Сінтаксічны разбор сказа. Складаны сказ. Тэорыя і практыка.
Схема сінтаксічнай характарыстыкі складанага сказа
1. Вызначце колькасць прэдыкатыўных частак (падкрэсліце галоўныя члены), абазначце іх парадкавымі лічбамі ў запісаным сказе (адпаведна парадку іх размяшчэння).
2. Назавіце сродкі сувязі частак: злучнікі, злучальныя словы, інтанацыя.
Вызначце тып складанага сказа: злучнікавы (складана-злучаны, складаназалежны, складаназалежны з некалькімі даданымі часткамі); бяззлучнікавы; сказ з рознымі відамі сувязі.
3.
- У складаназлучаным і бяззлучнікавым сказах назавіце тыпы сэнсавых адносінаў паміж прэдыкатыўнымі часткамі.
- У складаназалежным – тып даданай часткі, вызначце сінтаксічную ролю злучальнага слова ў даданай частцы.
- У складаназалежным з некалькімі даданымі часткамі назавіце тып падпарадкавання даданых частак.
- У складаным сказе з рознымі відамі сувязі (дзе магчыма) вылучыце асноўную сувязь.
4. Намалюйце схему сказа.
5. Растлумачце знакі прыпынку паміж прэдыкатыўнымі часткамі складанага сказа.
6. Кожную прэдыкатыўную частку ахарактарызуйце далей па схеме сінтаксічнай характарыстыкі простага сказа.
Узоры выканання сінтаксічнага разбора складанага сказа
Пасажыры не зводзілі вачэй з дзяўчыны, а яна з рамонкавым у правай руцэ букетам адлятала ад дарогі, ні разу не азірнуўшыся.
1. Сказ складаецца з дзвюх прэдыкатыўных частак (называем іх (1. пасажыры не зводзілі вачэй, 2. яна адлятала) і нумаруем).
2. Другая прэдыкатыўная частка звязваецца з першай пры дапамозе супастаўляльнага злучніка «а»; тып сказа – злучнікавы, складаназлучаны.
3. Паміж часткамі выражаюцца супастаўляльныя адносіны.
4. Схема сказа: [ ], а [ ].
5. Паміж прэдыкатыўнымі часткамі перад супастаўляльным злучнікам «а» пры інтанацыі звычайнага супастаўлення ставіцца коска.
Адмакрэлі і пацямнелі лагчыны, першыя праталіны зачарнеліся на палях, прыбярэжныя лазнякі страцілі сваю зімовую празрыстасць і, здаецца, адразу пагусцелі.
1. Сказ складаецца з трох прэдыкатыўных частак (называем іх (1. адмакрэлі, пацямнелі лагчыны, 2. праталіны зачарнеліся, 3. лазнякі страцілі празрыстасць, пагусцелі) і нумаруем).
2. Часткі звязаны паміж сабой бяззлучнікавай сувяззю з дапамогай інтанацыі пералічэння; тып сказа – бяззлучнікавы.
3. Паміж часткамі выражаюцца пералічальныя адносіны са значэннем адначасовасці.
4. Схема сказа: [ ], [ ], [ ].
5. Паміж прэдыкатыўнымі часткамі пры інтанацыі пералічэння ў бяззлучнікавым сказе ставіцца коска.
***
Глядзі працяг выканання сінтаксічнага разбора складанага сказа на другой старонцы.
***
Старонка: 1 2
Падзяліцца з сябрамі
Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!


