Марфалагічны разбор прыметніка. Парадак і прыклады марфалагічнага разбору прыметніка.
Парадак марфалагічнага разбору прыметніка
У ВНУ
1. Часціна мовы.
2. Пачатковая форма (назоўны склон адзіночнага ліку мужчынскага роду).
3. Лексіка-граматычны разрад: якасны, адносны ці прыналежны.
4. Поуны ці кароткі.
5. Ступень параўнання якасных (калі ёсць: вышэйшая ці найвышэйшая — простая або складаная).
6. Форма ацэнкі і меры якасці (калі ёсць).
7. Марфалагічныя прыметы: лік, род (у адзіночным ліку), склон.
8. Да якога назоўніка дапасуецца.
9. Сінтаксічная функцыя.
У школе
1. Часціна мовы.
2. Пачатковая форма (назоўны склон адзіночнага ліку мужчынскага роду).
3. Разрад паводле значэння: якасны, адносны ці прыналежны.
4. Поўны ці кароткі.
5. Ступень параўнання якасных (калі ёсць: вышэйшая ці найвышэйшая).
6. Марфалагічныя прыметы: лік, род (у адзіночным ліку), склон.
7. Да якога назоўніка дапасуецца.
8. Сінтаксічная роля.
Узоры выканання марфалагічнага разбору прыметніка
Баброва галава паказалася двойчы і знікла.
У ВНУ
1. Баброва (галава) — прыметнік.
2. Пачатковая форма — бабровы.
3. Прыналежны.
4. Поўны.
5. —
6. —
7. Ужыты ў адзіночным ліку, жаночым родзе, назоўным склоне.
8. Дапасуецца да назоўніка галава.
9. Выконвае функцыю азначэння.
У школе
1. Баброва (галава) — прыметнік.
2. Пачатковая форма — бабровы.
3. Прыналежны.
4. Поўны.
5. —
6. Ужыты ў адзіночным ліку, жаночым родзе, назоўным склоне.
7. Дапасуецца да назоўніка галава.
8. З’яўляецца азначэннем.
У цяплейшых мясцінах, на сонцы, пасвістывалі шпакі.
У ВНУ
1. (У) цяплейшых (мясцінах) — прыметнік.
2. Пачатковая форма — цяплейшы.
3. Якасны.
4. Поўны.
5. Мае простую форму вышэйшай ступені параўнання.
6.—
7. Ужыты ў множным ліку, месным склоне.
8. Дапасуецца да назоўніка мясцінах.
9. Выконвае функцыю азначэння.
У школе
1. (У) цяплейшых (мясцінах) — прыметнік.
2. Пачатковая форма — цяплейшы.
3. Якасны.
4. Поўны.
5. Мае форму вышэйшай ступені параўнання.
6. Ужыты ў множным ліку, месным склоне.
7. Дапасуецца да назоўніка мясцінах.
8. З’яўляецца азначэннем.
З мора насустрач нам адна за другой коцяцца ўзнятыя ветрам зеленаватыя хвалі.
У ВНУ
1. Зеленаватыя (хвалі) — прыметнік.
2. Пачатковая форма — зеленаваты.
3. Якасны.
4. Поўны.
5.—
6. Мае форму са значэннем непаўнаты якасці.
7. Ужыты ў множным ліку, назоўным склоне.
8. Дапасуецца да назоўніка хвалі.
9. Выконвае функцыю дзейніка.
У школе
1. Зеленаватыя (хвалі) — прыметнік.
2. Пачатковая форма — зеленаваты.
3. Якасны.
4. Поўны.
5.—
6. Ужыты ў множным ліку, назоўным склоне.
7. Дапасуецца да назоўніка хвалі.
8. З’яўляецца дзейнікам.
Падзяліцца з сябрамі
Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!


