Сінтаксічны разбор сказа. Просты сказ. Тэорыя і практыка.
Схема сінтаксічнай характарыстыкі простага сказа
1. Знайдзіце граматычную аснову сказа (прэдыкатыўнае ядро) і ўстанавіце, што ён просты.
2. Вызначце тып сказа па адносінах зместу да рэчаіснасці (сцвярджальны ці адмоўны). Пазначце фармальныя паказчыкі адмоўных сказаў.
3. Вызначце тып сказа па мэце выказвання: апавядальны, пытальны (уласна-пытальны, пытальна-рытарычны, пытальна-пабуджальны), пабуджальны (уласна-пабуджальны, пажадальны).
4. Вызначце тып сказа па эмацыянальнай афарбоўцы (клічны, няклічны).
5. Ахарактарызуйце сказ па яго структурных асаблівасцях:
а) двухсастаўны, аднасастаўны (пэўна-асабовы, няпэўна-асабовы, абагульнена-асабовы, безасабовы, інфінітыўны, намінатыўны, вакатыўны, генітыўны), бессастаўны;
б) развіты ці неразвіты;
в) поўны ці няпоўны;
г) няўскладнены ці ўскладнены (аднароднымі членамі сказа, адасобленымі членамі сказа, параўнальнымі зваротамі, устаўнымі ці пабочнымі канструкцыямі, звароткам).
6. Графічна разбярыце сказ па членах сказа і пісьмова пазначце іх марфалагічны спосаб выражэння.
7. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў канцы сказа і ўнутры яго (калі яны ёсць).
Узор выканання сінтаксічнага разбора простага сказа
Арлы, ледзь прыўзняўшы галовы, глядзелі ў глыбокае сіняе неба.
1. Арлы – дзейнік, глядзелі – выказнік. Сказ просты.
2. Па адносінах зместу да рэчаіснасці – сцвярджальны.
3. Па мэце выказвання – апавядальны.
4. Па эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўцы – няклічны.
5. Па структуры – двухсастаўны, развіты, поўны, ускладнены адасобленай акалічнасцю “ледзь прыўзняўшы галовы”.
6. Арлы – дзейнік, выражаны назоўнікам у назоўным склоне; глядзелі – просты дзеяслоўны выказнік, выражаны дзеясловам у форме прошлага часу абвеснага ладу, які каардынуецца з дзейнікам у множным ліку. Састаў дзейніка – адсутнічае, састаў выказніка – ледзь прыўзняўшы галовы, глыбокае сіняе неба. Ледзь прыўзняўшы галовы – акалічнасць спосабу дзеяння, адказвае на пытанне “якім чынам?” (глядзелі), выражана дзеепрыслоўным зваротам; у неба – акалічнасць месца, адказвае на пытанне
“куды?” (глядзелі), выражана назоўнікам з прыназоўнікам; глыбокае сіняе – неаднародныя азначэнні, дапасаваныя да назоўніка “неба”, адказваюць на пытанне “якое?” (неба), выражаюцца прыметнікамі, дапасуюцца ў ніякім родзе, адзіночным ліку, вінавальным склоне.
7. У канцы сказа ставіцца кропка, бо сказу ўласціва апавядальная інтанацыя. Адасобленая акалічнасць “ледзь прыўзняўшы галовы”, выражаная дзеепрыслоўным зваротам, стаіць у сярэдзіне сказа, таму з абодвух бакоў выдзяляецца коскамі; паміж азначэннямі “глыбокае сіняе” коска не ставіцца, бо яны характарызуюць прадмет (неба) з розных бакоў і з’яўляюцца неаднароднымі.
Падзяліцца з сябрамі
Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!