Словаўтваральны разбор. Парадак і прыклады словаўтваральнага разбору.
Парадак словаўтваральнага разбору слова
У ВНУ
1. Часціна мовы.
2. Вытворнае слова ці невытворнае.
3. Значэнне вытворнага слова.
4. Словаўтваральная база (аснова, поўнасцю слова ці спалучэнне слоў).
5. Словаўтваральны сродак (прыстаўка, суфікс і інш.).
6. Спосаб словаўтварэння (прыставачны, суфіксальны, прыставачна-суфіксальны, бязафіксны, марфолага-сінтаксічны, лексіка-сінтаксічны, лексіка-семантычны).
7. Графічная схема ўтварэння слова (абазначэнне словаўтваральнай сувязі вытворнага слова і слова з утваральнай асновай).
У школе
1. Часціна мовы.
2. Лексічнае значэнне слова.
3. Утваральная аснова.
4. Сродак (прыстаўка, суфікс), пры дапамозе якога ўтворана.
5. Спосаб словаўтварэння (прыставачны, суфіксальны, прыставачна-суфіксальны, бяссуфіксны, асноваскладанне, словаскладанне, пераход слоў з адной часціны мовы ў другую).
6. Графічная схема ўтварэння слова.
Узоры выканання словаўтваральнага разбору слова
Негарачае восеньскае сонца залівала пакой святлом.
У ВНУ
1. Негарачае — прыметнік.
2. Вытворны.
3. Лексічнае значэнне ‘цёплае’.
4. Утваральная база — прыметнік гарачы.
5. Словаўтваральны сродак прыстаўка не-.
6. Спосаб ўтварэння – прыставачны.
7. Графічная схема ўтварэння слова: гарачы → негарачы.
У школе
1. Негарачае — прыметнік.
2. Лексічнае значэнне ‘цёплае’.
3. Утвораны ад прыметніка гарачы.
4. Словаўтваральны сродак прыстаўка не-.
5. Спосаб ўтварэння – прыставачны.
6. Графічная схема ўтварэння слова: гарачы → негарачы.
Чарнела неба ад хмар, шумеў голым веццем узлесак, стыла шэрая далячынь.
У ВНУ
1. Узлесак — назоўнік.
2. Вытворны.
3. Лексічнае значэнне край лесу.
4. Утваральная аснова лес- (ад назоўніка лес).
5. Словаўтваральны сродак прыстаўка уз- і суфікс -ак.
6. Спосаб ўтварэння прыставачна-суфіксальны.
7. Графічная схема ўтварэння слова: лес → узлесак.
У школе
1. Узлесак — назоўнік.
2. Лексічнае значэнне ‘край лесу’.
3. Утваральная аснова лес.
4. Утвораны пры дапамозе прыстаўкі уз- і суфікса -ак.
5. Спосаб ўтварэння прыставачна-суфіксальны.
6. Графічная схема ўтварэння слова: лес → узлесак.
Падзяліцца з сябрамі
Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!


