Нашы сябры

Сцэнарый урока “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”


Мэта: выхаванне ў вучняў нацыянальнай самасвядомасці праз асэнсаванне нацыянальных каштоўнасцей, традыцый, творчай і сацыяльнай самарэалізацыі кожнага вучня.

Задачы: садзейнічаць фарміраванню сацыяльнага аптымізму, выхаванню патрыёта і грамадзяніна; на канкрэтных прыкладах дапамагчы вучням усвядоміць сувязь мінулага з сучасным; стварыць умовы для развіцця нацыянальнай культуры, станаўлення важнейшых якасцей асобы.

Абсталяванне: герб і сцяг Рэспублікі Беларусь; канверты з заданнямі; фотаздымкі Брэсцкай крэпасці, Хатыні; фотаздымкі беларускіх краявідаў.

Арганізацыйны момант

— Сёння вы, дзеткі, прыйшлі ў школу пасля летняга адпачынку, каб прадоўжыць сваё навучанне.

Восень сцеле туман па зямлі.
Сонца свеціць з-за хмаркі вясёлай.
А з якім жа настроем вы, дзеці, ішлі,
Каб сустрэцца з любімаю школай?

(Выказванні вучняў пра свой настрой)

— Я таксама сёння ішла ў школу з радасным настроем, з цёплымі пачуццямі. І хачу падзяліцца ім з вамі, мае маленькія сябры. Спадзяюся, што і вы таксама хочаце падзяліцца са мной добрым настроем. Давайце станем у круг, дакранёмся адзін да аднаго сваімі далонямі, заплюшчым вочы. І няхай кожнага з нас крануць самыя цёплыя і радасныя пачуцці.

Краіна ведаў існуе.
Мне люба адкываць яе
Дзяўчынкам, хлопчыкам штораз,
Вядучы іх з класу ў клас.

— За плячыма засталося вясёлае лета, у час якога вы шмат гулялі, забаўляліся. У якія гульні вы гулялі?

(Адказы вучняў)

— Сёння я падрыхтавала вам гульню з сакрэтамі. Хто з нас не любіць разгадваць сакрэты?! Права адкрыць першы сакрэт атрымае той, хто першым адгадае загадку. Драўлянае цельца, каменнае сэрца. (Аловак)

— Вось табе канверт, раскры яго і раскажы нам, што там. ( Літары) Выстаў іх у радок і назаві кожную. Якія яны? (Зычныя і галосныя; вялікая і малыя) З якой літары будзе пачынацца слова? (Б) Складзём слова. (Беларусь) А што азначае гэтае слова? (Бацькаўшчына, Радзіма, Айчына)

Наш край – прагожы самы.
Хаціны ў зелені садоў,
Залочаныя збожам нівы,
Шум нашых гаяў і лясоў.

— Адкуль паходзіць назва нашай Радзімы?

(Адказы вучняў)

— Кожная дзяржава мае свае сімвалы па якіх яе пазнаюць далёка за яе межамі. Гэта герб і сцяг. Давайце ўважліва разгледзім іх.

Герб.

Паведамленне настаўніка

Першае, на што зверне ўвагу кожны, – гэта зялёны контур тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, як яна адлюстравана на геаграфічнай карце. Зялёны контур – у залатых промнях узыходзячага Сонца. Гэта сімволіка зразумела кожнаму з нас: усе свае думкі скіроўваюцца да Айчыны: гэта наша зямля, нам чужой не трэба, але і сваёй мы не аддадзім ні пядзі! Мы захаваем яе ў тых межах, у якіх яна перададзена нам папярэднімі пакаленнямі. Контур краіны знаходзіцца ў сярэдзіне герба, утворанага вянком з каласоў, пераплеценых з аднаго боку ружовымі кветкамі канюшыны, з другога – блакітнымі кветкаі льну. Вянок, утвораны з пучка жыта, са старажытных часоў меў свяшчэнны сэнс для ўсіх славянскіх народаў. Славяне верылі, што пучок або сноп хлебных каласоў – лепшы спосаб звароту да божых сіл з просьбай аб пасланні ці дараванні новага ўраджаю і працвітання. Канюшына – гэта сімвал сувязі са стваральным светам жывёл: канём, каровай, авечкай, для іх яна лепшы корм. Старажытныя людзі лічылі, што чалавек – частка ўсяго свету жывых істот, які здольны захаваць сабе жыццё і забяспечыць працвітанне толькі пры ўмове захавання і працвітання астатняга жывёльнага свету. Лён – гэта бавоўна Поўначы, цудоўны матэрыял для адзення. Здаўна з ільну вырабляліся прыгожыя і трывалыя тканіны. Лён – сімвал пераўтваральнай працы, знак дабра і дастатку. Ніжэй контуру граніцы Рэспублікі Беларусь змешчаны зямны шар з узыходзячым над ім Сонцам і залатымі промнямі. Зямны шар – гэта знак таго, што Рэспубліка Беларусь успрымае ўсе народы Зямлі як раўнапраўных сяброў і партнёраў, гатова з ім дружыць і гандляваць. Яднанне Зямлі і Сонца – галоўны знак жыцця. У старажытных міфах чалавецтва адлюстравана гэта сімволіка. Яе можна сустрэць на старажытных помніках. Чырвоная зорка – сімвал чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх памкненняў. Герб абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу чытаецца надпіс залацістага колеру – “Рэспубліка Беларусь”. Такім чынам, герб нашай краіны раскрывае сябе як яркая і запамінальная кніга пра беларускі народ.

Дзяржаўны сцяг.

Паведамленне настаўніка

Дзяржаўны сцяг – галоўны сімвал нашай Радзімы. Наш сцяг мае тры колеры: чырвоны, зялёны і белы. Чырвоны колер служыць знакам Сонца, сімвалізуе кроўныя повязі, брацтва, барацьбу за справядлівую справу. Ён азначае высокае прызначэнне ў лёсе і перамогу. Адначасова гэта знак шчаслівага жыцця. Зялёны колер – колер Прыроды, нашай карміцелькі, нашай першамаці. Гэта колер палёў і лясоў, якія здаўна займалі асноўную частку тэрыторыі нашай краіны. Зялёны колер – колер дабра, росту, развіцця, дабрабыту і міру. Белы колер – колер свабоды, колер маральнай чысціні і мудрасці. Сцяг Беларусі мае яшчэ адну важную дэталь – арнамент, чырвоны народны ўзор. Ён сімвалізуе працалюбства і працоўнае майстэрства. Выражае самыя істотныя якасці народа і як бы моліць нябесныя сілы захаваць гэтыя якасці.

Фізкультхвілінка.

— Яшчэ сімвалам Беларусі з’яўляецца бусел. Давайце ўявім, што мы гэтыя велічныя птушкі, якія лунаюць над неабсяжнымі прасторамі нашай Радзімы і любуюцца яе прыгажосцю. Планіруюць, планіруюць буслы, Ветразі іх крылляў раскрылены над дрэвамі. Яны ўзлятаюць высока-высока, то прызямляюцца на заліўны луг. І зноў узлятаюць у неабсяжнае блакітнае неба. А пад іхні палёт асабліва добра думаць пра нашу з вамі Радзіму, пра Беларусь.
 
Глядзі працяг сцэнарыя ўрока “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” на другой старонке.

Старонка: 1 2

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?