Нашы сябры

Сцэнарый свята “Дзень святога Валянціна”


Свята адзначаецца 14 лютага. Паколькі гэта дзень закаханых, у якасці сімвала свята абіраецца выява сэрца. Менавіта у форме сэрца рыхтуюцца запрашэнні, праграма, насценгазета, плакаты, прызы і г.д. У госці варта запрасіць вучняў з суседніх школ і настаўнікаў, а таксама бацькоў, сяброў, мясцовых літаратараў і г.д. Запрошаных пажадана рассадзіць паводле знакаў Задыяка (так яны хутчэй перазнаёмяцца). На століках — сурвэткі ў выглядзе сэрца, печыва (той жа формы), гарбата. Галоўны торт — вялікае бісквітнае «сэрца» — на стале вядучых. У зале працуе «чароўны» мікрафон-ружа, пажадана жывая. Выказваемся толькі ў мікрафон. Выказванні — самыя шчырыя, сардэчныя, вельмі асабістыя.

 

Ход свята

Дзяўчына. Дзень добры, паважаныя сябры!

Юнак. Добры дзень! Зімовы, халодны, але ўсё роўна — добры!

Дзяўчына. Скажыце, а ці любіце вы святы? Думаю, вы адразу адкажаце: так!

Юнак. Бо хто з нас не чакае Новага года і Калядаў?

Дзяўчына. Масленіцы і Вялікадня.

Юнак. Сёмухі і Купалля і многіх-многіх іншых святаў.

Дзяўчына. А сёння мы запрасілі вас адзначыць разам з намі Дзень святога Валянціна!

Юнак. Апекуна і ахоўніка ўсіх закаханых.

Дзяўчына. Валянцінаў дзень — цудоўнае, вясёлае свята.

Юнак. Яго сімвалам будзе сэрца — гарачае, вернае, якое ў закаханых б’ецца мацней.

Дзяўчына. Дарагія сябры! Мы запрашаем вас разам з намі спяваць, чытаць вершы, гаварыць і слухаць пра каханне.

Юнак. Каханне! Пачуццё, якое аднолькава хвалюе і дзяцей, і дарослых.

Дзяўчына. І асабліва хвалюе юнакоў і дзяўчат, якія вучацца ў школе.

Юнак. Ці раз вы адчувалі сябе шчаслівымі, калі лавілі на сабе закаханы позірк?

Дзяўчына. Ах, як хочацца тады быць прыгажэйшай, разумнейшай…

Юнак. Шпаргалку не бярэш, бо, Божа ж мой, што «яна» ці «ён» падумае?!

Дзяўчына. I сорамна вочы ўзняць, і так грукае сэрца…

Юнак. А ты баішся, каб яго стук не пачуў строгі настаўнік.

Здавалася, что бачыць увесь клас,
Калі ў твой бок глядзеў я незнарокам,
Каб аб сабе напомніць лішні раз,
Па пяць заўваг я зарабляў на ўроку.
Што стала ты мне нейкаю другой,
Баяўся і сабе прызнацца ў гэтым.
Ды толькі ўсе чамусьці нас з табой
На кніжках плюсавалі без сакрэту.

Дзяўчына. Так, ва ўсе часы закаханыя падобныя. Хто вершы піша…

Юнак. А хто мільёны пунсовых ружаў малюе. I ў нас ружа ёсць. Як «чароўны» мікрафон.

Дзяўчына. А цяпер мы павінны выканаць святы абавязак гэтага святога дня: абвясціць Валянціна і Валянціну — закаханыя пары на ўвесь год.

Юнак. У кожнага на століку ляжаць маленькія папяровыя «сэрцы». Напішыце на іх свае імя, прозвішча і кіньце ў капялюш.

Вядучыя падыходзяць да кожнага з капелюшом. Дзяўчаты кідаюць «сэрцы» ў белы, а хлопцы — у чорны. Калі капялюш напоўніцца «сэрцамі», вядучыя адначасова дастаюць іх і абвяшчаюць атрыманыя пары — Валянціна і Валянціну.

Дзяўчына. А зараз усе пары будуць танцаваць. Валянцін запрашае Валянціну. I робіць гэта прыгожа, галантна.

Гучыць музыка. Пакуль пары танцуюць, вядучыя вырашаюць, якая з іх найлепшая, і дораць прызы.

Юнак. Дзякуй вялікі за танец. Цяпер, калі вы пазнаёміліся, самы час прапанаваць гульню, якая яшчэ больш усіх зблізіць і паяднае.

Дзяўчына. У кожнага з вас на стале ёсць паперка, на якой напісаны два радкі з вершаў вядомых беларускіх паэтаў. Мяркую, тры хвіліны вам хопіць, каб дапісаць верш…

Юнак. А вызначыць лепшы верш-пераможцу дапамогуць вашы апладысменты.

Праз тры хвіліны ў зале гучаць дапісаныя вершы.

Дзяўчына. Дарагія сябры! Вы дапісалі цудоўныя радкі пра каханне, але сёння да нас прыйшлі госці, для якіх гаварыць вершамі — самая звычайная справа. У іх гэга атрымліваецца вельмі легка і прыгожа. Разумею ваша чаканне і з задавальненнем перадаю мікрафон (называецца імя).

Некаторы час у зале гучыць паэзія.

Дзяўчына. Кожны з вас можа ўзяць «чароўны» мікрафон. Мо нехта праспявае свае вершы пад гітару?

Удзельнікі свята спяваюць свае песні.

Юнак. Ад вашых вершаў і песняў робіцца цёпла і хораша! Мы сёння столькі іх пачулі!

Дзяўчына. I зараз самы час абвясціць наступны конкурс на лепшую пару закаханых. Пакуль будзе гучаць цудоўная «Зорка Венера» Максіма Багдановіча, напішыце ласкавыя словы, з якімі закаханыя звяртаюцца адзін да аднаго.

Юнак. А зараз паслухаем ласкавыя словы.

Пераможцы атрымліваюць падарункі.

Дзяўчына. Як прыемна, што нашы хлопцы і дзяўчаты знайшлі столькі ласкавых, прыгожых слоў!

Юнак. Бо калі згінуць такія словы, можна лічыць, што надышоў канец свету.

Дзяўчына. А каб ён не надышоў, давайце часцей паўтараць словы кахання!

Юнак. А вось цікава, ці зможа хто з вас сказаць толькі тры словы «Я цябе кахаю…», але так, каб мы ў гэта паверылі.

Вядучыя падыходзяць да ахвотнікаў. Вызначаецца той, хто зрабіў найбольш пераканальнае прызнанне.

Дзяўчына. А зараз мы прапануем конкурс для тых, хто ўмее і любіць маляваць. Заданне простае — праілюстраваць крылатыя выслоўі пра кахайне:

1. Каханне — нязнаная краіна, і мы ўсе плывём туды кожны на сваім караблі, і кожны з нас на сваім караблі капітан і вядзе свой карабель сваім асабістым шляхам (М.Прышвін);

2. Каханне носіць такія акуляры, праз якія медзь здаецца золатам, беднасць — багаццем, а кроплі агню — перлінамі (М. дэ Ссрвантэс).

Пакуль мастакі малююць, вядучыя прапануюць прысутным іншы занятак — танцы, песні, гульні і г.д.

Дзяўчына. Дарагія сябрыі На наша свята завіталі карэспандэнты школьнай насценгазеты. Яны хочуць задаць вам, шаноўныя, свае пытанні.

Карэспандэнты з «чароўнымі» мікрафонамі падыходзяць да прысутных з пытаннямі (Ці памятаеце вы свае першае каханне? Як яе (яго) звалі? Па-вашаму, каханне — гэта што? Як прайшло ваша першае спатканне? і т.п.)

Пасля «інтэрв ‘ю» падводзяцца вынікі конкурсу малюнкаў.

Юнак. Цудоўна! Непаўторна! Мы яшчэ раз пераканаліся, што каханне натхняе на творчасць. А цяпер самы час паспяваць. Няхай кожны столік пачне якую-небудзь песню пра каханне, а мы ўсе разам падхопім.

У гэтым конкурсе звычайна няма пераможцаў, бо яго мэта — аб’яднаць прысутных.

Дзяўчына. Каханне маё! Ты маланкай пранеслася,
Ты дажджом праліло па шчацэ.
Каханне маё! Прагучала ты песняю.
Каханне маё! Не стрымаць у руцэ.

Юнак. Дарагія сябры! Заканчваецца наша спатканне! Нам засталося толькі пачаставаць вас пірагом і запрасіць на апошні танец.

Дзяўчына. Мы будзем вельмі рады, калі пасля сённяшняга свята вы станеце трошкі іншымі — лепшымі, прыгажэйшымі і закаханымі! Няхай вашым апекуном і ахоўнікам будзе святы Валянцін! Мы жадаем вам шчасця і кахання!

Юнак. Кахання і шчасця!

 

Аўтар М.В. Генарава

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?