Дыктанты. 3 клас. Галосныя гукі.
Галосныя гукі пасля цвёрдых зычных. Іх абазначэнне на пісьме.
Надвячорак
Сонца з вершалінкі маладзенькай бярозкі моўчкі дало нырца ў рэчку.
Месячык аж збялеў ад хвалявання: утопіцца! Вецер у злосці затрос бярозку: чаму не затрымала сонейка? Неба на захадзе нібы ад сораму пачырванела. Пачынала вечарэць. (35)
Паводле А. Бадака
Хто пасадзіў дубкі?
За рэчкай раслі адны елкі. Але потым сярод іх з’явіліся дубкі. Яшчэ зусім маленькія. Усяго толькі тры лісцікі тырчаць з зямлі. Дубы адсюль растуць далёка. Хто пасадзіў іх тут? Сойка на зіму схавае жолуд. А вясной жолуд прарасце. (42)
Паводле Г.Снегірова
Завіруха
Бялявая зімовая хмара звісла над зямлёю. Завіруха бушавала ўсю ноч і ўвесь дзень. Здавалася, не будзе канца яе лютай сіле, яе злоснаму завыванню. На вуліцы мітусіўся снег. Яго белая заслона закрывала будынкі і дрэвы. Навокал усё гуло, трэслася, выла, скуголіла.
Пад вечар завея сціхла. (55)
Паводле Я. Коласа
На рэчцы зімой
Узімку рака мае незвычайны выгляд. Яе наглуха замятае снегам. Цэлыя гурбы ляжаць на кустах, звешваюцца з берагавых абрываў. Усюды снег. Неба белае.
Але ў гэтым белым свеце ёсць цікавае жыццё. Сюды прыходзіць звер. Скачуць зайцы. Крадуцца лісіцы. Часам трапляе ў рэчышча і разважлівы воўк. (47)
Паводле Э. Самуйлёнка
Галосныя гукі пасля мяккіх зычных. Іх абазначэнне на пісьме.
На лузе
Цёплы летні дзень. Сонца пячэ, а гарачыні няма. Лішак яе паглынаюць рака, зараснікі, густыя паплавы, непралазны алешнік, усялякая зеляніна.
Аж заліваюцца спевам птушкі. Гудуць мясістыя чмялі. Адны конікі могуць заглушыць! Толькі людзей не відаць і не чуваць іх гоману. (39)
Паводле Я. Маўра
На беразе возера
На беразе возера раскінуўся сасновы лес. Унізе сцелецца верас. Над верасам гамоняць сосны. Яны расказваюць чароўныя казкі.
Возера маўчыць. На пясок павольна набягаюць хвалі. Чайкі лётаюць над люстранай вадой. (32)
Паводле Я. Брыля
Бацькоўскія клопаты
Бацька i маці выбіваліся з сілы. А дзеці ўсё разяўлялі i разяўлялі свае ружовыя ненаядныя раты. Першы змогся бацька. Але, седзячы каля дзяцей, заўважыў, што яны ўжо не так прагна кідаюцца да маці. I калі тая падлятала, забываліся нават разявіць рот. Сонца, якое паднялося над хатай, прыгрэла ластавянят. Яны пачалі весела штурхацца. Раптам лёгка рвануліся ў паветра. (60)
Паводле В. Bimкі
Падзяліцца з сябрамі
Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!