План-канспект. Беларускае літаратурнае чытанне. 2 клас. Восеньскія святы. А. Дзеружынскі “Верасень”.
Тэма: Восеньскія святы. А. Дзеружынскі “Верасень”.
Мэта: Пазнаёміць дзяцей з восеньскімі святамі, вершам А. Дзеружынскага “Верасень”. Развіваць мову вучняў, мысленне, узбагачаць слоўнікавы запас вучняў. Выхоўваць актыўнасць на уроку, уважлівасць, павагу да роднай мовы, літаратуры, беларускай народнасці.
Абсталяванне: Падручнік.
Ход уроку:
1. Арганізацыйны момант.
2. Праверка дамашняга задання.
Вуснае маляванне карцін восені да твора Ул. Ягодзіка “Восень на парозе”.
3. Паведамленне новай тэмы.
— Сёння мне з вамі хацелася б пагутарыць аб жыцці беларускага народа і пра хараство роднай прыроды, а таксама пазнаёмімся з цудоўным вершам. А зараз уважліва паглядзіце на дошку . Вось тут запісаны назвы гадавых свят. Нам трэба адшукаць сярод іх восеньскія.
Новы год Масленіца Дзяды Жніво
Каляды Вялікдзень Багач Пакровы
Грамніцы Гуканне вясны Вячоркі Купалле
— Зараз мы больш падрабязна пагаворым пра восеньскія святы, а пра астатнія вы зможаце даведацца з дадатковай літаратуры.
Жніво — гэтае свята з’яўляецца самым працяглым комплексам рытуалаў. Пачынала святкавацца ад 12 ліпеня да 27 верасня. Жніўныя абрады складалі аснову самай цяжкай працоўнай дзеі.
Багач — старажытнае свята заканчэння ўборкі зерневых. Адзначалася ў дні, якія стаяць блізка да асенняга раўнадзенства. Багачом або багатцам называлі кошык з жытам і свечкаю. Яго на свята насілі ў кожную хату і адрыну. Багач забяспечваў сям’і дабрабыт і шчасце.
Пакровы адзначаліся ад 14 кастрычніка да 27 кастрычніка. На гэтае свята размяркоўваліся дні паміж дзяўчатамі, а 27 кастрычніка па надвор’ю меркавалі аб характары будучай жонкі, і называлі гэты час Дзівочым летам. На гэтае свята ў прыродзе адбываўся пераломны момант ад лета да зімы. «Прыйшла Пакрова і пытае, ці да зімы гатова.» Пачынаючы з гэтага свята, моладзь пачынала збірацца на вячоркі, а хатнія справы спраўляліся з песнямі.
Вячоркі — дзяўчаты наймаюць сабе хату на ўсю восень і зіму, да вясны, у якой — небудзь удавы або наогул у беднай сям’і і плацяць у складчыну: льном па вазе, мераю канаплянага семя або круп, а таксама бульбаю. «Вячэраць» прыносяць усё сваё, асвятленне таксама.
— Вы ведаеце, што наш народ вельмі любіць святы і аздабляе іх песнямі, карагодамі, прымаўкамі, прыказкамі. Некаторыя прыказкі і прымаўкі вы зараз знойдзіце ў падручніку, стар. 45 – 46. Прачытайце, растлумачце, як вы іх разумееце. Чаму так гавораць? Які восенню збіраюць ураджай? Ці дапамагалі вы сваім бацькам збіраць ураджай? Ці лёгкая гэта праца?
4. Знаёмства з новым творам.
— Большасць народных святаў прысвечана прыродзе: сонцу, ветру і вадзе. Мастакі малююць карціны прыроды, кампазітары складаюць музыку аб парыродзе, а пісьменнікі пішуць апавяданні, вершы. З адным з такіх вершаў мы пазнаёмімся на ўроку — з вершам Авяр’яна Дзеружынскага “Верасень”.
Чытанне верша настаўнікам.
— Назвы якіх дрэў сустрэліся ў вершы? Устаньце тыя дзеці, у каго ёсць лісты з гэтых дрэў.
Слоўнікавая работа, разбор незразумелых слоў.
Самастойнае чытанне верша: жужачае чытанне, чытанне ў парах.
— Якое пачуццё выклікае ў паэта верасень? А якое пачуццё выклікаў гэты верш у вас?
Выбарачнае чытанне.
— Прачытайце пра дуб. Знайдзіце і прачытайце пра рабінку. А як жа клён выглядае ў верасні, прачытайце.
Работа над выразным чытаннем.
1 варыянт- расставіць паўзы.
2 варыянт- падкрэсліць інтанацыйна-галоўныя словы.
Выразнае чытанне верша вучнямі.
— Якія малюнкі вы намалявалі бы да гэтага верша?
5. Вынікі ўроку.
— Аб чым гаварылі на ўроку? Што новага даведаліся? Спакон вякоў беларус шчыра працуе, бо шмат трэба ўкласці працы ў зямлю, каб дала яна кавалак хлеба. Я лічу, што вы таксама вырасціце працалюбівымі, будзеце паважаць традыцыі і звычаі беларускага народа. Ацаніце сваю работу на гэтым уроку.
6. Дамашняе заданне.
Падрыхтаваць выразнае чытанне верша.
Падзяліцца з сябрамі
Паважаныя сябры! Калі вам падабаецца наш рэсурс і вы знайшлі яго карысным, прапануйце Добрага настаўніка сваім сябрам і знаёмым з дапамогай кнопак сацыяльных сетак. А таксама не саромцеся пакідаць свае водгукі, пажаданні і прапановы. Дзякуй!