Нашы сябры

Урок-падарожжа “Брэсцкая крэпасць-герой”


Ход урока

Пастаноўка мэты урока.

Настаўнік. Гісторыю свайго народа, свае карані трэба ведаць кожнаму чалавеку. Трэба ведаць, якой цаной заваяваныя сённяшні спакой і дабрабыт. На гэтым уроку пойдзе размова пра гераічныя падзеі, якія адбываліся ў Брэсце. Мы даведаемся пра герояў – абаронцаў Брэсцкай крэпасці, дзякуючы мужнасці якіх стаў магчымым дзень вызвалення нашай краіны ад фашыстаў.

Запіс на дошцы: “3 ліпеня 2013 г. — 69-я гадавіна вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.

Знаёмства з новай тэмай.

Настаўнік задае пытанні:

— Чаму нашу краіну мы называем Радзімай? (Таму што мы тут нарадзіліся, яна нам самая родная з усіх краін на цэлым свеце.)

— Чаму свой край мы называем Бацькаўшчынай? (Бо ён дастаўся нам ад нашых бацькоў.)

— Як яшчэ называем нашу Радзіму? (Беларусь, край азёр, сінявокая краіна, зямля пад белымі крыламі.)

— Чаму мы так завём нашу Радзіму? (Беларусь, таму што ў далёкім мінулым гэтыя землі не змаглі заваяваць мангола-татары. Мужныя людзі жылі тут, яны гераічна абаранялі сваю Радзіму. Таму мы – “белая”, “чыстая ад нашэсця татар” Русь. Другі варыянт паходжання гэтай назвы: у даўніну белае адзенне насілі вясковыя людзі, яны мелі светлыя валасы, светлы колер скуры. Багата Беларусь рэкамі, азёрамі, таму завуць яе сінявокай. На Беларусі шмат буслоў, гэта птушка – наш сімвал, таму і Радзіму нашу мы называем зямлёю пад белымі крыламі.)

Настаўнік. У мінулым многа разоў наша шматпакутная Бацькаўшчына гераічна абаранялася ад ворагаў. Густа палітыя яе землі крывёю герояў-абаронцаў. Безліч разоў грукаталі над Беларуссю калясніцы вайны. Мы ганарымся тым, што ў гэтых войнах наша краіна ніколі не была агрэсарам, але заўсёды мужна бараніла сябе, сваю праўду і веру. Ёсць і горкая памяць у нашай Радзімы. Амаль кожны чацвёрты жыхар Беларусі загінуў у Вялікую Айчынную вайну.

На дошцы запіс: “Вялікая Айчынная вайна 1941 – 1945 гг.”.

Настаўнік. Каб даведацца аб тых гераічных падзеях, мы адправімся ў падарожжа ў 1941 год.

Настаўнік паказвае гэту дату на стужцы часу.

Вучань. На самай мяжы нашай Радзімы, там, дзе зліваюцца рэкі Мухавец і Буг, знаходзіцца старажытны горад Брэст (паказвае на карце Беларусі, звяртаецца ўвага аднакласнікаў на фотаздымкі Брэста). Давайце пазнаёмімся з гэтым горадам, спынімся ля свяшчэнных руін Брэсцкай крэпасці. Уявім страшную першую ноч вайны. 22 чэрвеня 1941 года ў 4 гадзіны раніцы зямлю скаланулі першыя варожыя бомбы і снарады. Абрушыўшы смяротны агонь на крэпасць, нямецка-фашысцкія захопнікі разлічвалі адразу захапіць горад і крэпасць. Узброены да зубоў вораг далёка прасунуўся на ўсход, але цытадэль заставалася непакоранай.

Настаўнік. Кожны, хто праходзіць на тэрыторыю Брэсцкай крэпасці праз галоўны ўваход, чуе песню “Свяшчэнная вайна” і паведамленне ўрада Савецкага Саюза аб вераломным нападзе на нашу Радзіму войскаў нямецка-фашысцкай Германіі, якое чытае Юрый Левітан.

Вывешваецца фотаздымак галоўнага ўвахода ў Брэсцкую крэпасць, уключаецца запіс песні і паведамлення аб нападзе фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз.

Дэманструецца фотаздымак Холмскіх варот крэпасці.

Урывак з паэмы Васіля Жуковіча Гаворыць крэпасць

Незагойным балючым шрамам
Засталася на сэрцы вайна.
Крэпасць Брэсцкая – першая драма.
Шмат чаго мне гаворыць яна.

Настаўнік. Кожны камень Брэсцкай крэпасці – сведка гераічнага подзвігу яе абаронцаў. Вось лаканічны надпіс на сцяне цытадэлі, зроблены на дваццаць дзевяты дзень вайны: “Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20.7.41”. Цяпер крэпасць над Бугам – гістарычны помнік. Удзячныя нашчадкі збудавалі на месцы мінулых баёў велічны мемарыял. 25 верасня 1971 года адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”. Наш урок – завочная экскурсія па мемарыяле. Ад галоўнага ўвахода мы крочым па цэнтральнай алеі. Навокал – цішыня.

Урывак з паэмы Васіля Жуковіча Гаворыць крэпасць

Не лясная я, не крынічная –
Цытадэльная цішыня.
ЁСЦЬ трывога ва мне хранічная
За світанне новага дня.
Я хачу, каб ніколі на золку
Не стралялі гарматы ў мяне,
Не ўпіваліся ў цела асколкі
I каб Буг ад крыві не цямнеў.
Я, салдацкая, пагранічная,
Цытадэльная цішыня,
Зычу, людзі, вам міру прывычнага,
Ціхай ночы і яснага дня!

Настаўнік. У цэнтры мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” узвышаецца галоўны манумент “Мужнасць”. Гэта даніна памяці героям, мужнасць і гераізм якіх у час абароны выклікалі захапленне нават у ворагаў. Імёны нашых абаронцаў засталіся ў памяці народнай назаўсёды (на дошцы — фотаздымак манумента “Мужнасць”).

Авяр’ян Дзеружынскі. Манумент славы

Стаіць манумент там, дзе груды-руіны,
Высока і горда стаіць, як салдат,
I ззяннем узнятай да неба вяршыні
Заве да сябе маладых арлянят.
Тут кожную глыбу і кожны тут камень
Свяшчэннай крывёю байцы палілі.
У сэрцах нашчадкаў жыць будзе вякамі
Пра тых успамін, што ў легенду ўвайшлі.
Народная памяць адважных запомніць –
Іх ворагі волю зламаць не змаглі.
Стаіць манумент – Брэсцкай крэпасці помнік
Героям вялікай Савецкай зямлі!

Настаўнік. Узброеная да зубоў гітлераўская армія, якая дагэтуль не ведала паразаў, наступала на крэпасць. Баі былі няроўныя і жорсткія. Адрэзаныя ад навакольнага свету, без вады, з мізэрнымі рэшткамі прадуктаў, абаронцы не здаваліся. Скульптурная кампазіцыя “Смага” пакідае незабыўнае ўражанне ва ўсіх наведвальнікаў мемарыяльнага комплексу. Мы бачым раненага абаронца Брэсцкай крэпасці, які, абапіраючыся на аўтамат, цягнецца да вады.

Урывак з паэмы Васіля Жуковіча Гаворыць крэпасць

Я – салдацкая смага. …Дапаўзці б да вады
I з напоўненаю біклагай ратаваць ад бяды.
Там параненых сэрцы просяць: “Піць!”
Тут – два крокіда смерці: вораг не спіць.
Асвятляецца бераг. А ва мне абуджаецца вера:
Куля мо абміне…
Абмінулі варожыя кулі – смагу нельга забіць.
Вы з бетону мяне пачулі і не здолееце забыць.
Я напоўню ваш дзень, ваш будзень,
Буду вашы сэрцы паліць,
Каб няслі дапамогу людзям і каб чулі, каму баліць.

Настаўнік. Абеліск у форме штыка ўзняўся на вышыню 116 м. Гэта сімвал моцы нашага народа, яго гатоўнасці абараняць мір.

Урывак з паэмы Васіля Жуковіча Гаворыць крэпасць

Падымаюць людзі галовы
Ля мяне, велікана-штыка.
Зброяй, ведаюць, быў я суровай
I пяром у байцоўскіх руках.
Бы па дрэве, па мне сцякаюць
Промні сонца і кроплі дажджу.
Тут мой пост. Мая доля такая:
Я стаю на граніцы, служу.

Настаўнік. Цэнтральная алея вядзе нас да плошчы Цырыманіялаў, дзе знаходзіцца некропаль. Тут захаваныя урны з прахам 850 абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Вядомыя імёны толькі 224 абаронцаў, яны запісаныя на магільных плітах. Усе наведвальнікі мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” абавязкова спыняюцца каля Вечнага агню. Гэта агонь воінскай славы і народнага смутку, памяць аб загінуўшых абаронцах крэпасці.

Маналог Вечнага агню з паэмы Васіля Жуковіча Гаворыць крэпасць

Гарэць — гэта ЖЫЦЬ. Я жыву не ў задушлівым дыме.
А ў граніце, на рубяжы паміж мёртвымі і жывымі.
Я — свабодны агонь, б’юся сэрцам салдата
За тых, без каго святкаваў СОРАК ПЯТЫ.
Я скажу вам за ўсіх, што навек тут заснулі,
Раскажу вам пра іх, вы прыходзьце, матулі.
Я — свяшчэнны агонь, Я — агонь урачысты.
Ды прашу аднаго — вашай памяці чыстай.

Настаўнік. Недалёка ад Вечнага агню знаходзіцца Мемарыяльная плошча гарадоў-герояў. Побач – адноўлены Свята-Мікалаеўскі гарнізонны храм. Вакол плошчы Цырыманіялаў – руіны казармаў, казематаў. На рэштках сцен усіх гэтых пабудоў – мемарыяльныя знакі і дошкі. Яны складаюць каляндар абароны – хроніку гераічных падзей. 1418 дзён ішла Вялікая Айчынная вайна, якая адной з першых апаліла зямлю Брэста. 1418 дзён подзвігу людзей на франтах і ў тыле, у партызанскіх атрадах упісаныя ў гісторыю крывёю, гранітам і бронзай. Пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці створаны легенды, напісаны кнігі, песні, паэмы.

Алесь Бачыла Песня пра герояў Брэсцкай крэпасці

Над Брэстам у небе ласкавым празрыстыя хмаркі плывуць…
Як помнікі воінскай славы, фарты крапасныя ўстаюць.
Сурова ўстаюць успаміны… Над Бугам і ноччу і днём
Ірвуцца снарады і міны, казармы палаюць агнём,
Змагаюцца мужна салдаты… Прабіцца не суджана ім…
Сястра не рыдае над братам і маці над сынам сваім.
Сваю дарагую краіну байцы засланілі сабой…
I ночы і дні несупынна грыміць, не сціхаючы, бой.

Настаўнік. На тэрыторыі мемарыяла дзейнічае Музей абароны Брэсцкай крэпасці. Тут сабраны багаты матэрыял. Моўчкі пастаім над змятай асколкамі, прабітай кулямі каскай салдата, прастрэленым камсамольскім білетам, аплаўленай у баях вінтоўкай. Паклонімся Сцягу крэпасці. Яе подзвіг застанецца навечна ў памяці.

Фашысты перадавалі, што яны набліжаюцца да Масквы. А ў глыбокім тыле змагаліся абаронцы Брэсцкай крэпасці. Асобныя ачагі супраціўлення былі адзначаны 20 ліпеня 1941 года. Тры гады чакала крэпасць вызвалення. 28 ліпеня 1944 года горад Брэст і Брэсцкая крэпасць былі вызвалены Савецкай Арміяй ад фашысцкіх захопнікаў. Знойдзены пасля вызвалення крэпасці пад руінамі Загад № 1 аб абароне крэпасці назваў яе герояў.

Настаўнік па чарзе выстаўляе партрэты абаронцаў.

Паведамленні вучняў

1-ы вучань. Наганаў Аляксей Фёдаравіч нарадзіўся ў 1915 годзе ў вёсцы Чырвоная Рака Куйбышаўскай вобласці. Лейтэнант Наганаў з групай салдат сустрэў нямецка-фашысцкіх захопнікаў каля Цярэспальскіх варот, там ён загінуў у першыя дні вайны. Быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны I ступені. Яго імем у Брэсце названа вуліца.

2-і вучань. Зубачоў Іван Мікалаевіч нарадзіўся ў 1898 годзе ў Маскоўскай вобласці ў сям’і селяніна. У першы дзень вайны капітан Зубачоў узначаліў абарону крэпасці, быў камандзірам зводнай групы абаронцаў. Ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені пасмяротна. Яго імем названы вуліцы ў Брэсце і Мінску.

3-і вучань. Фамін Яфім Маісеевіч нарадзіўся ў мястэчку Колышкі Віцебскай вобласці ў 1909 годзе. Вайну сустрэў у Брэсцкай крэпасці і адразу ўзначаліў абарону Холмскіх варот, стаў намеснікам камандзіра зводнай трупы па абароне Брэсцкай крэпасці капітана Зубачова. Быў расстраляны фашыстамі каля Холмскіх варот. Фамін пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна. На месцы яго гібелі ўстаноўленая мемарыяльная дошка. Яго іменем названы вуліцы ў Брэсце, Мінску, у расійскіх гарадах.

4-ы вучань. Кіжаватаў Андрэй Мітрафанавіч нарадзіўся ў вёсцы Селікса Пензенскай вобласці. З першых хвілін вайны кіраваў абаронай Тэрэспальскіх варот крэпасці. Некалькі разоў быў паранены. Разам з Кіжаватавым у крэпасці знаходзілася яго сям’я – маці, жонка і трое дзяцей. 14-гадовая дачка Нюра таксама ўдзельнічала ў баях. Увосень 1942 года непадалёку ад вёскі Велікарыта Брэсцкай вобласці сям’я Кіжаватава была расстраляна гітлераўцамі. Кіжаватаву пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яго іменем названа адна з застаў Заходняй пагранічнай акругі, вуліцы ў Брэсце і Мінску.

5-ы вучань. Гаўрылаў Пётр Міхайлавіч нарадзіўся ў вёсцы Альвердзіна Татарскай АССР, добраахвотна ўступіў у Чырвоную гвардыю. У час вайны ў Брэсцкай крэпасці арганізаваў і ўзначаліў абарону Паўночных варот крэпасці. На трыццаць другі дзень вайны паранены маёр Гаўрылаў кінуў у ворагаў апошнія гранаты. Беспрытомны, ён быўзахоплены ў палон. Нямецкія афіцэры да таго былі ўражаны подзвігам Гаўрылава, што дэманстравалі яго сваім салдатам як прыклад мужнасці, стойкасці і адданасці сваей Радзіме. Да 1945 года Гаўрылаў знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах для ваеннапалонных, потым быў вызвалены савецкімі воінамі. У 1957 годзе яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Апошнія гады жыў і працаваў у горадзе Краснадары, часта прыязджаў у Брэст, наведваў Брэсцкую крэпасць. Памёр у 1979 годзе і быў пахаваны ў Брэсце. У гонар Гаўрылава ў Брэсце, Краснадары і іншых гарадах названы вуліцы, на радзіме ўстаноўлены помнік герою.

Настаўнік. Вядомы таксама і іншыя імёны герояў, якія абаранялі Брэсцкую крэпасць ад захопнікаў. Капітан Шаблоўскі, лейтэнанты Чорны, Жданаў, Мельнікаў і іншыя загінулі пры абароне крэпасці. У Мінску жылі і працавалі пасля заканчэння вайны Сабалеўскі і Пятліцкі, у Маскве – Раманаў і Кашкароў, у Краснадары – Гаўрылаў і Бяссонаў, у Брэсцкай вобласці – Каламіец і Макараў.

У Брэсцкай крэпасці ў час Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіліся таксама жонкі камандзіраў Шаблоўская, Семачкіна, Пачэрнікава, Новікава і іншыя. Яны са зброяй у руках дапамагалі байцам. Ваенфельчары Абакумава, Львова, Раеўская пад шквальным агнём выносілі з поля бою цяжкапараненых. У абароне крэпасці таксама ўдзельнічалі юнакі, выхаванцы палка Новікаў, Васільеў, Клыпа, Казьмін, Кацельнікаў.

З усяго свету прыязджаюць людзі ў Брэсцкую крэпасць, каб ушанаваць памяць герояў. Хвілінай маўчання аддаюць людзі даніну памяці загінуўшым. Давайце і мы ўшануем памяць абаронцаў Брэсцкай крэпасці. (Усе ўстаюць.)

Падвядзенне вынікаў урока.

Настаўнік. Сёння мы даведаліся пра мужнасць і гераізм, якія праявілі нашы суайчыннікі, каб шчасліва жылося нам, іх нашчадкам. Мы не павінны забываць тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля нашага спакою. Кожны дзень сваей вучобай і працай мы павінны множыць славу нашай Беларусі.

Заключная віктарына

1. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна? (22 чэрвеня 1941 года.)
2. Колькі часу вялася абарона Брэсцкай крэпасці? (Больш за месяц.)
3. Калі быў вызвалены горад Брэст і Брэсцкая крэпасць ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў? (28 ліпеня 1944 года.)
4. Колькі дзён ішла Вялікая Айчынная вайна? (1418 дзён.)
5. Калі скончылася Вялікая Айчынная вайна? (9 мая 1945 года.)
6. Калі быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”? (У верасні 1971 года.)
7. Якія скульптурныя кампазіцыі ў мемарыяле «Брэсцкая крэпасць-герой» вы ведаеце? Што яны ўвасабляюць?
8. Якіх герояў-абаронцаў Брэсцкай крэпасці вы ведаеце?

 

Аўтар І. І. Катоўская

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?