Нашы сябры

Сцэнарый вечарыны “Ён і сёння з намі, наш Купала”


Гучыць мелодыя песні “Радзіма мая дарагая” (А. Бачыла, Ул. Алоўнікаў). Адкрываецца заслона. На сцэне — удзельнікі літаратурна-музычнай кампазіцыі, апранутыя ў беларускія нацыянальныя строі. Мелодыя песні заціхае, адзін з удзельнікаў чытае радкі.

Радзіма мая дарагая,
Красуйся і ў шчасці жыві.
Я сэрцам табе прысягаю
У шчырай сыноўняй любві.

Паказваюцца кадры з дакументальных фільмаў пра сучасную Беларусь. У гэты час пачынае гаварыць вядучы.

1-ы вядучы. Сёння наша Беларусь — краіна шматлікіх фабрык і заводаў, краіна новабудоўляў, шырокіх і ўрадлівых палеткаў. Але мы ведаем, што калісьці гэта быў лапцюжны і сярмяжны край, зямля бяды і гора людскога.

Янка Купала. Беларусі ардэнаноснай.

Чым ты была, Беларусь мая родная, —

Хіба ж не бачылі нашыя вочы?

Вечна абдзёртая, вечна галодная,

Сонца не ведала, а толькі ночы.

Людзі твае, ў беднаце гадаваныя.

3 торбай жабрацкаю век дажывалі…

Злосна стагналі вятры над курганамі.

Хмары насіліся чорнаю хваляй.

2-і вядучы. Плач усёй Беларусі распавёў «на свет цэлы» наш пясняр. Янка Купала быў народжаны самім жыццём, тагачаснай явай.

Янка Купала. Я не паэта…

Кожны край мае тых, што апяваюць,

Чым ёсць для народа ўпадак і хвала,

А беларусы нікога ж не маюць,

Няхай жа хоць будзе Янка Купала.

1-ы вядучы. Паэт палюбіў зямлю Беларусі, разгледзеў тут кожную травінку, кожнае дрэва, пабачыў, як распвітаюць верасы, наліваецца колас, выплывае месяц на сіні начлег.

2-і вядучы. Яго нарадзіла зямля Беларусі, каб потым паэт пачуў яе стогн і плач, убачыў гора і галечу роднага народа, занядбанасць беларускага мужыка, нішчымніцу беларускіх вёсак, каб панёс іх крыўду «на свет цэлы» за права «людзьмі звацца».

1-ы вядучы. У нашым народзе бытавалі паданні пра тое, што ля калыскі кожнага немаўляці збіраюцца чараўніцы і прарочаць яму лёс. Відаць, мудрыя чараўніцы стаялі і ля калыскі Янкі Купалы і судзілі лёс самы слаўны, самы цяжкі і вялікі. Паэту наканавана было гадамі блукаць упоцемках і выйсці на святло, аслепнуць ад яго, але вывесці з цемры іншых.

Гучыць сумная мелодыя беларускай народнай песні, паказваюцца кадры з дакументальнага фільма «А зязюля кукавала», які расказвае пра Купалаўскія мясціны.

2-і вядучы. Родная Вязынка. Мілы сэрцу бацькоўскі кут.

1-ы вядучы. Тут, на хутары Вязынка, у час свята Івана Купалы ў сям’і арандатара нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч.

Канстанцыя Буйло. У Вязынцы.

У хатцы маленькай радзіўся паэт,

Дзе чадна дыміла лучына.

Раз першы адгэтуль ён глянуў на свет

Праз вокны вось гэтай хаціны.

2-і вядучы. Яго юнацтва пачалося з суровых будняў — будучы паэт працаваў хатнім настаўнікам, перапісчыкам у судовага следчага, прыказчыкам у панскім маёнтку, рабочым на броварах. Універсітэтам Янкі Купалы было само жыццё.

Янка Купала. Мая навука.

Мне мудрасці кніжнай не даў Бог пазнаці,

Мой бацька не мог даць раскошаў такіх —

Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці

I дум беларускіх без школы і кніг.

Ад самай красы маіх дзён невясёлых

Настаўнікам быў беларускі абшар;

Усходы палеткаў і гоманы ў сёлах

Навуку сваю мне прыносілі ў дар.

Гучыць песня «I вецер, і сокал, і я» (верш Янкі Купалы. муз. Аляксея Туранкова) або іншая песня на вершы песняра.

1-ы вядучы. Янка Луцэвіч вырас у вёсцы. Ён жыва і абвострана ўспрымаў усё навакольнае.

Канстанцыя Буйло. У Вязынцы.

А ён падрастаў, беларускі хлапчук,

3 прачулай, гарачай душою,

I ўсё, што пабачыў, усё, што пачуў,

У сэрца ўбіраў маладое.

Народныя песні будзілі думу —

Тужлівыя, быццам шум бору…

I сталі з дзяцінства знаёмы яму

Людскія нядоля і гора.

2-і вядучы. Беззямелле, неўладкаванасць сялянскага жыцця, прыніжэнне чалавечай годнасці селяніна-беларуса сталі прычынамі трагедыі цэлага народа, якому адмаўлялі ў праве «людзьмі звацца». Усё гэта выклікала з’яўленне Купалы-паэта, які на пачатку сваей творчасці мужна заявіў:

Янка Купала. Я не для вас…

Я не для вас, паны, о не,

Падняць скібіну слова рвуся

На запусцелым дзірване

Сваей старонкі Беларусі,

Я не для вас, паны, о не!

Я не для вас, паны, о не,

А я для бедных і загнаных,

Я з імі мучуся ўраўне,

Ў адных закут з імі кайданах…

Я не для вас, паны, о не!

Па сцэне павольна праходзіць група вучняў, апранутых у беднае сялянскае адзенне, абутых у лапці, з торбамі за плячыма.

Янка Купала. А хто там ідзе…

А хто там ідзе, а хто там ідзе

У агромністай такой грамадзе?

Беларусы.

А чаго ж, чаго захацелась ім.

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

Людзьмі звацца.

1-ы вядучы. «Людзьмі звацца!» Гэты заклік стаў лейтматывам усёй дакастрычніцкай творчасці Янкі Купалы. У праніклівых лірычных вершах, у жыццесцвярджальных паэмах, у драматычных творах паэт падкрэсліваў, што чалавек мае права на годнае жыццё.

2-і вядучы. Спрадвечная мара «людзьмі звацца» вяла беларусаў у пошуках праўды, той папараць-кветкі, якая, як кажуць паданні, расцвітае ў купальскую ноч і прыносіць чалавеку шчасце.

1-ы вядучы. Купальскія вогнішчы. Вякамі іх нязгасны агонь ачышчальным святлом саграваў мільёны чалавечых сэрцаў і яшчэ будзе свяціць нам і нашым нашчадкам многія гады. Купальскае вогнішча асвятляла жыццёвы шлях творцы.

Гучыць народная песня «А на Купалу сонца рана іграла».

На сцэне гасне святло, імітуецца вогнішча, вакол якога — дзяўчаты-русалкі. Яны выконваюць павольны танец. З’яўляецца юнак у нацыянальным адзенні з палымянай папараць-кветкай у руцэ. Ён змагаецца з русалкамі і перамагае. Дзяўчаты апускаюцца на падлогу і бьццам засынаюць, а юнак чытае верш Я. Купалы «Спадчына». Потым гучыць запіс аднайменнай песні (муз. Ігара Лучанка) у выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры».
 
Глядзі працяг сцэнарыя вечарыны “Ён і сёння з намі, наш Купала” на другой старонке

Старонка: 1 2

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?