Нашы сябры

Сцэнарый урока. Я — грамадзянін Беларусі. Родная мова.


Прывітанне з вучнямі. Уступнае слова настаўніка.

Невялікая дыскусія на тэму: “Чаму мы не размаўляем на беларускай мове кожны дзень?”. “Можа наша мова непрыгожая?”.

Давайце пагаворым пра нашу родную беларускую мову.

Слова вядучым.

1вядучы: Бедны той, хто… не мае скарбаў вечных – скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здоле — гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы. (Цётка).

2 вядучы: Беларуская мова, якую пранёс наш народ праз вякі, з’яўляецца найвялікшым нацыянальным скарбам.

1вядучы: Родная мова – душа народа. Пакуль жыве мова, жыве і народ.

2 вядучы: На зямным шары больш за тры тысячы моў. Беларуская мова – адна са славянскіх моў. Шлях яе развіцця быў складаны, з разнастайнымі перашкодамі.

1вядучы: Беларуская мова, як руская і украінская, пачала складвацца яшчэ ў 13 стагоддзі. А ў Вялікім княстве літоўскім беларуская мова была дзяржаўнай,была мовай справаводства і судаводства, на ёй вялася дыпламатычная перапіска. (паказываем Статут ВКЛ 1588 г.).

2 вядучы: Пасля аб’яднання Польшчы і Літвы ў Рэч Паспалітую (1569) беларуская мова выцясняецца з афіцыйнага ўжытку, а дзяржаўнай мовай становіцца польская. У 17 ст. Ідзе барацьба за нацыяныльнае існаванне беларусаў у складзе Рэчы Паспалітай.

1 чытальнік.

Верш Міхайлы Грамыка

Жыць цяжка на крэсах усходніх,
Марнуецца дарма народ.
Гудзіць Навагрудак, Гародня,
Пад Вільню ідзе карагод.
За ўціскі тутэйшага слова.
За крыўду бяспраўных дзяцей,
Якіх праз чужацкую мову
З-пад родных зрываюць грудзей.

1вядучы: Аднак народ гаварыў на роднай мове, ствараў цудоўныя казкі, паданні, легенды, прыказкі, загадкі, у якіх праўдзіва паказвалася жыццё народа.

2вядучы: У канцы 18 ст. Беларусь далучана да Расіі. Але ад гэтага лёс роднай мовы не палепшыўся. У школаў яна не вывучалася, друкаваць на ёй не дазвалялася, яна лічылася “хамская, мужыцкая”.

2 чытальнік

Верш

Вякамі ёй ходу-жыцця не давалі,
Вякамі чынілі насмешкі ды кпіны,
Вякамі крыўлялі, глушылі, тапталі
Вялікую мову няшчаснай краіны.
Прарочылі лёс ёй – ажно да сканання
Хадзіць за хвастамі быдлячымі з пугай,
Быць мовай дворнічых, прачак ды няняк,
І то – не абчэшацца покуль прыслуга.

1вядучы: Але слова роднае прабівала сабе дарогу праз палымяную дзейнасць лепшых сыноў нашай зямлі. З поўнай сілай заявіла наша мова аб сабе вуснамі тых, хто зараз пазірае на вас са сцен нашага музея. Гэта: Уладзіслаў Сыракомля, Паўлюк Багрым, Францішак Багушэвіч, Якуб Колас, Янка Купала, Максім Танк і інш.

2 вядучы: Вось як пісаў аб роднай мове Францішак Багушэвіч: “Мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе: ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы”.

3 чытальнік

Верш Пімена Панчанкі

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору, и барвы зарніц,
І буслінае шчабятанне.
Калі ж хто загадае: “Не трэба!” –
Адрачэцца ад мовы народ, —
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі.

1вядучы: У нашы дні пачалося Адраджэнне роднага слова. Ці можа быць народ без мовы? Мы павінны берагчы духоўную спадчыну, шанаваць сваю мову.

4 чытальнік

Верш “Словы” Сяргея Грахоўскага

Над намі словы ўладараць.
Мы чуем і гаворым іх.
Яны то здружаць, то пасвараць
Адны – агню стрымаюць шквал,
Другія словы забіваюць
Усё жывое напавал.
Ад слова сэрца халадзее,
Праходзіць сон і забыццё,
Ад слова рушацца надзеі,
Ад слова свеціца жыццё.
Ад слова вырастаюць крылы,
А ў сэрцы стукае любоў,
Ад слова прыбываюць сілы.
Дык не шкадуйце шчырых слоў!

1вядучы: Мы, сучасныя вучні, маем магчымасць вучыцца на сваёй роднай мове. Але ж мы добра ведаем і помнім аб тым, што Валянціна Таўлая выключылі з гімназіі толькі за тое,што ён назваў сябе беларусам і роднай мовай – беларускую. Аавалодваючы ведамі, асновамі навук, нам трэба пазнаваць свет, ведаць і любіць свой народ, сваю Радзіму. А любоў да сваёй краіны немагчыма без кахання да сваёй мовы.

5 чытальнік

Верш “Скарбы”

Мова,
Пявучая родная мова,
Ты – уладарка нявызнаных скарбаў,
Столькі значэнняў,
Гучанняў і фарбаў
Мае ў сабе тваё кожнае слова.
Іншае слова напоўнена плёскам
Хвалі дняпроўскай.
Іншае слова такое,
Што рэха лясное
Ў яго глыбінях затоена.
Ёсць і як мёд залатое, густое,
На травах яно духмяных настоена.
Ціха гучаць у мове маёй
Словы пяшчотныя,
Словы крынічныя,
Росныя.
Чуюцца ў ёй –
І грымотныя,
Зычныя.
Водгуле бітваў у іх
Разлятаецца грознае.
Часам бывае – заззяе неспадзявана
Новаю зоркаю слова – абнова.
Колькі ў табе нявызнаных скарбаў схавана,
Мова амя,
Пявучая родная мова.

 
Глядзі працяг сцэнарыя ўрока. “Я — грамадзянін Беларусі. Родная мова.” на другой старонке.

Старонка: 1 2

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?