Сінтаксічны разбор словазлучэння. Тэорыя і практыка.
Схема сінтаксічнай характарыстыкі словазлучэння
1. Выпішыце словазлучэнне ў той форме, у якой яно ўжыта ў сказе.
2. Пастаўце словазлучэнне ў пачатковай форме (калі галоўны кампанент – дзеяслоў, пачатковая форма – інфінітыў; назоўнік, лічэбнік, займеннік – назоўны склон; прыметнік, дзеепрыметнік – назоўны склон, мужчынскі род).
3. Вызначце, якое словазлучэнне па структуры: простае ці складанае. Калі словазлучэнне складанае, назавіце шлях яго ўтварэння (шляхам далучэння паясняльных слоў да залежнага кампанента, шляхам далучэння паясняльных слоў да галоўнага кампанента, шляхам спалучэння двух простых словазлучэнняў, якія выступаюць у якасці галоўнага і залежнага кампанентаў складанага словазлучэння). Вылучыце са структуры складанага словазлучэння ўсе магчымыя простыя і далей ужо характарызуйце кожнае простае словазлучэнне паасобку.
4. Вызначце, якое словазлучэнне паводле галоўнага кампанента – дзеяслоўнае (у якасці галоўнага кампанента выступае інфінітыў або дзеепрыметнік ці дзеепрыслоўе), іменнае (назоўнікавае, займеннікавае, лічэбнікавае), прыслоўнае (у ролі галоўнага кампанента выступае прыслоўе). Над галоўным кампанентам пастаўце зорачку (*) і ад яе правядзіце стрэлку (→) да залежнага кампанента.
5. Вызначце, якое словазлучэнне па звязнасці кампанентаў: свабоднае ці несвабоднае, калі несвабоднае – пазначце: сінтаксічна непадзельнае ці фразеалагічнае.
6. Вызначце семантычна-сінтаксічныя адносіны паміж кампанентамі словазлучэння: аб’ектныя, атрыбутыўныя, акалічнасныя (канкрэтызуйце: акалічнасныя часу, месца, прычыны, мэты, уступкі, спосабу дзеяння, меры і ступені, умовы), суб’ектныя, камплетыўныя, сінкрэтычныя.
7. Вызначце від сувязі паміж кампанентамі: дапасаванне (поўнае, няпоўнае), кіраванне (моцнае / слабае; прыназоўнікавае / беспрыназоўнікавае; прыдзеяслоўнае / прыіменнае / прыадвербіяльнае), прымыканне.
8. Назавіце сродкі афармлення сувязі: формы асноўнага слова, прыназоўнік, па сэнсе і інш.
Узор выканання сінтаксічнага разбора словазлучэння.
Бярозка падрасла, выцягнулася, пастрайнела, густа раскінула вецце.
Густа раскінула – словазлучэнне, пачатковая форма – раскінуць густа, па структуры простае, паводле галоўнага кампанента дзеяслоўнае, па звязнасці кампанентаў свабоднае, паміж кампанентамі выражаюцца акалічнасныя адносіны спосабу дзеяння, сувязь паміж кампанентамі – прымыканне, сродкі афармлення сувязі кампанентаў – нулявая форма сувязі, сэнс.
Раскінула вецце – словазлучэнне, пачатковая форма – раскінуць вецце, па структуры простае, паводле галоўнага кампанента дзеяслоўнае, па звязнасці кампанентаў свабоднае, паміж кампанентамі выражаюцца аб’ектныя адносіны, сувязь паміж кампанентамі – кіраванне моцнае, беспрыназоўнікавае, сродкі афармлення сувязі паміж кампанентамі – форма слова, сэнс.
Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада.
Тысячамі дарог – словазлучэнне, пачатковая форма – тысячы дарог, па структуры простае, паводле галоўнага кампанента іменнае (лічэбнікавае), па звязнасці кампанентаў несвабоднае (сінтаксічна непадзельнае), паміж кампанентамі выражаюцца камплетыўныя адносіны, сувязь паміж кампанентамі – кіраванне моцнае, беспрыназоўнікавае, сродкі афармлення сувязі кампанентаў – форма слова, сэнс.
Снегавая вада – словазлучэнне, пачатковая форма – снегавая вада, па структуры простае, паводле галоўнага кампанента іменнае (назоўнікавае), па звязнасці кампанентаў свабоднае, паміж кампанентамі выражаюцца азначальныя адносіны, від сувязі паміж кампанентамі – дапасаванне (поўнае), сродкі афармлення сувязі кампанентаў – канчаткі.
Падзяліцца з сябрамі
Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!