Нашы сябры

Сцэнарый урока “Якая яна, наша Беларусь?”. 2 клас


Ход урока

I. Арганізацыйны этап

У самым пачатку ўрока гучыць урывак з песні ансамбля «Песняры» «Белая Русь ты мая».

Настаўнік:

Ю. Свірка. Твая Беларусь

На карце вялікага свету
Яна, як кляновы лісток,
Песня гарачага лета,
Крынічнай вады глыток.
Мяжуе з Польшчай, Украінай,
Расіяй, Латвіяй, Літвой
Твой родны край, твая Айчына,
Жыццё тваё і гонар твой.
I ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма
Названа светла: Беларусь!

— Хто мы? Мы — беларусы. Бо мы нарадзіліся беларусамі, ускарміліся з беларускай зямлі, узгадаваліся і жывём на Беларусі. Сёння мы ўзгадаем таямніцы і цуды беларускай зямлі, прыўзнімем заслону яе славутай гісторыі, традыцый, даведаемся, якіх знакамітых людзей яна ўзгадавала. Вывучаць, пазнаваць, разумець сваю зямлю, яе народ, бадай, самая галоўная наша задача. Такім чынам, сёння на ўроку мы будзем адказваць на пытанне: «Якая яна, наша Беларусь?»

II. Асноўная частка

1. Завочная экскурсія па выставе вырабаў народных рамёстваў.

Настаўнік. Мы жывём у цудоўнай дзяржаве і з’яўляемся яе грамадзянамі, яе народам. Як называюць у свеце нас, жыхароў Беларусі? (Беларусамі. Беларускім народам.)

У нашым краі жылі і жывуць вельмі таленавітыя і працавітыя людзі. Вельмі радасна, што традыцыі нашых продкаў захаваліся і мы маем цудоўную магчымасць пабачыць на свае вочы прыгажосць працы чалавечых рук. Звярніце ўвагу на нашу выставу. Вы бачыце вырабы рамёстваў, што былі шырока распаўсюджаны на Беларусі. Якія віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва тут прадстаўлены? (Саломапляценне, вышыўка, ткацтва, выцінанка, кераміка.) Паглядзіце на фотаздымкі і малюнкі традыцыйнага народнага касцюма. Якія яго элементы вы можаце назваць? (Спадніца, кашуля, фартух, сукенка.) Якія тканыя і вышываныя вырабы прысутнічаюць на выставе? (Ручнікі, абрусы, фіранкі.)

Адгадайце загадкі:

Стаіць сасна, на сасне лён, на льне жыта. (Абрус)
Як белакрылы птах, трапечацца ў руках, маркоціцца тады, калі няма вады. (Ручнік)

2. Гутарка аб сімвалах Беларусі.

Настаўнік. Беларусь мае свае дзяржаўныя сімвалы. Назавіце іх. (Герб, сцяг, гімн Рэспублікі Беларусь. Сімвалы дэманструюцца на праектары.) Беларускі народ за доўгія гады свайго існавання стварыў шмат сімвалаў, якія штораз усплываюць перад вачыма кожнага, хто чуе словы «Беларусь», «беларусы». Якія з гэтых сімвалаў вам вядомы? Пры адказе можна карыстацца выставай на дошцы. (Вучні называюць і дэманструюць выявы белага бусла, зубра, Белай вежы, Сафійскага сабора ў Полацку і г. д.)

Сімвалам сучаснай Беларусі стала Нацыянальная бібліятэка ў Мінску. (Дэманструецца слайд.) Над стварэннем гэтага цуду архітэктурнай задумкі працаваў увесь народ Беларусі. Той, хто непасрэдна не ўдзельнічаў у будоўлі, дапамагаў грашовымі сродкамі. За кароткі час існавання бібліятэка стала любімым месцам культурнага адпачынку беларусаў і гасцей нашай краіны. З 2006 года тут праходзяць сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў, дыпламатаў, вядомых дзеячаў палітыкі і культуры, сюды прыходзяць, каб знайсці цікавыя і старажытныя кнігі і дакументы, і проста адчуць сваю прыналежнасць да гісторыі і культуры нашай краіны.

Фізкультхвілінка (пад музыку «Лявоніха»)

3. Праца ў групах.

Настаўнік. Сваю любоў да Радзімы кожны выказвае па-рознаму: школьнікі — стараннай вучобай, дарослыя людзі — прафесійнымі дасягненнямі. А некаторыя імкнуцца спалучаць працу з творчасцю.

Заданне для 1-й групы. Намаляваць гістарычныя і сучасныя сімвалы Беларусі (на выбар).

Заданне для 2-й групы. Зрабіць калаж пад назвай «Я люблю Беларусь!» (вучні выкарыстоўваюць выразкі з беларускіх часопісаў, газет, малююць і робяць подпісы).

Заданне для 3 групы. Падрыхтавацца да выразнага чытання верша П. Броўкі «У Беларусі ясныя вочы» (настаўнікам рэкамендуецца прапанаваць вучням алгарытм падрыхтоўкі да выразнага чытання).

П. Броўка. У Беларусі ясныя вочы

У Беларусі — ясныя вочы,
Многа любові ў грудзях:
Звонкае поле, звонкія сосны,
Звонкі і сонечны шлях.
У Беларусі кожны куточак,
Дзе ты не пойдзеш, пяе…
Звонкае слова, звонкая песня,
Звонкае сэрца яе.

Заданне для 4-й групы. 3 «рассыпаных» слоў трэба скласці прымаўкі, прыказкі ці «знайсці пару» (даецца першая частка прымаўкі, а другую трэба адшукаць). Прымаўкі адлюстроўваюцца на мультымедыйным праектары.

Няма смачнейшай вадзіцы… (як з роднай крыніцы).
Дарагая тая хатка… (дзе нарадзіла мяне матка).
Лепш сто сяброў… (чым сто рублёў).
Новых сяброў нажывай… (але старых не забывай).
Родная зямля — маці… (чужая старонка — мачыха).

4. Прэзентацыя выкананых заданняў (кожная група прадстаўляе вынік выкананай працы).

5. Франтальная гутарка з выкарыстаннем слайдаў прэзентацыі з партрэтамі дзеячаў навукі і культуры, чытанне вершаў Я. Купалы і Я. Коласа.

Настаўнік. Шмат выдатных людзей нарадзіла беларуская зямля. Мы павінны ведаць і шанаваць іх. Вось толькі некалькі гістарычных асоб: Ефрасіння Полацкая, Усяслаў Чарадзей, Францыск Скарына, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч.

ІІІ. Падвядзенне вынікаў урока.

Настаўнік. Родная зямля, любая Беларусь! Вось яна — святая зямля дзядоў і прадзедаў, гераічнай славы, зямля Скарыны, Купалы, Коласа! Сёння на ўроку мы гаварылі пра нашу родную Беларусь. Паспрабуем зараз разгадаць крыжаванку «Чым мы ганарымся?»

крыжаванка «Чым мы ганарымся?»

Па гарызанталі: 3. Марка тэлевізараў, якія выпускаюць у Мінску. (Гарызонт) 4. Сімвал сучаснай Беларусі, адкрыты ў Мінску ў чэрвені 2006 года. (Бібліятэка) 6. Асветнік, першадрукар, вялікі сын Полацкай зямлі. (Скарына) 8. Літаратурны псеўданім К. М. Міцкевіча. (Колас)

Па вертыкалі: 1. Сталіца Беларусі. (Мінск) 2. Магутны звер вагой больш за тону, выява якога змешчана на самым вялікім БелАЗе. (Зубр) 5. Вялікая птушка, белыя крылы якой «накрываюць» Беларусь кожную вясну. (Бусел) 7. Марка халадзільнікаў і пральных машын, што выпускаюць у Мінску. (Атлант) 8. Літаратурны псеўданім I.Д. Луцэвіча. (Купала)

IV. Рэфлексія

На дошцы размешчана карта Беларусі. Кожнаму вучню прапануецца закончыць сказ: «Я люблю Беларусь таму, што…» Адказы запісваюцца на картках, якія маюць форму лістка бярозы, васілька, зубраня, бусліка і г.д. Свае адказы школьнікі агучваюць і прымацоўваюць на карце.

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?