Сінтаксічны разбор словазлучэння. Парадак і прыклады сінтаксічнага разбору словазлучэння.
Парадак сінтаксічнага разбору словазлучэння
У ВНУ
1. Выдзеліць словазлучэнне са сказа.
2. Простае ці складанае словазлучэнне.
3. Назваць галоўнае і залежнае словы.
4. Пачатковая форма словазлучэння.
5. Тып словазлучэння паводле выражэння галоўнага і залежнага слоў:
- іменнае — субстантыўнае з залежным словам назоўнікам, займеннікам, лічэбнікам, прыслоўем, дзеясловам;
- прыметнікавае з залежным словам назоўнікам, займеннікам, лічэбнікам;
- лічэбнікавае з залежным словам назоўнікам;
- займеннікавае з залежным словам назоўнікам;
- дзеяслоўнае з залежным словам назоўнікам, займеннікам, прыслоўем;
- прыслоўнае з залежным словам назоўнікам, прыслоўем, займеннікам.
6. Сінтаксічныя адносіны паміж кампанентамі словазлучэння: атрыбутыўныя, аб’ектныя, акалічнасныя (ці адвербіяльныя): прасторавыя (месца), часавыя, прычынныя, азначальна-акалічнасныя, колькасныя (меры і ступені) і інш.
7. Віды сінтаксічнай сувязі: дапасаванне (поўнае, няпоўнае), кіраванне (прыназоўнікавае, беспрыназоўнікавае, моцнае, слабае), прымыканне (якая часціна мовы прымыкае).
8. Сродкі выражэння граматычнай сувязі слоў: форма слова (канчатак), службовае слова (прыназоўнік, злучнік), парадак слоў, сэнсавая залежнасць.
У школе
1. Выдзеліць словазлучэнне са сказа.
2. Назваць галоўнае і залежнае словы.
3. Якімі часцінамі мовы выражаны галоўнае і залежнае словы.
4. Граматычнае значэнне словазлучэння.
5. Спосаб сінтаксічнай сувязі: дапасаванне, кіраванне, прымыканне.
Узоры выканання сінтаксічнага разбору словазлучэння
Мірна і ціха шасцелі лісцем старыя яблыні.
У ВНУ
Яблыні шасцелі
Яблыні шасцелі — граматычная аснова, прэдыкатыўнае словазлучэнне. Сувязь паміж дзейнікам і выказнікам — поўнае дапасаванне, выказнік дапасуецца да дзейніка ў ліку; сродак граматычнай сувязі — форма слова (канчатак -і).
Старыя яблыні
1. Старыя яблыні — словазлучэнне.
2. Простае.
3. Галоўнае слова — назоўнік яблыні, залежнае — прыметнік старыя.
4. Пачатковая форма — старая яблыня.
5. Словазлучэнне іменнае, субстантыўнае з залежным словам прыметнікам.
6. Адносіны паміж словамі атрыбутыўныя: называюць прадмет і яго прымету.
7. Сувязь слоў — дапасаванне, поўнае (залежнае слова дапасуецца да галоўнага ў ліку і склоне).
8. Сродак выражэння граматычнай сувязі — форма слова (канчатак -ыя).
Шасцелі лісцем
1. Шасцелі лісцем — словазлучэнне.
2. Простае.
3. Галоўнае слова — дзеяслоў шасцелі, залежнае — назоўнік лісцем.
4. Пачатковая форма — шасцець лісцем.
5. Словазлучэнне дзеяслоўнае з залежным словам назоўнікам.
6. Адносіны паміж словамі аб’ектныя: называюць дзеянне і прадмет, якім утвараецца дзеянне.
7. Сувязь слоў — кіраванне, беспрыназоўнікавае, моцнае.
8. Сродак выражэння граматычнай сувязі — форма слова (канчатак -ем).
Шасцелі [мірна і ціха]
1. Шасцелі [мірна і ціха] — словазлучэнне.
2. Простае.
3. Галоўнае слова — дзеяслоў шасцелі, залежнае — прыслоўі [мірна і ціха].
4. Пачатковая форма — шасцець [мірна і ціха].
5. Словазлучэнне дзеяслоўнае, у якасці залежнага члена — спалучальны рад прыслоўяў.
6. Адносіны паміж словамі азначальна-акалічнасныя: называюць дзеянне і яго прымету.
7. Сувязь слоў — прымыканне (да дзеяслова прымыкаюць прыслоўі [мірна, ціха]).
8. Сродак выражэння сувязі — сэнсавая залежнасць.
У школе
Яблыні шасцелі
Яблыні шасцелі — граматычная аснова (дзейнік і выказнік).
Старыя яблыні
1. Старыя яблыні — словазлучэнне.
2. Галоўнае слова — яблыні, залежнае — старыя.
3. Галоўнае слова выражана назоўнікам, залежнае — прыметнікам. (Словазлучэнне мае будову: прыметнік + назоўнік×.)
4. Граматычнае значэнне словазлучэння: абазначае прадмет і яго прымету.
5. Спосаб сінтаксічнай сувязі — дапасаванне.
Шасцелі лісцем
1. Шасцелі лісцем — словазлучэнне.
2. Галоўнае слова — шасцелі, залежнае — лісцем.
3. Галоўнае слова выражана дзеясловам, залежнае назоўнікам. (Словазлучэнне мае будову: ×дзеяслоў + назоўнік.)
4. Граматычнае значэнне словазлучэння: абазначае дзеянне і прадмет, якім утвараецца дзеянне.
5. Спосаб сінтаксічнай сувязі — кіраванне.
Шасцелі [мірна і ціха]
1. Шасцелі [мірна і ціха] — словазлучэнне.
2. Галоўнае слова — шасцелі, залежнае — прыслоўі [мірна і ціха].
3. Галоўнае слова выражана дзеясловам, залежнае — прыслоўямі. (Словазлучэнне мае будову: ×дзеяслоў + [прыслоўе і прыслоўе].)
4. Граматычнае значэнне словазлучэння: абазначае дзеянне і яго прымету.
5. Спосаб сінтаксічнай сувязі — прымыканне (залежнае слова звязваецца з галоўным толькі сэнсам).
Падзяліцца з сябрамі
Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!


