Нашы сябры

Я нарадзіўся на гэтай казачнай зямлі. Літаратурная гасцёўня


Гучыць песня «Жураўлі на Палессе ляцяць».

– Белая Русь…Гэтая назва гучыць для мяне ціхім шолахам лісця ў лесе, вясёлай гаворкай нашай невялічкай рачулкі Іпы, чыстай расой на прыгожых кветках, якія заўсёды радуюць вока, развітальным курлыканнем журавоў у восеньскім небе, вясёлым гоманам дзяцей у нашай невялічкай вясковай школе. Гэта ўсё яна, наша Белая, Белая Русь.

Авяр’ян Дзеружынскі. Радзілася я ў Беларусі

Радзілася я ў Беларусі, дзе ціхі, задумлівы бор.
Ляцяць сюды з выраю гусі да сініх, цудоўных азёр.
Стаяць векавыя дубровы, даносіцца ласкавы шум.
I сонца, і ветрык вясновы цяплом саграваюць душу…
Радзілася я ў Беларусі, дзе срэбрам крыніцы звіняць,
Сюды з крыкам радасным гусі з далёкага поўдня ляцяць.

— Вы, напэўна, ведаеце, што наша краіна на карце падобна на кляновы лісток.

В. Вітка. На карце вялікага свету

На карце вялікага свету яна — як зялёны лісток.
Сасмяглая песня лета, жывое вады глыток!
Адвечная калыханка, душы запаветны куток,
Трапеча гарачым ранкам на дрэве нястомны лісток,
А ў навальніцу б’ецца, нябачны паміж лісця,
Як роднае матчына сэрца, што мне даражэй жыцця.

– Як лісточак на дрэве кожную вясну з’яўляецца зноў і зноў, нягледзячы на маразы і завеі, так і рэспубліка наша, нягледзячы на перажытыя войны, Чарнобыль, адражаецца зноў і зноў.

Уважліва паглядзіце на карту Беларусі. Што нагадваюць вам абрысы зямлі нашай?

А вось М. Гамолка, беларускі пісьменнік, бачыць наш край такім: «Беларусь! Зямля нашых дзядоў і прадзедаў! Мы ганарымся табою, мы любім цябе бясконца. Хораша разляглася ты, наша зямля, на ўлонні старажытнай маці-планеты. I абрысы твае на дзіва сімвалічныя і высакародныя: яны нагадваюць на картах мужную добрую чалавечую далонь. Бяры ж у гэтую працавітую далонь свае багацці і здабыткі, вышэй іх падымай над светам, хай ведаюць людзі ўсіх кантынентаў: жыве Беларусь!» Назавіце найбольш характэрныя рысы нацыянальнага характару беларусаў. (Працавітасць, вынослівасць, шчодрасць, гасціннасць.)

Беларускі пісьменнік У. Караткевіч лічыць, што абрысы Беларусі на карце нагадваюць нашага магутнага цара Белавежскай пушчы – зубра.

Ніла Гілевіч. Я – беларус

Я – беларус, я нарадзіўся на гэтай казачнай зямлі,
Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх адвеку прашчуры жылі.
Я – беларус, я ганаруся, што маю гэтае імя:
Аб добрай славе Беларусі ў свеце знаюць нездарма.
Я – беларус, і я шчаслівы, што маці мову мне дала,
Што родных песень пералівы і зблізку чую, і здаля…

– Скажыце, калі ласка, а калі вы адчулі гонар за тое, што вы беларусы?

Сёння кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь можа ганарыцца дасягненнямі сваёй краіны ў эканоміцы: Беларусь лідзіруе ў СНД па вытворчасці тэлевізараў, халадзільнікаў, тканіны і абутку, займае першае месца па вытворчасці на душу насельніцтва цукру-пяску; мае высокія дасягненні ў спорце, навуцы, мастацтве. Можна кожнаму беларусу ганарыцца поспехамі спатсменаў на 19 чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы, трыумфам юных артыстаў на Еўрабачанні і інш. Важная з’ява ў жыцці краіны – адкрыццё Нацыянальнай бібліятэкі.

Ты адкуль бруішся, мова? 3 сініх нёманскіх крыніц?
Па зямлі збіраю словы, нібы россыпы суніц.
Мілая, адзіная, нам, нашчадкам, дадзена
Любаю радзімаю ад дзядоў і прадзедаў. (Уладзімір Мазго)

Я тым заўсёды ганаруся, што ў шчаслівую пару
Я нарадзіўся ў Беларусі I так, як маці, гавару. (С. Грахоўскі)

– Беларуская мова вельмі мілагучная, спеўная, прыгожая. Нездарма многія беларускія паэты прысвяцілі ёй свае вершы. (Вучні чытаюць вершы пра родную мову.)

1 вучань

Уладзімір Дубоўка. Родная мова

Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі, ты самацветаў яскравая нізка.
Кожная з іх барвы дзівосныя мае, вечным агнём зіхаціць – не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай, дзе б і якой не хадзіў я дарогай.
Чую ў табе перазвоны крыніцы, чую ў табе і раскат навальніцы,
Чую павевы зялёнага бору, водгулле працы ў родным прасторы.
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны, кожнае слова вякамі стварана,
І на вякі яно жыць застанецца, вечнае так, як народнае сэрца.

2 вучань

Максім Танк. Родная мова

3 легендаў і казак былых пакаленняў,
3 калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
3 сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
3 дрымучага ззяння бурлівых крыніц,
3 птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову,
Святыні народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзіўная родная мова.

3 вучань

Алесь Зарыцкі. Родная мова

Мова, пявучая родная мова, ты – уладарка нявызнаных скарбаў.
Столькі значэнняў, гучанняў і фарбаў мае ў сабе тваё кожнае слова.
Іншае слова напоўнена плёскам хвалі дняпроўскай.
Іншае слова такое, што рэха лясное ў яго глыбінях затоена.
Ёсць і як мёд залатое, густое, на травах яно духмяных настоена.
Ціха гучаць у мове маёй словы пяшчотныя, словы крынічныя, росныя.
Чуюцца ў ёй – і грымотныя, зычныя, водгулле бітваў у іх разлягаецца грознае.
Часам бывае – заззяе неспадзявана новаю зоркаю слова-абнова.
Колькі ў табе нявызначаных скарбаў схавана, мова мая, пявучая родная мова.

4 вучань

Сяргей Грахоўскі. Слова

Над намі словы ўладараць. Мы чуем і гаворым іх,
Яны то здружаць, то пасвараць сяброў і ворагаў маіх.
Бо словы розныя бываюць: адны – агню стрымаюць шквал,
Другія словы забіваюць усё жывое напавал.
Ад слова сэрца халадзее праходзіць сон і забыццё.
Ад слова рушацца надзеі, ад слова свеціцца жыццё.
Ад слова вырастаюць крылы, а ў сэрца стукае любоў,
Ад слова прыбываюць сілы, дык не шкадуйце шчырых слоў!

5 вучань

Якуб Колас. Слова

Слова – радасць, слова – чары, вобраз вечна юных вёсен,
Ёсць ты ўсюды: у сонцы, у хмары, ты глядзіш праз неба просінь.
Лашчыш слух мой, слова-ззянне, атуляеш сэрца ласкай,
Ноч і вечар, дзень, світанне абняло ты, слова-краска.

– Дзе б вы ні былі, шануйце сваю родную мову.

Гавары роднай мовай сваёй, прыгажэй за пялёсткаў вішнёвых,
Што крыштальнай сваёй чысцінёй выпраменьвае з ласкаю словы.
Гавары роднай мовай сваёй, што гадамі нішто не скрышыла.
Таму наканавана ёй на вякі – неўміручасць і сіла. (Авяр’ян Дзеружынскі)

– Мне вельмі прыемна, што былыя вучні нашай школы любяць, шануюць і ганарацца сваёй мовай. I нават, калі яны пражылі за межамі сваёй краіны больш дзесяці гадоў, пішуць лісты на беларускай мове. (Чытаю ліст былога вучня школы.)
 
Падрыхтаваў Краўчанка М. Б.

 

Падзяліцца з сябрамі

Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!

Іншыя карысныя матэрыялы

Пакінуць водгук

Што шукаеш?