Прыклады сінтаксічнага разбору словазлучэння
Узоры выканання сінтаксічнага разбору словазлучэння
Сонца падымалася вышэй, рупліва аглядаючы зямлю.
У ВНУ
Сонца падымалася
Сонца падымалася — граматычная аснова (прэдыкатыўнае словазлучэнне). Сувязь паміж дзейнікам і выказнікам — поўнае дапасаванне, выказнік дапасуецца да дзейніка ў родзе і ліку.
Падымалася вышэй
1. Падымалася вышэй — словазлучэнне.
2. Простае.
3. Галоўнае слова — дзеяслоў падымалася, залежнае — прыслоўе вышэй.
4. Пачатковая форма — падымацца вышэй.
5. Словазлучэнне дзеяслоўнае з залежным словам прыслоўем.
6. Адносіны паміж словамі акалічнасныя: называюць дзеянне і ступень прыметы (якасць).
7. Сувязь паміж словамі — прымыканне, да галоўнага слова прымыкае прыслоўе.
8. Сродак граматычнай сувязі — сэнсавая залежнасць.
Аглядаючы зямлю
1. Аглядаючы зямлю — словазлучэнне.
2. Простае.
3. Галоўнае слова — дзеепрыслоўе аглядаючы, залежнае — назоўнік зямлю.
4. Пачатковая форма аглядаць зямлю.
5. Словазлучэнне дзеяслоўнае з залежным словам назоўнікам.
6. Адносіны паміж словамі словазлучэння аб’ектныя: называюць дадатковае дзеянне і прадмет, на які непасрэдна накіравана дзеянне.
7. Сувязь слоў у словазлучэнні — кіраванне, беспрыназоўнікавае, моцнае.
8. Сродак выражэння граматычнай сувязі — форма слова (канчатак -ю).
Рупліва аглядаючы
1. Рупліва аглядаючы — словазлучэнне.
2. Простае.
3. Галоўнае слова — дзеепрыслоўе аглядаючы, залежнае — прыслоўе рупліва.
4. Пачатковая форма рупліва аглядаць.
5. Словазлучэнне дзеяслоўнае з залежным словам прыслоўем.
6. Адносіны паміж словамі азначальна-акалічнасныя: называюць дадатковае дзеянне і яго прымету (якасць).
7. Сувязь слоў у словазлучэнні — прымыканне, да дзеепрыслоўя прымыкае прыслоўе.
8. Сродак выражэння граматычнай сувязі — сэнсавая залежнасць.
У школе
Сонца падымалася
Сонца падымалася — граматычная аснова (дзейнік і выказнік).
Падымалася вышэй
1. Падымалася вышэй — словазлучэнне.
2. Галоўнае слова — падымалася, залежнае — вышэй.
3. Галоўнае слова выражана дзеясловам, залежнае — прыслоўем. (Будова словазлучэння: ×дзеяслоў + прыслоўе.)
4. Граматычнае значэнне словазлучэння: абазначае дзеянне і яго прымету.
5. Спосаб сінтаксічнай сувязі — прымыканне.
Аглядаючы зямлю
1. Аглядаючы зямлю — словазлучэнне.
2. Галоўнае слова — аглядаючы, залежнае — зямлю.
3. Галоўнае слова выражана дзеепрыслоўем, залежнае — назоўнікам. (Будова словазлучэння: ×дзеепрыслоўе + назоўнік.)
4. Граматычнае значэнне словазлучэння: называе дадатковае дзеянне і прадмет, на які яно накіравана.
5. Сувязь слоў у словазлучэнні — кіраванне.
Рупліва аглядаючы
1. Рупліва аглядаючы — словазлучэнне.
2. Галоўнае слова — аглядаючы, залежнае — рупліва.
3. Галоўнае слова выражана дзеепрыслоўем, залежнае — прыслоўем. (Словазлучэнне мае будову: прыслоўе + дзеепрыслоўе×.)
4. Граматычнае значэнне словазлучэння: абазначае дадатковае дзеянне і яго прымету.
5. Спосаб сінтаксічнай сувязі слоў — прымыканне.
Падзяліцца з сябрамі
Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!


