Нашы сябры

Сцэнарый свята 9 мая. Партызанкай першай лічыцца зямля бясстрашнай Беларусі


У магнітафонным запісе ціха гучыць «Лясная песня» (сл. А. Русака, муз. У. Алоўнікава). Пад музыку выходзяць на сцэну 6 чытальнікаў, становяцца паўкругам.

1-ы чытальнік (робіць крок наперад). Літаратурна-музычная кампазіцыя «Партызанкай першай лічыцца зямля бясстрашнай Беларусі».

2-і чытальнік (робіць крок наперад). Дню Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі прысвячаецца!

1-ы і 2-і чытальнікі становяцца на свае месцы. Музыка гучыць мацней, потым прыглушана; на яе фоне і-ы і 2-і выканаўцы чытаюць строфы з «Лясной песні».

Лясная песня. А Русак

Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры,
Ой, шумлівы ты лес малады,
Толькі сэрцам пачую тваю песню лясную
Ды успомню былыя гады.
Ды успомню пажары, і варожыя хмары,
І завеі халодных вятроў,
І слату, і нягоды, і начныя паходы,
І агні партызанскіх кастроў…

Музыка сціхае.

М. Танк. Нашто цябе наведаў, поле…

Нашто цябе наведаў, поле, перааранае вайною,
Дзе свечкамі гараць таполі пад узлятаючай зарою.
Арлуе цішыня арламі на сотні кіламетраў з гакам.
I толькі чуць над курганамі: звіняць званы чырвоных макаў,
Звіняць званы нязгасных знічаў, нібыта ўсё яшчэ тут людзі
Кагосьці клічуць — не даклічуць, кагосьці будзяць — не разбудзяць.

Гучыць і тройчы паўтараецца, як пазыўныя, першая музычная фраза песні «Свяшчэнная вайна» (муз. А. Аляксандрава), потым гучыць сама песня.

4-ы чытальнік (на фоне песні). Распачаўшы 22 чэрвеня 1941 года вайну супраць Савецкага Саюза, фашысцкая Германія разлічвала на хуткую перамогу. «Цвай монат (два месяцы) і Масква капут», — выхваляліся гітлераўскія ваякі.

5-ы чытальнік. Каб найхутчэй здзейсніць гэты план, фашысцкае камандаванне выбрала самы блізкі шлях да Масквы — праз Беларусь…

6-ы чытальнік. Беларусь адна з першых прыняла удар тэхнічна ўзброенага, натрэніраванага ў войнах фашысцкага войска, перад якім адступіла амаль уся Еўропа.

Песня «Свяшчэнная вайна» гучыць мацней, чытальнікі мяняюць размяшчэнне на сцэне і падзяляюцца на дзве тройкі. Музыка сціхае, чуюцца выбухі.

1-ы чытальнік. (А. Русецкі. Яго вялікасць.)

О Беларусь, мой край — агонь і попел, чорныя бярозы!..
Грымяць нябёсы ўсе, дарогі ўсе, зрывае стрэхі бура агнявая…
Вайна ляціць, вайна бранёй паузе, па камяніцах бомбамі ступае…

3-і чытальнік. (Н. Гілевіч. Сто вузлоў памяці.)

У ценю свастык чорных ішлі, як на парад,
грузавікі адборных фашысцкіх салдат…
Здавалася, нічым іх не павярнуць назад.

4-ы чытальнік. (П. Глебка. Героі.)

Краса маёй краіны роднай — свабодалюбны мой народ!
Супроць фашысцкай банды зброднай ты мужна рушыў у паход.
…Твае сыны з пагардай к смерці сустрэлі ворага свінцом,
Бо лепш са славаю памерці, чым жыць у ганьбе пад ярмом.

5-ы чытальнік. Больш як месяц змагаліся байцы пагранзаставаў. Больш як месяц у неверагодна цяжкіх умовах адбівалі варожыя атакі, стрымлівалі наступленне фашыстаў мужныя абаронцы Брэсцкай крэпасці — крэпасці-героя.

3-і чытальнік. 23 дні трымаў абарону Магілёў, дзе разам з арміяй змагаліся супраць ворага батальён супрацоўнікаў міліцыі і народныя апалчэнцы. «Подзвіг магіляўчанаў, — пісаў Герой Савецкага Саюза маршал Андрэй Іванавіч Яроменка, — з’явіўся правобразам гераічнай абароны Сталінграда, дзе прыклад абароны беларускага народа быў паўтораны ў іншым, больш буйным маштабе».

2-і чытальнік. Праславілася стойкасцю 100-я дывізія, якая некалькі дзён стрымлівала пад Мінскам наступленне танкавай групы і знішчыла больш як сто адзінак варожай тэхнікі. Цяжкія баі вяліся ў 1941 годзе пад Оршай, Віцебскам, Полацкам, Барысавам і іншымі гарадамі і населенымі пунктамі Беларусі.

3-і чытальнік. Вораг не чакаў такога рашучага, мужнага супраціўлення. Ужо летам 1941 года гітлераўскія генералы назвалі непапраўнай памылкай наступленне на Савецкі Саюз. «Мы недаацанілі сілу Чырвонай Арміі», — зазначыў фельдмаршал Кейтэль. І Гітлер у кастрычніку таго ж 1941 года вымушаны быў сказаць: «22 чэрвеня мы адчынілі дзверы, але не ведалі, што за імі знаходзіцца…» А за тымі дзвярыма па ўсёй тэрыторыі Беларусі разгарнулася сапраўдная ўсенародная вайна.

П. Броўка. І Беларусь і партызан.

Калі на нас пайшлі з вайною, на бой смяротны ідучы,
Мой край, не ведаў ты спакою на міг ні ўдзень, ані ўначы.
На помсту клікала трывога, лясы разгневана гулі,
І ад старога да малога — ўсе абаронцамі былі.
Мне не забыцца дзён агністых, ні страт цяжкіх, ні горкіх ран.
Гучаць суладна і ўрачыста: і Беларусь і партызан!

3-і чытальнік. Словы «Беларусь», «партызан» зблізіла, парадніла вайна. У гісторыю Вялікай Айчыннай вайны Беларусь увайшла як мужная рэспубліка-партызанка. На часова захопленай ворагам тэрыторыі Беларусі ў першыя ж дні пачалі стварацца партызанскія атрады.

4-ы чытальнік. I ўжо 6 жніўня 1941 года былі адзначаны баявымі ордэнамі і медалямі 46 беларускіх партызанаў, а беларусы Ціхан Бумажкоў і Фёдар Паўлоўскі першыя з народных меціўцаў сталі Героямі Савецкага Саюза. Партызанскі рух на Беларусі шырыўся, мацнеў, яго не маглі стрымаць ні жорсткі крывавы акупацыйны рэжым, ні катаванні. Не ўдалося гітлераўскім ваякам скарыць дух беларускага народа, яго веру ў перамогу:

5-ы чытальнік (А. Астрэйка. Беларусь-партызанка.)

Блізкі волі і шчасця прыход, што расце на франтах і палянках.
Не зламаць, не сагнуць наш народ, бо рэспубліка ўся — Партызанка!

Гучыць «Песня пра Заслонава» (сл. А. Астрэйкі, муз. У. Алоўнікава).

1-ы чытальнік. (П. Панчанка. Беларусі.)

Веру цвёрда: сканае бязлітасны вораг,
І штандар перамогі над краем запаліць зару.
Пакуль сонца не згасне, пакуль свецяцца зоры
Беларусь не загіне! Будзе жыць Беларусь!

Чытальнікі пакідаюць сцэну. Выходзіць вядучы.

Вядучы (на фоне музыкі). Шмат было цяжкіх стратаў, у руінах ляжала здратаваная ворагам-катам беларуская зямля, але голас няскоранай Беларусі гучаў аптымістычна (музыка сціхае). Партызаны знаходзілі час перад чарговай аперацыяй або пасля паспяховага выканання задання, каб сагрэць душу песняй. Амаль у кожным партызанскім атрадзе быў гарманіст ці баяніст.

На сцэне з’яўляецца баяніст (ці гарманіст) і 8 чытальнікаў, апранутых як партызаны. Яны садзяцца, быццам на прывале (нехта можа стаяць), ціха спяваюць куплет «Песні пра Заслонава».

Вядучы. Зайграй нам ізноў, партызанскі баян, як тады ў векапомныя годы,
калі нашых братоў, баявых партызан, весяліў і вадзіў у паходы.

Выконваецца пад баян песня перыяду вайны (на выбар).

У. Дубоўка. Партызанскі баян.

Па дарожках лясных, па шляхах баявых
ты прарочыў ім песняй бадзёрай,
што шчаслівай вясны дачакаюць яны,
ўшчэнт развеецца горкае гора.
…На курганах нямых, над магіламі тых,
што загінулі ў цяжкім змаганні,
на ўвесь родны наш край славу вечную грай,
партызанскі наш сябра баяне!

3-і чытальнік (на фоне песні). Спявалі народныя мсціўцы папулярныя даваенныя песні і тыя, што ўзніклі ў час вайны, нямала твораў розных жанраў склалі самі партызаны. Мы маем багаты партызанскі фальклор Вялікай Айчыннай вайны. Былі сярод партызанаў паэты, творцы, здатныя на вострае слова, дасціпны жарт. Пра гэта, можа, скажа Пятро, ён сам складае анекдоты, прыпеўкі, вершы і нямала іх ведае.

6-ы чытальнік (Пятро Перапечка). Скажу, але спачатку прадстаўлюся (устае, гаворыць тым, хто на сцэне і ў зале). Будзем знаёмы!..

I. Муравейка. 3 кнігі Прынёс з вайны

Я — Пятро Перапечка, родам з Беларусі, з Палесся, з вёскі Зарэчкі. Да вайны земляробам быў — працаваць, як і ўсе палешукі, любіў: араў, сеяў, касіў, малаціў… Словам, працы ніякай не цураўся, а вось ажаніцца не сабраўся. Давядзецца гэтую важную аперацыю на пасляваенны час адкласці.

Партызанам стаў, калі фашыст напаў. Трапна страляю з вінтоўкі, з кулямёта і аўтамата, умею далека кідаць гранаты. Але не умею лятаць на самалёце, бо дужа патрэбны пяхоце. Без мяне, без маіх прымавак і жартаў змарнелі б усе (смяецца)… Чулі, прымаўка ёсць: Хто жарт не абміне, той і гансаў лепей б’е!?

7-ы чытальнік. А яшчэ кажуць: «Ворага слязьмі не б’юць». Так, дык хто на жарт, на сатыру здатны?

Перапечка. Слухайце! Называецца «Арыйскае шчасце». Размаўляюць два акупанты: — Карл усё-такі пазбег партызанскай кулі. — А як яму гэта ўдалося? — Зусім проста: ён узарваўся на партызанскай міне.

7-ы чытальнік. Кажа Фрыц Гансу: — Каб не было сёння якой бяды… Мне снілася, што нас акружаюць партызаны. — Дзівак, партызаны акружаюць тады, калі гэта нікому нават і не сніцца, — адказвае Ганс.

Перапечка. А цяпер прыпеўкі! (Спяваюць пад баян.)

З партызанскага фальклору.

У сорак першым на граніцы немцы бомбы скінулі.
Вілі, альберты і фрыцы на наш край нахлынулі.

Партызаны, партызаны, братцы нашы родныя,
Вы ваюеце геройскі за справы народныя.

Разышоўся Вільгельм Кубэ: «Беларусь — калонія»,
Партызаны міну ў бок — і ўся цырымонія.

Паглядзіце з моста ў рэчку, там вада кіпіць, бурліць.
Б’юць фашыстаў партызаны, да канца іх будуць біць.

Партызан як прыйдзе ў хату, стаўлю я на стол харчы,
Бо гатовы, нібы брату, партызану памагчы.

Стогнуць фрыцы, стогнуць гансы, паглядаюць на луну:
Ой, куды ж бы нам падзецца? Праігралі мы вайну.

Праспяваўшы гэтыя прыпеўкі, «партызаны» пад гукі баяна пакідаюць сцэну.

5-ы чытальнік. У верасні 1943 года пачалося наступленне Чырвонай Арміі, савецкія воіны ўступілі на тэрыторыю Беларусі. «Нашы наступаюць!» — дзяліліся шчаслівай весткай людзі. «Нашы наступаюць!» — неслі жаданую навіну лістоўкі, падпольныя газеты.

Я. Азоўскі. Нашы наступаюць.

Разнеслася вестка па свеце, што нашы пайшлі ў наступленне,
Лістоўку мы з вестачкай гэтай чыталі усе ў захапленні…
Спаткаўшыся, людзі пытаюць адзін аднаго аб падзеях,
І чуюць адказ: наступаюць, б’юць добра фашысцкіх зладзеяў.
І хлопчык узлез на вароты, ён хоча убачыць з-за горкі
Магутныя танкі, пяхоту і ззянне чырвонае зоркі.
Прыйшла гадзіна вызвалення, навалы чорнай сцёрта муць…
Глядзім мы прагна, з захапленнем, як нашы воіны ідуць.

8-ы чытальнік. У той час беларускія партызаны ўжо кантралявалі 60% тэрыторыі нашай рэспублікі, у асобныя населеныя пункты нямецкія акупанты і носу не паказвалі. Партызаны ўдзельнічалі ў вызваленні гарадоў, вёсак і іншых населеных пунктаў Беларусі. Пік наступлення прыпаў на лета 1944 года. Вораг пасля сябе ўсюды пакідаў крывавыя сляды. «Мы ўбачылі, — з болем пісаў Герой Савецкага Саюза генерал-палкоўнік Аляксей Сямёнавіч Бурдзейны, — якія пакуты перажыў беларускі народ. Рэдка дзе захавалася хата: усюды коміны спаленых хат, слупы з павешанымі, расстраляныя старыя, жанчыны, дзеці… Вораг нікога не шкадаваў».

2-і чытальнік. На тэрыторыі Беларусі фашысты здзяйснялі жорсткую палітыку генацыду. На беларускай зямлі было больш як 260 лагераў смерці, некаторыя з іх дзеля маскіроўкі называліся лагерамі ваеннапалонных, працоўнымі лагерамі ўсходніх рабочых і да т. п. Асабліва жорстка дзікая палітыка генацыду выявілася ў фашысцкіх карных аперацыях.

Г. Бураўкін. Асвейская балада.

Карнікі. Карнікі. Карнікі. Чорныя, нібы вораны.
Карнікі. Карнікі. Рукі ў сажы пажараў.
Карнікі. Страшнейшыя з ворагаў,
На мундзіры — чэрап і косці,
Пад мундзірам — ні сэрца, ні жалю…
Попелам на зямлю асыпаліся дрэвы і хаты.
Попелам на зямлі заставаліся людзі, малітвы, праклёны…

7-ы чытальнік. Сапраўднай фабрыкай смерці стаў канцэнтрацыйны лагер у Трасцянцы, пад Мінскам.

У. Караткевіч. Трасцянец.

Суайчыннік, стань! Тут знішчалі людзей.
Суайчыннік! Запомні навек:
Тры гады па сто трыццаць сем у дзень,
I ў гадзіну — па шэсць чалавек.
Гэта значыць, што кожныя дзесяць хвілін
Тут навекі чарнеў небакрай.
Попел сэрцаў нашых ракоча ў зямлі:
Памятай… Памятай… Памятай!!

1-ы чытальнік. Ледзь не ўвесь свет ведае беларускую вёску Хатынь, што на Лагойшчыне; гітлераўцы спалілі яе разам з жыхарамі. Загінулі ўсе 149 чалавек, у тым ліку 76 дзяцей. Лёс Хатыні падзялілі 628 вёсак Беларусі! А як не прыгадаць Асвейскую трагедыю? Там карнікі спалілі жывымі, патапілі у рацэ Свільна 3639 мірных жыхароў, сярод іх было 2118 дзяцей… Спаліў вораг 102 школы ў Асвейскім раёне, 6 бальніц, 4 дзіцячыя дамы, 9 дамоў культуры, 2 праваслаўныя царквы і 3 касцёлы.

8-ы чытальнік. У ходзе летняга наступлення былі вызвалены гарады Віцебск, Бабруйск, Орша, Магілёў і інш. Пад Мінскам трапіла ў акружэнне больш як 105-тысячная групоўка фашысцкага войска… 3 ліпеня 1944 года быў вызвалены Мінск. Сталіца Беларусі ляжала ў руінах. Вораг, адступаючы, замініраваў тыя рэдкія дамы, што ўцалелі, мініраваў нават руіны…

4-ы чытальнік. Дзень 3 ліпеня стаў святам вызвалення Беларусі, якое ўрачыста адзначаецца штогод. Як своеасаблівы помнік дню вызвалення Мінска і сёння стаіць у нашай сталіцы ля Дома афіцэраў танк, якім камандаваў гвардыі лейтэнант Дзмітрый Фролікаў. Гэты танк першы ўварваўся ў Мінск. За мужнасць Дз. Фролікаву было нададзена званне Героя Савецкага Саюза. Адным з першых таксама ўварваўся ў Мінск і танк беларуса-мінчаніна гвардыі старшыны Валянціна Бялькевіча, адзначанага ордэнам Леніна.

Гучыць «Лясная песня». Чытальнікі пакідаюць сцэну. Выходзіць вядучы, з ім могуць выйсці першыя шэсць чытальнікаў або новыя.

Вядучы. Нельга не прыгадаць словы двойчы Героя Савецкага Саюза маршала Канстанціна Канстанцінавіча Ракасоўскага, які пісаў: «У наступленні і разгроме нямецка-фашысцкіх войскаў беларускія партызаны актыўна дапамагалі часцям Савецкай Арміі, якія наступалі, захопам шашэйных, чыгуначных дарог, ударамі па варожых камунікацыях. Партызаны штурмавалі гарады, пераадольваючы варожыя вузлы супраціўлення, утрымліваючы ў тыле ворага захопленыя імі населеныя пункты да прыходу Чырвонай Арміі…»

2-і чытальнік. Маршал Савецкага Саюза, чатыры разы Герой Савецкага Саюза, Герой Манголіі Георгій Канстанцінавіч Жукаў зазначаў: «Фашысты разрабавалі Беларусь, знішчылі больш за чвэрць яе насельніцтва, але Беларусь не схіліла галавы перад ворагам. Не пала духам, не апусціла рук у барацьбе з акупантамі. Велізарная армія партызанаў і падполынчыкаў дзейнічала тут. У глыбокім варожым тыле былі партызанскія зоны, куды акупанты баяліся паказацца…»

3-і чытальнік. Гаворачы сёння пра партызанаў Беларусі, нельга не сказаць пра баявую братнюю судружнасць народных мсціўцаў Беларусі з партызанамі Расеі, Украіны, Літвы, Латвіі, Малдовы. Успомнім і пра тое, што партызанскія атрады Беларусі былі шматнацыянальнымі, але пераважала ў іх мясцовае насельніцтва нашай рэспублікі. Беларусаў — 71,1% . Рускіх — 19,2% . Украінцаў — 3,9%. Прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў Савецкага Саюза — 5,7% .

1-ы чытальнік. У партызанскіх атрадах Беларусі змагаліся таксама каля 4 тысячаў замежных антыфашыстаў. Некаторыя з іх былі ўзнагароджаны не толькі баявымі медалямі і ордэнамі, але і адзначаны званнем Героя Савецкага Саюза. Сярод іх — чатыры французскія лётчыкі авіяцыйнага палка «Нармандыя — Неман». Героем Савецкага Саюза стаў удзельнік партызанскага руху немец-антыфашыст Фрыц Шменкель, расстраляны фашысцкімі акупантамі ў Мінску ў снежні 1943 г. Званнем Героя Савецкага Саюза адзначаны таксама паляк Уладзіслаў Высоцкі, славак Ян Налепка.

7-ы чытальнік. Нельга не сказаць пра юных беларускіх мсціўцаў — школьнікаў і нават дашкольнікаў. У нас, на Беларусі, змагаўся ўвесь народ «ад стогадовага Талаша да Марата-малыша», як адзначыў паэт Рыгор Барадулін. Некаторыя з іх пасля вызвалення Беларусі знарок дадалі сабе гады, разам з дарослымі партызанамі ўліліся ў савецкае войска і пайшлі далей на Берлін. На Айчыннай вайне дзеці Беларусі змагаліся як дарослыя і як дарослыя гінулі за сваю Радзіму.

2-і чытальнік. (Э. Агняцвет. Паслухай, разгадай…)

Далёкі час трывожны не забыты. Хаця старыя раны зажылі, —
Зямля ўздыхае па сынах забітых, што з бою не прыйшлі…

П. Броўка. Не, вам ніколі не памерці…

Зямля! Не ведала ты, мусіць, такіх пакут паміж вякоў —
Ах, колькі легла ў Беларусі яе дачок, яе сыноў.
I колькі сэрцамі адданых, між дзён суровых і цяжкіх —
Братоў, сясцёр тут пахавана, што ратавалі нас усіх.
Мне гэта ўсё да болю блізка, і я ўспамінамі жыву,
Дзе ні іду ля абеліскаў — схіляю нізка галаву…

Чытальнікі (з кветкамі ў руках) падыходзяць да раней пазначанага месца, нібы да абеліска, кладуць кветкі, схіляюць галовы.

8-ы чытальнік. Мацней ты за любыя словы, Хвіліна маўчання!

5-ы чытальнік (абвяшчае). Хвіліна маўчання!

Усе ўстаюць. Цішыня. Толькі чутныя гукі гадзінніка, які адлічвае хвіліны (гукі гэтыя запісаныя на магнітафонную стужку). На сцэну выходзяць усе ўдзельнікі.

6-ы чытальнік. Вечная памяць героям-вайскоўцам, партызанам, падполыпчыкам — усім, хто загінуў, хто гераічна змагаўся «за родныя палі, за лес народаў братніх, за лес народаў усяе зямлі»!

7-ы чытальнік. Вечная слава героям… Шапку, таварыш, здымі,
Чуючы, як над зямлёю славы салют грыміць!

Гучыць музыка песні «Свяшчэнная вайна», чуюцца гукі святочных салютаў. Пасля невялікай паузы…

8-ы чытальнік (Н. Гілевіч. Гарыць, гарыць мая Лагойшчына…)

Не забывайце сцежкі даўнія, што мсціўцы вытапталі ў лесе,
Калі праз ночы легендарныя вам светлы дзень насустрач неслі.
І песень тых, што ціха пеліся перад паходам у зямлянцы,
Якімі сэрцы ў сцюжу грэліся… Не забывайце! Не забывайце!

Гучыць «Лясная песня». Выходзіць вядучы.

Вядучы. Слова Перамога асвятляла нам дарогі і акопны жвір,
І яно навекі побач стала з самым дарагім нам словам – Мір!

Гучыць песня «Дзень Перамогі» (сл. У. Харытонава, муз. Д. Тухманава). Чуюцца гукі святочнага салюту. На сцэну выходзяць святочна апранутыя вучань і вучаніца 1-га класа. Музыка гучыць цішэй.

Дзяўчынка. Хай больш ніколі не будзе гора!

Хлопчык. Хай больш не будзе вайны ніколі!

Усе разам. Міру мір!

 

Аўтар М. Яфімава

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?