Нашы сябры

Сцэнарый да свята Перамогі. “Ваша слава ўстане абеліскам”


На задніку сцэны залы, у якой будзе праводзіцца свята, — імітацыя Вечнага агню, злева над ім — лічба 1941, справа — 1945.

Сцішана гучыць урачыстая музыка. На сцэне — удзельнікі вечарыны.

1-ы вядучы. Мінулае… Яно ніколі не праходзіць бясследна. Асабліва, калі гэтае мінулае — ВАЙНА. Нават калі ты сам не перажыў яе, а ведаеш пра той мужны і суровы час толькі з кніжак, кінафільмаў, успамінаў родных і блізкіх людзей, ветэранаў.

2-і вядучы. Памяць вайны… Гэта боль перажытага народам за доўгія 1418 дзён. Гэта страты і ахвяры, гераічная барацьба не на жыццё, а на смерць, цяжкія дарогі выпрабаванняў.

Гучыць песня «Дороги» (муз. А. Новікава, сл. Л. Ашаніна).

1-ы вядучы. Пройдземся сёння гэтымі дарогамі, якіх нам нельга забыць, каб глыбей адчуць і шчасце заваяванага міру, і радасць вялікай Перамогі. Хай ажывуць у памяці старонкі слаўнага мінулага.

За сцэнай (ці па школьным радыё) у запісе гучаць словы: «Ад Савецкага інфармбюро. Сёння, 22 чэрвеня 1941 года, у 4 гадзіны раніцы, без аб’яўлення вайны германскія войскі напалі на нашу краіну, атакавалі нашы граніцы ў многіх месцах і падверглі бамбёжцы са сваіх самалётаў нашы гарады».

Гучыць песня «Священная война» (муз. А. Аляксандрава, сл. В. Лебедзева-Кумача).

2-і вядучы. Так пачалася Вялікая Айчынная, якая страшэннай віхурай пранеслася па нашай зямлі, разбураючы і знішчаючы ўсё, што з вялікай любоўю і энтузіязмам будаваў народ.

1-ы вядучы. Год 1941-ы… Першымі прынялі на сябе варожы удар воіны памежнага Брэста, цытадэлі над Бугам.

Броўка П. Крэпасць над Бугам.

Ёсць крэпасці з муру, з граніту, са скалаў,
Іх сцены-байніцы абводнены кругам,
А колькі іх знікла: было іх нямала.
Мацней я не знаю, чым крэпасць над Бугам.
Яе штурмавалі сурова, бясконца,
Часамі крышыліся сцены глухія.
Але не знікалі яе абаронцы,
Мацней ад граніту іх грудзі людскія.

Дэманструюцца кадры з фільма пра першыя дні вайны (гучыць музыка).

2-і вядучы. Сярод абаронцаў цытадэлі над Бугам былі рускія і беларусы, украінцы і грузіны, казахі і татары, армяне і ўзбекі, людзі больш чым 30 нацыянальнасцяў. Сярод іх Герой Савецкага Саюза Пётр Гаўрылаў, камандзір заставы Андрэй Кіжаватаў, палкавы камісар Яўхім Фамін, капітан Іван Зубачоў, лейтэнант Аляксей Патапаў і іншыя. Яны сёння — наш гонар. Іх імёны залатымі літарамі ўпісаны ў летапіс Вялікай Айчыннай вайны.

1-ы вядучы. Мужныя, цяжкія дарогі 1941-га. Ідуць кровапралітныя баі пад Ленінградам, на шырокіх прасторах Смаленшчыны, Правабярэжнай Украіны, Беларусі. Масавы гераізм выяўляюць абаронцы Кіева і Адэсы, Масквы і Ленінграда, Севастопаля і Растова…

Панчанка П. Сябру па зброі.

Год гарачых баёў і суровых нягод,
Год рыдаючых рэк і патоптаных ніў.
Гэты сталлю і полымем хрышчаны год
Нас з нянавісцю кроўю братоў парадніў.

 

Панчанка П. Далёкія станцыі.

Запытай у блакітнага Ільменя,
Як мы спалі на снезе пад мінамі,
Праўды горкае не заслоніць
Пра галодныя дні мае Слонім.
А пра кулі — гомельскі лес,
А пра дым і агонь — Смаленск.

2-і вядучы. “Гэта былі цяжкія і суровыя гады, і, можа, тады мы ўпершыню так глыбока, так удзячна адчулі, што такое братэрства, што такое дружба людзей і цэлых народаў. Тады, у бядзе, мы асабліва моцна ўсвядомілі, якая важная для нас, якая неабходная гэтая дружба. У ёй былі наша сіла і нашы надзеі.” Так пісаў Іван Мележ. (Мележ І. «Сіла братэрства».)

1-ы вядучы. Год 1942-і… Баі дні і ночы. Прыкрыя дарогі адступленняў. Пакуты мільёнаў людзей, бежанцаў, дарогі, узараныя снарадамі, начыненыя мінамі, перагароджаныя калючым дротам. Яшчэ змагаецца блакадны Ленінград, ідзе мужная і самаахвярная абарона Сталінграда. Наступае карэнны пералом у ходзе Другой сусветнай вайны. Гітлераўскі план “маланкавай вайны” сарваны.

Панчанка П. Трывожныя зводкі.

Выходзіш, хвіліну глядзіш, як хістаюцца
Пад ветрам асіны над скошанай пожняю.
Прыходзяць суседзі і ціха пытаюцца
Пра Дон і Растоў, пра навіны апошнія.

2-і вядучы. «Я ведаю, што будзе рабіць мой народ», — заявіў у першыя дні вайны народны паэт Янка Купала. Над краінай пранёсся яго мужны заклік…

Купала Я. Беларускім партызанам.

Партызаны, партызаны, беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых.
Каб не ўскрэслі век яны.

1-ы вядучы. У гісторыю вайны Беларусь увайшла як рэспубліка-партызанка. У партызанскім руху ўдзельнічалі больш за 153 тысячы чалавек. Цэнтралізаванае кіраўніцтва барацьбой у тыле ворага ажыццяўлялі рэспубліканскі і абласныя штабы партызанскага руху. Народный мсціўцы ўзарвалі 211 тысяч рэек, пусцілі пад адхон больш за 2 тысечы эшалонаў, разбурылі каля 300 чыгуначных мастоў, прымалі ўдзел у шматлікіх баях з акупантамі.

На сцэне — група вуяняў, апранутых партызанамі. Выконваюць “Лясную песню” (муз. У. Алоўнікава, сл. А. Русака). Песня перарываецца на словах “Ды успомнім былыя гады…”

Панчанка. П. Беларусі.

Не, народа майго ніхто не сагне!
Ён, магутны, у пушчы адвечныя рушыў,
І легенды лунаюць над роднай зямлёй,
Што адважны Гаркуша драпежнікаў глушьшь.
Што Кастусь Каліноўскі выходзіць на бой,
Што усталі з магіл партызаны Дукоры.

2-і вядучы. Мужна і самаахвярна змагаліся слуцкія партызаны, са зброяй на ворага ішоў Магілёў, у гневе гула Белавежская пушча, бушавалі помстай народнай і Гомель, і Віцебск, і Пінск. «І ворагу помсціў за раны наш родны разбураны Мінск».

1-ы вядучы. Сёння ўсяму свету вядомы імёны тваіх сыноў-партызанаў, дарагая мая Беларусь!

Удзельнікі кампазіцыі па адным называюць імёны: Іван Бумажкоў і Фядосій Смалячкоў, Пётр Машэраў і Васіль Корж, Вера Харужая і Канстанцін Заслонаў, Уладзімір Лабанок і Людвіг Сяліцкі, Алена Мазанік і Мікалай Пакроўскі.

Гілевіч Н. Тым, што ваявалі.

Сорак трэці. Віхура смяротная,
Ёй — ні краю яшчэ, ні канца,
Як ты бачна, бяда ўсенародная,
У паглядзе падлетка-байца.

2-і вядучы. У халодных і мокрых акопах, у пыле і дыме вайны, пад посвіст куль і снарадаў гартавалася пакаленне, якое побач з бацькамі граміла ворага на Паўночным Каўказе і Доне, Данбасе і Кубані, Украіне і Беларусі, пад Курскам і Арлом.

На авансцэне два вучні, апранутыя матросамі.

Нагнібеда М. Балада пра двух маракоў

Чытальнік. Два чарнаморцы ў бліндажы уцалелі ад агню.
На іх варожы батальён ідзе не ўпершыню.
Каторы дзень гарыць, грыміць курган над галавой.
(за сцэнай гул кананады)
Матросы нашы зноў і зноў вядуць няроўны бой…

1-ы матрос. У нас ёсць стужка, кулямёт, ёсць па гранаце нам…
Скажы, таварыш дарагі, адкуль ты родам сам?

2-і матрос. Іртыш, Іртыш, ты, мабыць, чуў?
Адтуль я — сібірак. А ты адкуль?

1-ы матрос. Я з тых краёў, дзе над Дняпром цвітуць, шумяць гаі.
3 дня нараджэння нада мной спявалі салаўі.

Чытальнік. Адзін бліндаж, адзін марак закрыў у горы пуць,
Але змаўкае кулямёт, а немцы ўсё ідуць.

2-і матрос. Бывай, Іртыш!

Чытальнік. Тады сказаў сярод кустоў марак.
I кінуўся на сто — адзін у атаку сібірак.

Гучыць у запісе песня «На безымянной высоте» (муз. В. Баснера, сл. М. Матусоўскага).

1-ы вядучы. 1943-і год увайшоў у гісторыю Вялікай Айчыннай як год вялікіх перамог. Пералом у вайне адбыўся. Але тым больш лютавалі фашысты.

Купала Я. Зноў будзем шчасце мець і волю.

Ускормлен мясам чалавечым,
Крывёй народнаю скупаны,
Народам волю абязвечыў,
Лютуе кат пад звон кайданаў.

 

Броўка П. Голас сэрца.

Думаў я, пройдуць зімы і вёсны,
Сціхне ў грудзях маіх боль невыносны.
Сэрца забудзе часіну цяжкую…
Боль не сціхае. Маўчаць не магу я!

За сцэнай раздаецца гучанне званоў (у запісе).

2-і вядучы. Гэта званы Хатыні. Звоняць яны і дзень, і ноч над могілкамі 186 вёсак, дзе не засталося ніводнай сям’і, дзе на папялішчы не адбудавана ніводнай хаты. Назвы спаленых вёсак засталіся толькі ў памяці народнай ды на магільных плітах Хатыні. 22 сакавіка 1943 года ашалелыя карнікі ўварваліся ў вёску, спалілі 26 хат разам з людзьмі, усяго — 149 чалавек, з іх 76 дзяцей. Вечна палае вогненны пралом у чорных мармуровых плітах, там, дзе гарэлі хатынцы.

Астрэйка А. Званы Хатыні.

Гарыць агонь. Шумяць бярозкі
Над горкай памяццю бяды.
Сабраны спаленыя вёскі,
Нібыта ў пантэон, сюды.
Яны жывыя, ім расці.
Звіняць званы над мёртвай вёскай,
Якой на карце не знайсці.

На фоне сцішанага гучання званоў (або жалобнай музыкі) з-за сцэны чуваць зварот загінулых хатынцаў да сучаснікаў: «Людзі добрыя! Помніце. Мы любілі жыццё, і радзіму, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жальба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу…» (надпіс на мемарыяльнай пліце ў Хатыні).

Астрэйка А. Званы Хатыні.

Яна навек у нашым сэрцы.
Што здолелі — мы збераглі,
Каб мужных паказаць бяссмерце
На непакоранай зямлі.

Галасы за сцэнай (ці ў запісе).

Гілевіч Н. У Дальве.

Апошні крывавы пажар на Радзіме,
Апошнія мы тут згарэлі жывымі —
Мужчыны, жанчыны і дзеці… І дзеці… І дзеці…
Любуйцеся ж гэтай дзівоснай зямлёю,
Як некалі мы любаваліся ею —
Мужчыны, жанчыны і дзеці, і дзеці…
I хай вам раскажуць тут нашыя цені,
Як жудасна мы паміраць не хацелі –
Мужчыны, жанчыны і дзеці, і дзеці…

1-ы вядучы. Так, гэта галасы дальвінцаў, якія згарэлі ў полымі 19 чэрвеня 1944 года. 44 чалавекі, 29 з іх — дзеці. Старэйшаму жыхару было 80, самаму малодшаму — адзін гадок.

Голас за сцэнай.

Бураўкін Г. Хатынскі снег.

Імем расстраляных, закатаваных, паўшых
Мы вам свет завяшчаем без слёз і вайны.
Толькі ў вашых сэрцах, у памяці вашай
Хай ніколі не моўкнуць нашы званы!

Хвіліна маўчання. Звон узмацняецца…

2-і вядучы. Гэты звон зліваецца сёння з Бухенвальдскім набатам, з жалобнай музыкай над магіламі ахвяраў Дахаў, Маўтхаўзена, Асвенціма, Лідзіцэ, Арадура, Трасцянца. Сёння з намі гаворыць сама Гісторыя, гаворыць Подзвіг, гаворыць вечная Памяць пра людзей, якія згарэлі ў пякельным агні вайны, памерлі ад голаду, здзекаў, былі закатаваныя фашыстамі. Вечная ім Памяць!

Гучыць песня «Бухенвальдскі набат» (муз. В. Мурадэлі, сл. А. Собалева).

1-ы вядучы. Год 1944-ы. Ён упісаны ў летапіс Вялікай Айчыннай не толькі шматлікімі чалавечымі ахвярамі. Гэта яшчэ год нашых вялікіх перамог над ворагам. Вольнай стала наша Беларусь, яе сталіца Мінск, тут 16 ліпеня адбыўся парад партызанаў-герояў, што набліжалі нашу Перамогу, выстаялі ў няроўнай барацьбе. Вызвалены Украіна, Прыбалтыка, Балгарыя. Ваенныя дзеянні перайшлі за межы СССР. Ажыццёўлены Яска-Кішынёўская, Белградская аперацыі, распачата Будапешцкая.

2-і вядучы. Год 1945-ы… Гэта год вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Еўропу. Савецкі салдат выратаваў Чэхію і Славакію, Венгрыю і Румынію, Польшчу і Югаславію, Аўстрыю ад карычневай чумы фашызму. 24 залпамі з 324 гармат салютавала Масква адважным воінам, якія вызвалілі Берлін і ўзнялі Сцяг Перамогі над рэйхстагам.

Панчанка П. Сцягі Перамогі.

І пяты раз, і шосты, і сто пяты
Мы будзем славіць майскі дзень, калі
Апавясціўшы свет увесь пра свята,
Па-над Берлінам нашыя гарматы
Апошнім залпам грозна прагулі.

 

Панчанка П. Навекі слава.

Навекі слава доблесным салдатам.
Што пераможна йшлі за свой народ
Ад легендарных камняў Сталінграда
Да Брандэнбургскіх выклятых варот!
Бяссмертныя іх помнікі крані ты —
І цеплыню адчуеш пад рукой:
Іх высеклі не з камняў, не з граніту —
3 людской любві, з удзячнасці людской.

2-і вядучы. Сёння ў нашай зале прысутнічаюць ветэраны, удзельнікі той памятная вайны. Дарагія ветэраны…

Словы пашаны, удзячнасці ветэранім за іх ратны подзвіг.

Панчанка П. Абеліск.

Вы зрабілі мару явай блізкай,
Кожны з вас і творца, і герой.
Ваша слава ўстане абеліскам
Над Масквой і над усёй зямлёй.

2-і вядучы (звяртаючыся да ветэранаў). Мы запрашаем вас на сцэну і просім падзяліцца сваімі ўспамінамі. Бо вайна для вас — памяць і боль перажытага.

Пасля ўспамінаў ветэранаў гучыць песня «Майскі вальс» (муз. I. Лучанка, сл. М. Ясеня). Паступова мелодыя заціхае.

Гілевіч Н. Песня пра апошняга з аднапалчан.

Над роднай зямлёй звон сонечны плыве.
Зялёны май заліў пагоркі і лагчыны.
Чаго ж у гэты дзень не весела табе?
Скажы, стары салдат, скажы, герой Айчыны.
Ты ўсё зрабіў, што мог: ты мір здабыў, салдат,
І край падняў з руін, і даў прызванне дзецям,
І ўвагай землякоў, і славай ты багат,
Чаму ж блішчыць сляза на веках у гвардзейца?

Гучыць песня «День Победы» (муз. Д. Тухманава, сл. У. Харытонава).

Ветэран чытае верш

Вярцінскі А. Я перад вамі з памяццю сваёй…

Я вас прашу, не зведаў хто вайны,
Прашу вас, мае дочкі і сыны,
Узяць хоць долю памяці маёй —
Каб потым ёй не зарасці травой.

 

Аўтар: Валянціна Смыкоўская

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?