Сінкін канваіраваў групу ззаду.

Хутка выйшлі на нашу армейскую кухню. Ішла раздача ежы. Звычайная пшонная каша з алеем здалася нам самай смачнай, асабліва пасля таго, як мы амаль суткі нічога не елі. Пакармілі і немцаў, адвялі да вялікай групы палонных.

 
Трэці чытальнік.

Урывак з кнігі ўспамінаў Івана Кружко

Раніцай другога лютага былі каля завода «Сілікат». Спусціліся да набярэжнай Волгі, сустрэліся з салдатамі з 13-й гвардзейскай дывізіі Радзімцава, якая тут трымала абарону. Дзень адпачывалі, збіралі трафеі. Вечарам наш полк выйшаў са Сталінграда праз замерзлую Волгу на левы бераг, Ішлі па накатанай снежнай дарозе. Настрой ва ўсіх прыўзняты. У калоне смех, зайграў гармонік, і пракураным ахрыплым голасам нехта зацягнуў прыпеўку. Раптам пачуўся нечы крык: «Хлопцы! Зірніце! Даўгавухі чэша! Трымай яго!» — і выстрал. За ім уся калона пайшла паліць па зайцу. Даўгавухі ўключыў пятую хуткасць і панёсся па полі, абганяючы калону. Раманец выхапіў свой «ТТ», пальнуў у паветра, пракрычаў: «Спыніць агонь!» Гэта каманда, перакатваючыся ад галавы калоны да яе хваста, спыніла пальбу.

Гэта быў наш першы салют перамогі. I гучаў ён трэцяга лютага 1943 года.

 

На сцэне — салдат.

Кадыр Даян 9 мая 1945 г., Берлін

Асвятлёны лунаннем чырвонага сцяга,
Сеў стамлёны салдат на прыступках рэйхстага.
Зняў фуражку, як сейбіт пасля работы,
Выціраючы з ілба кроплі цяжкага поту.
Адклаў убок аўтамат, пыл струсіў з гімнасцёркі
I з кісета адсыпаў жменьку махоркі.
Ды зірнуў яшчэ раз, як над варожай сталіцай
На вясеннім паветры мірны сцяг наш глядзіцца.
Папяросу згарнуў, зацягнуўся спакойна
I сказаў:
— Так любыя закончацца войны!

 

Гучыць песня «Венскі вальс» (муз. I. Лучанка, сл. М. Ясеня).

 

Аўтар А. I. Шавель

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?