Нашы сябры

Сцэнарый радыёгазеты «Купала i Колас, вы нас гадавалі…»


Гучыць песня «Мой родны кут» (муз. I. Лучанка).

Першы вядучы.
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што мае сэрца да вас парывае?
Чым так, прыкованы я
К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы нядолі,
Поўныя сумнай красы?

Другі вядучы.
Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты на яве і ў сне;
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.
Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!
Ты крыўды, няпраўды змагло;
Хоць гналі цябе, накладалі аковы,
Дый дарма: жывеш, як жыло!

Першы вядучы. Вы пачулі бессмяротныя радкі, якія хвалююць нас усё жыццё і ніколі не пакідаюць абыякавымі. Усе, мабыць, ужо здагадаліся: гэта радкі з твораў Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Другі вядучы. Нікога не можа пакінуць абыякавым паэтычнае слова вялікіх сыноў Беларусі.

Першы вядучы. Мову Янкі Купалы і Якуба Коласа мы чуем з маленства, яна прыходзіць да нас у першых калыханках, вершах.

Другі вядучы.
Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому,
Кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому.

Першы вядучы.
Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі ты з сабою мяне!

Другі вядучы. Ці пазней мы са шчымлівай тугой у сэрцы чытаем…

Першы вядучы.
Не глядзі на мяне, не глядзі, адыдзі,
Не чаруй так сабой і на яве, і ў сне!
Ты смяешся з мяне…
Дык ідзі ж, не глядзі,
Бо замучыш, загубіш навекі мяне!

Другі вядучы. Першае свядомае пачуццё любові да радзімы ў нас таксама нараджаецца пад уплывам патрыятычных твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Менавіта яны прачула і шчымліва-балюча сказалі аб трапяткой, някідкай прыгажосці роднага краю.

Першы вядучы.
Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!

Другі вядучы. Так, забыць нельга, можна толькі захапляцца.

Першы вядучы.
На Купалле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускав там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.

Другі вядучы. Ужо больш за стагоддзе людзі захапляюцца чысцінёй, мілагучнасцю і непаўторнасцю паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Шчаслівай стала беларуская зямля таму, што ў далёкім 1882 годзе нарадзіліся яе вялікія сыны. 2012 год праходзіць пад знакам 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Мы таксама ганарымся волатамі паэтычнага слова, і з гэтай нагоды ў нашай навучальнай установе адбудзецца шэраг святочных мерапрыемстваў.

Першы вядучы. Мы заклікаем усіх навучэнцаў і педагогаў прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні ўрачыстасцей, прымеркаваных да гэтага юбілею.

Другі вядучы. Мы запрашаем усіх прыняць удзел: у конкурсе пісьмовых работ па творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа; конкурсе творчых работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прысвечаных Янку Купалу і Якубу Коласу; конкурсе на лепшага чытальніка твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Першы вядучы. Да свята ў бібліятэцы пройдзе тыдзень кнігі, у межах якога будуць ладзіцца віктарыны, будуць разгорнуты кніжныя выставы. Сачыце за рэкламай мерапрыемстваў.

Гучыць песня «Спадчына» (муз. I. Лучанка).

Другі вядучы.
Многа слаўненькіх куточкаў
Ёсць у нашым краі,
Дзе пад гоман ручаёчкаў,
Пад шум дрэў у гаі
Рой журботных дум пакінеш;
Дзе няма трывогі,
Дзе душою адпачынеш,
Змучаны з дарогі;
Дзе прыемны ветрык млее,
Збажыну калыша,
Дзе пакоем-згодай вее,
Дзе ўсё шчасцем дыша.

Гучыць песня «Спадчына».

Першы вядучы. Прагучаў выпуск радыёгазеты (назваць назву установы). Яго падрыхтавалі (назваць імёны і прозвішчы).

Другі вядучы. Музычны рэдактар і гукааператар (назваць імёны і прозвішчы).

Першы вядучы. Перад мікрафонам працавалі (назваць імёны і прозвішчы).
Аўтар Я. А. Івашкевіч

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?